Партыя БНФ » БНФ: Дэкрэт №1 – апагей валюнтарызму ў сыстэме аўтарытарнага кіраваньня
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


БНФ: Дэкрэт №1 – апагей валюнтарызму ў сыстэме аўтарытарнага кіраваньня

Дададзена 21.04.2018 4:25:04 | 512 праглядаў

Дэкрэт №1 – апагей валюнтарызму ў сыстэме аўтарытарнага кіраваньня народнай гаспадаркай у Беларусі

Заява Сойма Партыі БНФ 21 красавіка 2018 году

25 студзеня 2018 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў Дэкрэт №1, пазьней урадам былі прынятыя палажэньні ў развіцьцё дадзенага акту. Згодна з гэтым дэкрэтам, сумнавядомы Дэкрэт №3, што ўводзіў збор, празваны ў народзе “падаткам з дармаедаў”, быў пераназваны ў дэкрэт “Аб садзейнічаньні занятасьці насельніцтва”. Такім чынам улады прызналі хібнасьць сваёй ранейшай палітыкі і адмянілі адзін са сваіх самых адыёзных заканадаўчых актаў, які ў 2017 годзе выклікаў сур’ёзнае абурэньне беларусаў і масавыя пратэсты.

Аднак са зьместу новай рэдакцыі дэкрэту вынікае, што кіраўнік Беларусі не здольны да прызнаньня сваіх асабістых памылак: канцэптуальна ў новым дакумэнце валюнтарысцкім чынам увасобленая ранейшая ідэя прымусовай працы грамадзянаў, якая відавочна супярэчыць замацаванаму ў канстытуцыі і міжнародных дакумэнтах прынцыпу права на працу і забароны прымусовай працы.

Больш за тое, адмяніўшы адыёзны “падатак з дармаедаў”, улады захоўваюць і ўзмацняюць адміністратыўны і бюракратычны складнік ў сваёй сацыяльнай палітыцы. Укараненьне адмысловых камісіяў, якія будуць “выклікаць на дыван” грамадзянаў Беларусі, патрабуючы ад іх даказаць іх занятасьць у эканоміцы, ў пэрспэктыве можа выклікаць не меньшы сацыяльны выбух, чым і папярэдні Дэкрэт №3. Відавочна, што гэтыя камісіі будуць акумуляваць нянавісьць насельніцтва да чыноўнікаў, якія праз гэты дэкрэт толькі даюць сабе новы занятак, што не мае стваральнага зьместу і не нясе аніякай карысьці грамадзтву і Беларусі.

Праявы крыптасацыялістычнага падыходу цяперашніх уладаў да сацыяльна-эканамічных працэсаў вядомыя: прымус да працы замест стварэньня спрыяльных ўмоваў для бізнэсу і інвестыцыяў, якія прадукуюць працоўныя месцы; антыканстытуцыйнае замацаваньне дыскрымінацыі “не занятых у эканоміцы” пры аплаце жыльлёва-камунальных ды іншых паслугаў замест адэкватных і празрыстых рынкавых мэханізмаў цэнаўтварэньня; новыя і новыя паборы з грамадзянаў, што насамрэч толькі спрыяе “ценявой эканоміцы” замест сучаснай і эфэктыўнай падаткавай сыстэмы; стварэнне працоўных месцаў толькі для бюракратаў замест рацыянальнай і эканамічна абгрунтаванай палітыкі на рынку працы.

Беларусы на прыкладзе ранейшай гіперінфляцыі і рэгулярных дэвальвацыяў ўжо цудоўна ведаюць, да чаго прывёў валюнтарызм у крэдытна-фінансавай палітыцы. Уладам настаў час зразумець простую ісьціну: эканамічныя законы не падпарадкоўваюцца указам і дэкрэтам прэзыдэнта, іх нельга адмяніць, колькі дэкрэтаў і ўказаў не падпісвай.

Партыя БНФ заяўляе, што за валюнтарысцкі зьмест Дэкрэту №1 пэрсанальную адказнасьць нясе асабіста Аляксандр Лукашэнка, на ім жа палягае адказнасьць за наступствы гэтага акту ў той жа ступені, як і за наступствы яго ранейшага Дэкрэту №3. Партыя БНФ канстатуе, што беларускія ўрадоўцы цяпер робяцца закладнікамі прэзыдэнцкіх фантазій адносна эканомікі, якія не маюць нічога агульнага з сапраўдным станам народнай гаспадаркі і рынку працы. Вартыя жалю спробы дзяржслужбоўцаў разумным чынам абгрунтаваць падыходы ў эканамічнай палітыцы, якія не адпавядаюць сучаснасьці і хутчэй заснаваныя на ідэях бальшавікоў і трацкістаў.

Толькі свабода асобы і прадпрымальніцтва, рынкавая эканоміка, незалежнасьць судоў і гарантыі права ўласнасьці, а таксама рэалізацыя іншых палажэньняў праграмы Партыі БНФ прывядуць Беларусь да дабрабыту і ўстойлівага развіцьця ў адпаведнасьці з нацыянальнымі інтарэсамі беларускага народу.

Партыя БНФ патрабуе неадкладнага скасаваньня Дэкрэта №1 ад 25 студзеня 2018 года і Дэкрэта №3 ад 2 красавіка 2015 года.

Жнівень 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліп    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.