Партыя БНФ » Ператварэньне Беларусі ў “кітайскую выспу ў Эўропе” супярэчыць нашым нацыянальным інтарэсам
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Ператварэньне Беларусі ў “кітайскую выспу ў Эўропе” супярэчыць нашым нацыянальным інтарэсам

Дададзена 07.02.2012 8:47:44 | 1,345 праглядаў

Заява Управы Партыі БНФ

Управа Партыі БНФ з глыбокай занепакоенасьцю адзначае інтэнсыфікацыю нераўнапраўных і шкодных для інтарэсаў значнай часткі беларускіх грамадзянаў эканамічных стасункаў паміж сёньняшнім кіраўніцтвам Беларусі і ўладамі ды бізнэсам Кітайскай Народнай Рэспублікі.

Масавае прыцягненьне ўрадам і прадпрыемствамі Беларусі зьвязаных кітайскіх крэдытаў (ужо адкрытыя крэдытныя лініі на сёньня складаюць 16 мільярдаў даляраў) ня толькі істотна павялічвае цяжар запазычанасьці нашае краіны і набліжае яе фінансавае банкруцтва. Яно спрыяе зьяўленьню на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь небясьпечнай для нашых нацыянальных інтарэсаў колькасьці пабудаваных кітайскімі рабочымі з кітайскіх матэрыялаў па кітайскіх тэхналёгіях згодна з кітайскімі экалягічнымі ды іншымі нарматывамі аб’ектаў, якія зьяўляюцца ўласнасьцю Кітаю. Такая практыка наўпрост шкодзіць як разьвіцью айчыннага бізнэсу, так і звычайнай бясьпецы нашых грамадзянаў (у сувязі зь нізкай якасьцю гэтых тэхналёгіяў) ды экалягічнай сытуацыі ў краіне (у сувязі зь нізкім узроўнем кітайскіх экалягічных стандартаў).

Нераўнапраўнасьць беларуска-кітайскіх эканамічных стасункаў добра дэманструе статыстыка: паводле вынікаў студзеня – лістапада 2011 г. адмоўнае сальда гандлёвага балянсу з КНР склала для Беларусі 1,36 мільярды даляраў.

Управа Партыі БНФ выказвае асаблівую заклапочанасьць плянамі адчужэньня на карысьць Кітаю 80 квадратных кілямэтраў сельскагаспадарчай і рэкрэацыйнай тэрыторыі Менскага і Смалявіцкага раёнаў для пабудовы кітайскага індустрыяльнага парку без правядзеньня шырокага грамадзкага абмеркаваньня на прадмет высьвятленьня, якія менавіта вытворчасьці будуць там разьмешчаныя і якім чынам яны змогуць уплываць на экалягічнае становішча ў рэгіёне. Управа таксама канстатуе поўнае ігнараваньне пры вырашэньні гэтага пытаньня меркаваньня жыхароў вёсак і дачных пасёлкаў, якія трапляюць у гэтую “зону адчужэньня”. Мы падтрымліваем справядлівае патрабаваньне чальцоў каапэратыву “Рэчанька” аб правядзеньні адкрытых грамадзкіх слуханьняў па пытаньні стварэньня кітайскага індустрыяльнага парку ў Менскай вобласьці і заклікаем іншых грамадзянаў, чые маёмасныя ды іншыя інтарэсы могуць непасрэдна пацярпець у выніку рэалізацыі названых плянаў, падтрымаць гэтае патрабаваньне.

Управа Партыі БНФ таксама падтрымлівае стварэньне грамадзкай групы дзеля кантролю за сытуацыяй з будаўніцтвам кітайцамі заводу па вытворчасьці сульфатнай беленай цэлюлёзы на базе Сьветлагорскага цэлюлёзна-кардоннага камбінату. Мы падзяляем меркаваньне сьветлагорскай грамадзкасьці аб неабходнасьці незалежнай экалягічнай экспэртызы гэтага праекту, які, на думку спэцыялістаў, можа значна пагоршыць і без таго складаны экалягічны стан рэгіёну. Без такой экспэртызы названае будаўніцтва ні ў якім разе ня мусіць быць распачатае!

Управа Партыі БНФ цалкам падзяляе заклапочанасьць жыхароў г. Менску, эколягаў, дзеячаў культуры заплянаваным зьнішчэньнем менскага парку імя 40-годзьдзя Кастрычніка дзеля пабудовы на яго месцы кітайскага гатэлю “Пекін”. Мы патрабуем ад менскіх уладаў неадкладнага спыненьня высечкі дрэваў у парку і перагляду праекту будоўлі!

Партыя БНФ, як партыя абароны нацыянальных інтарэсаў, будзе і надалей пільна адсочваць сытуацыю ў рэгіёнах актыўнай рэалізацыі “інвэстыцыйных праектаў” Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Беларусі, маючы за мэту прадухіленьне некантраляванай і шкоднай для беларускай нацыі кітайскай эканамічнай экспансіі ў нашую краіну. Зьяўляючыся перакананымі прыхільнікамі эўрапейскага і эўраатлянтычнага выбару Беларусі, мы будзем усімі законнымі спосабамі перашкаджаць ня толькі зьнікненьню нашае Бацькаўшчыны ў складзе Эўразійскага Саюзу, але і яе ператварэньню ў “кітайскую выспу ў цэнтры Эўропы”! Управа Партыі БНФ заклікае ўсіх неабыякавых грамадзянаў Беларусі, якія падзяляюць нашыя пагляды на гэтую праблему, далучацца да нашае працы дзеля прадухіленьня гэтых пагрозаў.

Менск, 6 лютага 2012

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Люты 2020
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Сту    
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
242526272829  
© 2011 - 2020 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.