Партыя БНФ » Даклад лідэра БНФ Рыгора Кастусёва да стагодзьдзя БНР у Акадэміі Навук
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Даклад лідэра БНФ Рыгора Кастусёва да стагодзьдзя БНР у Акадэміі Навук

Дададзена 02.04.2018 1:39:43 | 503 праглядаў

Тэкст дакладу старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва ў Акадэміі Навук Беларусі на Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Беларуская Народная Рэспубліка ў гісторыі беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці”.

Канферэнцыя адбылася ў Менску 13 сакавіка 2018 году і была прымеркаваная на стагоддзя абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Арганізатарам канферэнцыі выступіў Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь.

Прапануем вашай увазе тэкст прамовы старшыні Партыі БНФ Рыгора Касусёва, з якой ён выступіў у межах канфэрэнцыі. Неўзабаве даклад павінны выйсьці друкам у зборніку, які рыхтуецца Акадэміяй па выніках канфэрэнцыі.

канфэрэнцыя Акадэміі навук 15.03Геапалітычнае становішча Беларусі ў 1914-1921 гг.: ацэнка перадумоваў для беларускай дзяржаўнай незалежнасці

У гэтыя дні ў Рэспубліцы Беларусь адзначаецца стогадовы юбілей важнай гістарычнай падзеі – абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Зусім нядаўна, 9 сакавіка, мы адзначалі 100-годдзе  абвяшчэння Другой Устаўной граматы БНР, а неўзабаве, 25 сакавіка, нас чакае слаўны юбілей: сто гадоў таму, 25 сакавіка 1918 года, у Трэцяй Устаўной грамаце БНР беларускі народ упершыню заявіў пра намер стварыць самастойную суверэнную дзяржаву.

Гэтая юбілейная дата ёсць добрай нагодай не толькі для таго каб яе адзначыць патрыятычнымі мерапрыемствамі і мітынгамі. Яна ёсць таксама і добрай нагодай для таго, каб задумацца пра прыроду фармавання беларускай дзяржаўнасці, пра чыннікі, якія спрыялі альбо перашкаджалі ўстойлівасці асобных формаў увасаблення беларускай дзяржаўнасці ў мінулым альбо робяць гэта цяпер.

Тэмы дакладаў, якія заяўленыя на нашай канферэнцыі, і ў тым ліку на нашай секцыі, дазваляюць разлічваць, што сёняшняя дыскусія зробіць важкі ўнёсак у гэтую справу.

Паказальна, што мерапыремствы з нагоды стагоддзя беларускай дзяржаўнасці ахапілі літаральна ўсю краіну, а таксама святкуюцца ў замежжы ў шматлікіх кутках свету – ад Аўстраліі ды Новай Зеландыі да Ісландыі, Канады ды Ізраілю. Адзначэнне 100-годдзя абвяшчэння БНР атрымала сапраўды глабальны маштаб. Асабліва мушу падкрэсліць, што шматлікія юбілейныя мерапрыемствы, лік якіх ужо пайшоў на сотні, ладзяцца як грамадзянскай супольнасцю, так і дзяржавай у асобе мясцовых органаў улады, дзяржаўных установаў культуры, музэяў і бібліятэкаў. Але ў шэрагу юбілейных мерапрыемстваў сённяшняя канферэнцыя вылучаецца і, безумоўна, дадае грунтоўнасці і навуковага характару ў тыя спрэчкі, якія гучаць на палітычных мітынгах і тэлевізійных ток-шоў.

Я ўсцешаны, што на гэтай прадстаўнічай навуковай канфэрэнцыі побач з голасам даследчыкаў-гісторыкаў мне прадастаўленая магчымасць выказаць думку палітыкаў з нагоды 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі. Не прэтэндуючы на тое, каб выкласці тут новыя факты альбо здзівіць паважаную акадэмічную супольнасць новымі архіўнымі знаходкамі, я дазволю сабе засяродзіцца над палітычнай ацэнкай падзеяў стогадовай даўніны і выказаць нашае палітычнае стаўленне да гэтых падзеяў.

Я прадстаўляю тут Грамадскае аб’яднанне БНФ “Адраджэньне”, і мушу адзначыць, што для нашага грамадска-палітычнага руху пытанне ўтварэння БНР ёсць важным з пункту гледжання ідэалогіі. Як партыя дзяржаўніцкая і патрыятычная, мы ставім каштоўнасць беларускай дзяржаўнасці на найвышэйшую пазыцыю. Захаванне і ўмацаванне беларускай дзяржавы для нас – найгалоўнейшы імператыў для грамадска-палітычнай дзейнасці.

