Партыя БНФ » Ідзе падрыхтоўка да Чарнобыльскага Шляху – распавядае аргкамітэт
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Ідзе падрыхтоўка да Чарнобыльскага Шляху – распавядае аргкамітэт

Дададзена 12.04.2018 10:36:14 | 321 праглядаў

Пра сёлетнюю падрыхтоўку традыцыйнай акцыі Чарнобыльскі шлях распавялі намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, а таксама прадстаўнікі іншых аб’яднанняў, што ўвайшлі ў аргкамітэт: Ігар Барысаў (БПСД (Грамада)), Юрась Губарэвіч (ПАГА “Рух “За Свабоду!”) і Зміцер Кучук (Партыя “Зялёныя”).

Чарнобыльскі шлях 2Заяўка аб правядзенні Чарнобыльскага шляху-2018 была пададзеная ў Менгарвыканкам 2 красавіка. Заяўку падпісалі прадстаўнікі сямі арганізацыяў, якія ўвайшлі ў аргкамітэт: партыі «Зялёныя», руху «За Свабоду», руху салідарнасці «Разам», Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Партыі БНФ, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя».

Прадстаўнікі аргкамітэту паведамілі, што паводле заканадаўства адказ павінен быць дадзены ўладамі не пазней 21 красавіка, за 5 дзён да мерапрыемства. “Хаця хацелася б, каб адказ па заяўцы далі як найхутчэй, пажадана ўжо на гэтым тыдні, — адзначыў Юрась Губарэвіч. Заяўнікі разлічваюць, што акцыя пачнецца 26 красавіка а 18 гадзіне на прыступках Акадэміі навук, а потым пройдзе шэсце да Чарнобыльскай капліцы, дзе адбудзецца мітынг-рэквіем.

«Мы свядома падавалі неканфрантацыйную заяўку; шлях пройдзе па традыцыйным маршруце. Мы спадзяемся, што гарадскія ўлады не будуць зацягваць з рашэннем, каб можна было пачынаць падрыхтоўку,” — дадаў Аляксей Янукевіч.

Па інфармацыі Аляксея Янукевіча, 26 красавіка будзе не адна акцыя: “Кансерватыўна-хрысціянская партыя плануе сваё мерапрыемства каля Кіеўскага сквера, і яны абвесцяць пра яго пасля рашэння выканкама.”  У любым разе, акцыі не будуць перашкаджаць адна адной, можна наведаць некалькі, дадаў палітык.

Янукевіч нагадаў, што сёлета арганізатары хацелі б “вярнуцца да вытокаў Чарнобыльскага шляху”:

“У мінулыя гады Чарнобыльскі шлях пачаў ператварацца ў кірмаш праблемаў кожнага, калі любыя арганізацыі імкнуліся выкарыстаць яго для самапіяру.” Палітык заклікаў паставіцца адказна, бо “Чарнобыльскі шлях — гэта акцыя смутку па ахвярах. Па-другое, гэта пратэст, найперш супраць антыэкалагічных захадаў” - сказаў намеснік старшыні Партыі БНФ.

Арганізатары разлічваюць на тысячу чалавек, аднак мяркуюць, што ўдзельнікаў можа быць нашмат болей, дзякуючы селётняму Дню Волі.

Канцэрт-рэквіям, ідэя правядзення якога нядаўна з’явілася сярод актывістаў Партыі БНФ, сёлета правесці не атрымаецца, але ў будучыя гады Аляксей Янукевіч не выключае магчымасці яго правядзення.

Акрамя традыцыйнага шэсця, плануецца шэраг мерапрыемстваў і пасля 26 красавіка.

Тэмы – не толькі наступствы выбуху на Чарнобыльскай АЭС, але і прадухіленне магчымых будучых аварый.

“75% радыяцыі пасля выбуху на АЭС выпала на Беларусь. Каля 2 млн чалавек жывуць зараз на забруджаных тэрыторыях. Сусветныя трэнды – адмова ад ядзернай энергетыкі; так робяць, напрыклад, Швецыя, Бельгія. Шкада, што Беларусь не ў гэтым трэндзе,” — адзначыў Ігар Барысаў.

“Беларуская партыя “Зялёных” плануе круглы стол з удзелам міжнародных, літоўскіх экспертаў. Асноўная тэма — стрэс-тэсты, якія павінны былі быць праведзены ў 2011 годзе, але праводзяцца толькі зараз, — распавёў Зміцер Кучук. “Пасля аварыі на Фукусіме такія тэсты праводзяцца па ўсёй Еўропе, але, на жаль, Беларусь выбрала свой шлях. Напэўна, гэта уплыў Расіі, якая навязвае атамную станцыю ў Астраўцы. І мы гатовы пратэставаць супраць гэтай станцыі, якая будуецца за беларускія грошы, але расійскай стараной. Мы паспрабуем вывучыць стрэс-тэсты і атрымаць адказы ад міжнародных экспертаў, як АЭС паўплывае на бяспеку насельніцтва ў Беларусі і на міжнародную экалагічную абстаноўку.”

Аргкамітэт распавёў пра кампанію “Астравецкі шлях”: будуць праведзены акцыі і грамадскія сустрэчы ў гарадах паміж Мінскам і Астраўцом – гэта Маладзечна, Ашмяны, Заслаўе, Смаргонь, Вілейка. Да “Астравецкага шляху” плануецца далучыць Навалукомль і Белаазёрск: у гэтых гарадах працуюць ДРЭС, якія з’яўляюцца горадаўтвараючымі прадпрыемствамі, і з’яўленне новай АЭС паўплывае на працаўладкаванасць у гэтых гарадах. Па словах Ігара Барысава, спецыялісты ўжо назіраюць адток насельніцтва адтуль і іх прыток у Ашмянах.

Арганізатары заклікаюць пераводзіць грошы на картку «Прыёрбанку», аформленую на імя намесьніка старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Аляксея Сігаева.

«Чарнобыльскі шлях» – традыцыйная вулічная акцыя, якую штогод 26 красавіка праводзіць апазіцыя. Першая акцыя адбылася ў 1988 годзе.

Беларускі незалежны тэлеканал Белсат вёў анлайн-відэатрансляцыю з прэсавай канфэрэнцыі аргкамітэту Чарнобыльскага Шляху-2018:

Чэрвень 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Тра    
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.