Партыя БНФ » Моладзь БНФ зладзіла першыя сустрэчы моўнага клубу
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Моладзь БНФ зладзіла першыя сустрэчы моўнага клубу

Дададзена 16.04.2018 11:08:51 | 181 праглядаў

Ў-моўны клуб – новая ініцыятыва Моладзі БНФ, накіраваная на тое, каб згуртаваць людзей, зацікаўленых у вывучэнні роднай мовы, даць ім магчымасць папрактыкавацца ў ёй, падцягнуць свой ровень валодання беларускай мовай, а таксама добра, цікава і галоўнае з карысцю для сябе правесці час у беларускамоўным асяроддзі.

мова моваПра Ў-моўны клюб карэспандэнту беларускай службы Польскага Радыё распавядае лідарка Моладзі БНФ Ганна Смілевіч (Пахолка):

«Наша ініцыятыва накіраваная да тых, хто дрэнна ведае беларускую мову або добра ведае, але жадае практыкавацца. Ёсьць магчымасьць зьбірацца ў нефармальнай абстаноўцы і размаўляць. Няма падручнікаў, дамашніх заданьняў і г.д. Мы ладзім прагляды фільмаў на беларускай мове абмяркоўваем навіны, чытаем кнігі. Адбылося ўжо некалькі сустрэч у Менску, у суботу першая сустрэча клюбу ў Віцебску. Мы вырашылі, што калі мерапрыемства спадабаецца, то будзем адкрываць такія Ў-моўныя клюбы ў іншых гарадах…Беларуская мова карыстаецца ўсё большай папулярнасьцю, моладзь жадае адраджаць беларушчыну, і ўсё больш людзей перастае саромецца і пераходзіць на беларускую мову».

Сустрэчы Ў-моўнага клюба адбываюцца ў Менску ў сядзібе БНФ па адрасе вул. Чарнышэўскага, 3-39, а ў Віцебску першае спатканьне адбылося ў гэтую  суботу (вул. 1-я Сенненская, д.5).

Фільм, які супольна глядзелі на віцебскай сустрэчы, быў прысвечаны Палуце Бадуновай – сябру Рады БНР, беларускай патрыётцы, расстралянай НКВД.
Гісторыя, якая прымушае задумацца над прычынамі татальнай русіфікацыі ў Беларусі.

«Калі пачалося татальнае не знішчэнне, але замоўчванне гэтае мовы, пераход на трасянку, я лічу, што ў той момант мы пачалі губляць частку таго, за што змагаліся нашыя продкі», – кажа наведнік клубу, студэнт ветакадэміі Іларыён Купрыянаў.

Адмысловым госцем сустрэчы стаўся паэт і перакладчык Уладзімір Папковіч. Ён прачытаў свае творы ды пахваліў высілкі ў адраджэнні выкарыстання роднае мовы.

«У нас уся вёска, усё наваколле, гэта Менская цяпер вобласць, Вялейскі раён, хаця гэта была Заходняя Беларусь, але ні па-расейску, ні па-польску ніхто не размаўляў. Гаварылі толькі па-беларуску ўсе, а калі цяпер усе па-расейску, то гэта трэба вялікія намаганні», – адзначае паэт, перакладчык Уладзімір Папковіч.

«Спадзяюся, гэта будзе не разавая ініцыятыва, што яна пратрывае не адзін-два, а можа некалькі гадоў», – кажа ў камэнтары тэлеканалу Белсат кіраўнік Віцебскай арганізацыі Партыі БНФ Кастусь Смолікаў.

«Сядзелі, свае думкі выказвалі. Усё гэта па-беларуску, але хутчэй на трасянцы – шмат маладых людзей прыходзяць і толькі-толькі знаёмяцца з беларускаю моваю. І ў гэтым уся фішка, каб людзі пераадольвалі гэты страх. І вось праз музыку, фільмы, кнігі, проста размовы з людзьмі яны маглі размаўляць па-беларуску ў жыцці», – распавядае намеснік старшыні Партыі БНФ Юрась Лукашэвіч.

Бліжэйшым часам «Моладзь БНФ» рыхтуе такія сустрэчы ў Гомлі, Баранавічах, Берасці, Горадні і Барысаве. Актывісты заклікаюць сачыць за абвесткамі на іхнай інтэрнэт-старонцы ды прыходзіць усіх зацікаўленых і не саромецца свайго ўзроўню ведання мовы. Бо кожны крок бывае некалі ўпершыню.

Усю неабходную інфармацыю пра тое, як запісацца ў клуб, калі ён будзе адбывацца і дзе, можна знайсці на сайце: moladzbnf.info і ў суполцы ў Вкантакце – паведамляе Беларускае Радыё Рацыя.

Красавік 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Сак    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
30  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.