Паводле нашай праграмы, мы бачым еўрапейскую пэрспэктыву Беларусі ў зберажэнні нацыянальнае адметнасці. БНФ «Адраджэньне» грунтуе сваю дзейнасць на падмурку здабыткаў нашых вялікіх продкаў, якія змагаліся за свабоду, дзяржаўнасць, адраджэнне Беларусі: полацкіх князёў і Вітаўта Вялікага, Францішка Скарыны й Льва Сапегі, Тадэвуша Касцюшкі й Кастуся Каліноўскага, айцоў-заснавальнікаў Беларускае Народнае Рэспублікі. Беларуcь мае шматвекавую гісторыю развіцця дзяржаўнасці ў межах Полацкага і Тураўскага княстваў, Вялікага Княства Літоўскага, БНР. Усе пералічаныя дзяржавы зяўляліся часткай еўрапейскай цывілізацыйнай прасторы. Беларусь – краіна-заснавальніца ААН. Ад 1991 году, хутка ўжо трыццаць гадоў,  Беларусь зноў існуе як сувэрэнная дзяржава, як паўнапраўны суб’ект міжнароднага права. Незалежнасць як свабода й адказнасць нацыі ўсведамляецца як каштоўнасць бальшынёй грамадзянаў Беларусі.

У святле гэтага падыхода лагічнай з’яўляецца цікавасць нашай арганізацыі да тэмы сёняшняй канферэнцыі, і ў тым ліку нашая зацікаўленасць у аналізе тых фактараў, якія спрыялі альбо перашкаджалі абвяшчэнню Беларускай Народнай Рэспублікі, якія спрыялі альбо перашкаджалі яе ўстойлівасці, якія прадвызначылі яе гістарычны лёс, калі БНР саступіла ўладу над тэрыторыяй нашага краю іншым геапалітычным гульцам і на яе месцы паўсталі іншыя дзяржаўныя формы.

Стральцоў і КастусёўЗ пункту гледжання цяперашніх палітычных дзеячоў, гісторыя паўстання БНР і гісторыя яе замяшчэння на БССР дае шмат нагодаў для паралеляў з цяперашнямі палітычнымі працэсамі, у тым ліку – з працэсамі геапалітычнымі. І хоць свет непазнавальна змяніўся – галоўны ўрок, які мы мусім вынесці для сучаснасці з гісторыі БНР, застаецца актуальным.

Я сфармулюю яго наступным чынам: геапалітычныя альбо іншыя знешнія фактары могуць спрыяць альбо перашкаджаць нацыянальнаму самавызначэнню, але калі яны складуцца спрыяльным чынам, то здольнасць скарыстаць гэты шанец і стварыць самастойную незалежную дзяржаву залежыць ад структурных, сацыяльных, інстытуцыйных кампанентаў, якія назапашаныя нацыяй.

З нашага пункту гледжання абвяшчэнне БНР было важнай, каштоўнай і гістарычна незабыўнай заявай беларусаў пра  намер скарыстацца тым шанцам, які дала ім гісторыя ў час 1914-1921 гадоў.

Але скарыстацца гэтым шанцам у той форме, якую бачылі айцы-заснавальнікі БНР было немагчыма з прычыны адсутнасці ўнутраных структурных, сацыяльных ды інстытуцыйных перадумоваў для фармавання нацыянальнай дзяржавы. Кажучы спартовай тэрміналогіяй з лексікону цяжкой атлетыкі: абвесціўшы БНР, беларусы заявілі вагу і выйшлі на памост, але з першага разу ўзняць штангу з заяўленай вагой не атрымалася прад недастктовую падрыхтоўку на трэніроўках.

Слабая на той момант нацыянальная самасвядомасць, слабая індывідуалізацыя нацыянальнай мовы, адсутнасць нацыянальнай царкоўнай гіерархіі альбо нацыянальнай канфэсіі, адсутнасць пачуцця нацыянальнай адасобленасці народых масаў, адсутнасць ўласнай арыстакратычнай адасобленасці, зрэшты, несфармаванасць ані класу буржуазіі, ані класу рабочых ва ўмовах толькі пачатковай індустрыялізацыі і ўрбанізацыі – гэтыя тыя фактары, якія мы мусім прызнаць як рэальныя перашкоды поспеху дзяржаўнага будаўніцва БНР.

Дадатковым мінусам для поспеху беларускага нацыянальнага руху была адсутнасць беларускай дапамогі звонку, як кажуць – “адсутнасць беларускага П’емонту”. “Незалежнасць ці аўтаномія? Аўтаномія ці самакіраванне? Ці варта даць магчымасць беларусам ствараць уласны ўрад, альбо дасылаць кіраўнікоў звонку, з тых сталіцаў, якія прэтэндавалі нас статус метраполіяў?” – адказы на гэтыя пытанні давалі ў Расеі і ў Польшчы зыходзячы са сваіх інтарэсаў, і без уліку інатрэсаў самога насельніцва краю. Дакладней – інтарэсы насельніцтва мясцовага разглядаліся як рэсурс для здабыцця кантролю над тэрыторыяй, дадатковы  рэсурс поруч з вайсковым альбо дыпламатычным.

Фармаваньне любой нацыі – працэс шматфарктарны і складаны. Заўжды ёсць чыннікі, якія спрыяюць нацыянальнай самаідэнтыфікацыі: напрыклад, геаграфічная аддаленасць Амерыкі рабіла непазбежнай усведамленне амерыканцамі сабе як асобнай нацыі пры ўсёй яе этнічнай разнастайнасці (“плавільны кацёл”), рэлігійныя адрозненні спарадзілі фармаванне асобных нацыяў ў паўднёвых славянаў (мусульмане-баснійцы, католікі-харваты, праваслаўныя сербы). Часам моўная прыкмета робіцца такім чыннікам размежавання. Але трэба разумець, што ніводны з гэтых чыннікаў ніколі не грае адзіна-вызначальнай ролі сам па сабе – заўжды мае месца ўзамеадзеянне і суплёт розных, часам узамнасупярэчлівых фактараў.

Так і беларускі шлях да сваёй нацыянальнай дзяржаўнасці быў перакручасты і супярэчлівы. Шматгадовае існаванне ў межах Расейскай імперыі, калі існаванне асобнай беларускай нацыі не прызнавалася і беларусы лічыліся ўсяго толькі галінкай у межах трыадзінага расейскага народа – безумоўна, не спрыяла беларускай нацыянальнай самаідэнтыфікацыі і, адпаведна, было немагчымае афармленне беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці. Некаторыя з гэтых негатыўных фактараў адыгрываюць сваю ролю і зараз, ствараючы перашкоды умацававньню і ўстойлівасці беларускай дзяржавы.  Але часам, нягледзячы на ўсе структурныя фактары (такія як этнічнае паходжанне, мова, рэлігія), нейкая значная падзея, альбо дзейнасць нейкага харызматычнага лідэра робіць паўстанне новай нацыянальнай дзяржавы непазбежнай з’явай.

Відавочна, што штуршком для афармлення беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці ў XX стагоддзі стаў распад імперыялістычнай сістэмы, справакаваны першай сусветнай вайной. Менавіта пасля першай сусветнай рухнулі чатыры імперскія ўтварэнні – кайзераўская імперыя, аўстра-венгерская імперыя, расейская імперыя ды імперыя Асманаў.

Менавіта па выніках першай сусветнай вайны ў міжнародным праве з’явіўся такі прынцып: “Права нацый на самавызначэнне”. І гэта была не нейкая прыхаць дыпламатаў – з’яўленне гэтага прынцыпу было выклікана самім жыццём. Людзі зразумелі, што ад пастаянных паўстанняў паняволеных імперыямі народаў можна пазбавіцца толькі тады, калі кожная нацыя зможа мець права на пабудову ўласнага жыцьця па ўлансым гусце ў сваім дзяржаўным доме. Калі напачатку дваццатага стагоддзя ў свеце было тры дзесяткі незалежных дзяржаваў – то зараз іх больш за дзвесце.

Менавіта гэты гістарычны фактар, вызваленне паняволеных былымі імперыямі народаў у адпаведнасці з правам нацый на самавызначэнне і абумовіў з’яўленне спачатку ідэі беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці, а потым і практычных спробаў яе ўвасаблення ў жыцьцё. Як бы там не было, волю нацыі, якая абудзілася – спыніць практычна немагчыма, уся гісторыя дваццацтага стагоддзя гэта паказвае.

Я згодны з пазіцыяй польскай даследчыцы праф. Дароты Міхалюк, прозвішча якой пазначанае сярод удзельнікаў сёняшняй канферэнцыі,  якая адзначае, што з пункту гледжання нацыянальных інтарэсаў беларусаў Першая сусветная вайна выбухнула занадта рана. Аналізуючы, сярод іншага, вынікі галасавання ў беларускіх губерніях на выбарах дэпутатаў расейскай Дзяржаўнай Думы, праф. Дарота Міхалюк канстатуе, што нацыянальныя беларускія партыі не здабылі падтрымку на выбарах. Да пачатку вайны яшчэ не быў завершаны этап кансалідацыі беларускага нацыянальнага руху, а беларуская эліта яшчэ не выпрацавала агульнай праграмы ў дачыненні да палітычнай будучыні Беларусі. Як слушна адзначае праф. Дарота Міхалюк, на той момант, калі час вымагаў канкрэтных рашэнняў і нават гульні на апераджэнне падзеяў, беларускім палітычным класам яшчэ не былі развязаныя пытанні, якія, для рэалізацыі праграмы нацыянальнага самавызначэння, павінныя былі быць вырашаныя значна раней. Галоўнае, што не было вызначана: ці змагацца беларусам за стварэнне нацыянальнай дэмакратычнай дзяржавы паводле заходняга ўзору, ці пагадзіцца быць часткай шматнацыянальнай дзяржавы на правах аўтаноміі. Раптоўная змена палітычнай сітуацыі на працягу ваенных гадоў змусіла да адмовы ад тых канцэпцыяў, якія не прыносілі беларусам ніякай карысці.

Беларускі даследчык Павал Церашковіч, чыё імя я таксама  быў вельмі рады пабачыць у спісе ўдзельнікаў нашай сённяшняй канферэнцыі, правёў грунтоўны аналіз перадумоваў гуманітарнага парадку для здабыцця незалежнасці ў Беларусі ў параўнанні з іншымі краінамі-суседкамі, якія атрымалі шанец для рэалізацыі самастойнага нацыянальнага праекту прыкладна ў той перыяд, 1914-1921 гадоў.

Безумоўна, нацыянальная эліта ў беларусаў існавала – і без яе з’яўленне нават самой ідэі беларускай дзяржаўнасці было б немагчымае. Але, на жаль, слой гэтай эліты быў невялікі. Выклікана гэта было негатыўнымі фактарамі нацыянальнага ўціску, які чыніўся супраць беларусаў у межах расейскай імперыі: беларусаў пераконвалі што яны такія ж самыя як і велікаросы, падданыя цара, рускамоўныя і праваслаўныя.

Нацыянальныя эліты не з’яўляюцца самі па сабе – павінныя быць інстытуты, якія прадукуюць і забяспечваюць аднаўленне нацыянальнай эліты.  Фактар імперскай палітыкі, скіраванай на тое, каб перашкаджаць фармаванню нацыянальнай эліты, праяўляўся ў шмат якіх з’явах. Нагадаю, што даўгі час на тэрыторыі сучаснай Беларусі было фактычна вайсковае кіраванне – напужаны паўстаннямі, Пецярбург асцерагаўся ўводзіць тут мясцовае самакіраванне, накіроўваў сюды чыноўнікаў з іншых абласцей, а таксама святароў. Паводле падлікаў дацэнта Церашковіча, чыноўнікаў мясцовага паходжання ў Беларусі было вельмі мала – толькі 38,7%.  Ліквідацыя ўніяцтва безумоўна не спрыяла фармаванню царкоўнай інтэлігенцыі, якая рабілася калыскай нацыянальнай свядомасці ў шматлікіх маладых нацыяў (напрыклад, у славакаў).  Істотна, што ў беларусаў практычна адсутнічалі нацыянальныя палітычныя аб’яднанні, а тыя што былі – былі вельмі слабыя. На выбарах у Устаноўчы сход у 1917 годзе, напрыклад, украінскія партыі набралі за 5 млн. галасоў і значна апярэдзілі ўсе рускія партыі ва Украіне. На тых жа выбарах беларускія партыі і аб’яднанні сабралі 19 тыс. галасоў і фактычна толькі пацвердзілі свой спіскавы склад – большасць насельніцва галасавала за партыі, чыі кіраўнічыя цэнтры знаходзілся за межамі Беларусі (тут у падліках дадзеныя дацэнта Церашковіча па выбарах ва ўстаноўчы сход супадаюць з дадзенымі праф. Мхалюк пра перадваенныя выбары ў Дзяржаўную Думу).

Варта пагадзіцца з дацэнтам Церашковічам, што мабыць найбольшае значэнне мела адсутнасць у Беларусі нацыянальнага ўніверсітэту. Па гэтай прычыне ў беларусаў не было такога моцнага чынніка фармавання нацыянальнай эліты, як прафэсура, выкладчыкі ўніверсітэтаў, студэнцкая супольнасць. Напрыклад, ва Украіне такі чыннік быў, універсітэты там былі – і гэта спрыяла адукацыі насельніцтва, нават сялянства.

Як адзначае дацэнт Церашковіч, што адсутнасць універсітэцкіх цэнтраў у Беларусі не толькі не дазволіла сфармавацца нацыянальна арыентаванай прафесуры, але значна абмежавала магчымасць сацыяльнай мабілнасці для карэннага насельніцтва: колькасць сялян з універсітэцкай адукацыяй ва Украіне (агулам 348 чалавек, у тым ліку ў Кіеўскай губерніі – 120) была у 20 разоў большая, чым у Беларусі (17 чалавек). Разам з тым неабходна мець на ўвазе, што адной шматлікасцю або крытычнай масай інтэлігенцыі поспех нацыянальнага руху тлумачыць не варта. Так, у латышоў гэтая група налічвала 6 тыс. 148 чалавек (46,6 на 10 тыс. латышоў), у эстонцаў – 3 тыс. 442 (38,6 на 10 тыс. эстонцаў), а ў літоўцаў ўсяго 2 тыс. 726 ( 17,3 на 10 тыс. літоўцаў). І хоць у літоўцаў гэты паказчык быў найменьшы, тэмпы развіцця іх нацыянальнага руху абганялі не толькі беларускія, але і ўкраінскія.

Падсумоўваючы, і параўноўваючы сытуацыю пачатку стагодзя з цяперашняй, мы можам сказаць, што сытуацыя з гадаваннем нацыянальнай эліты значна палепшылася. І тут самое існаванне нацыянальнай дзяржавы робіць працэс нацыянальнай самаідэнтыфікацыі незваротным. Груба кажучы, наяўнасць нацыянальнай акадэміі навук, таксама як нацыянальнай зборнай па футболу – гэта залог нацыянальнай устойлівасці. Дарэчы, вядомы беларускі палітолаг Віталь Сіліцкі, які заўчасна пайшоў з жыцця ў самым росквіце творчай кар’еры, у свой час так і казаў: пакуль беларуская футбольная зборная выходзіць на поле ў якасці самастойнай каманды – беларуская дзяржаўнасць не будзе страчаная.  Гэта, канешне, перабольшванне, але фактам ёсць непазьбежная сувязь: нацыянальныя эліты паўстаюць тады, калі ёсць нацыянальныя інстытуты: нацыянальная адукацыя, нацыянальны бізнэс, нацыянальная царква, нцыянальнае войска, ды і зрэшты футбольная ці хакейная нацыянальная зборная.

Выкладзеныя мною абшырныя эмпірыячныя дадзеныя з гістарычных даследванняў тлумачаць, чаму ўсе палітычныя сілы, якія вялі палітычную дзейнасць у Беларусі ў 1918 годзе, імкнуліся заручыцца стаўкай на знешніх суб’ектаў, заручыцца падтрымкай моцных, як тады казалі – “вялікіх дзяржаваў”. Мы бачым, што нават у суседняй Украіне, дзе нацыянальныя эліты былі больш моцныя – знешнія чыннікі гралі асноўную ролю у пытанні, хто стане кіраваць краінай. На жаль, гэта трэба было б прызнаць як факт: без апоры на знешнія сілы ніводная палітычная сіла ў Беларусі 1918 года не магла ўтрымаць ўладу, унутранага палітычнага рэсурсу для гэтага не хапала.

І гэта вялікі ўрок: толькі наяўнасць нацыянальнай дзяржавы можа стаць зарукай таго, што жыццё ў нашым краі будзе будавацца на карысць людзей, якія тут жывуць і плянуюць расціць тут дзяцей – а не на карысць знешніх цэнтраў сілы.  Тут вельмі важна разумець: у гістарычнай перспектыве бягучыя палітычныя падзелы маюць мала значэння. Хуткабежныя сваркі паміж палітыкамі праз стагоддзі губляюць значэнне і застаецца толькі вынік – і нашая задача, каб гэтым вынікам была моцная і вольная Беларусь, а не страчаныя шанцы.

У гэтым сэнсе 1918 год для нас, сучасных грамадзка-палітычных дзеячоў – гэта вялікі ўрок.

Снежань 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліс    
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.