Партыя БНФ » Сойм Партыі БНФ выступіў супраць праекта зьменаў у закон аб СМІ
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Сойм Партыі БНФ выступіў супраць праекта зьменаў у закон аб СМІ

Дададзена 21.04.2018 8:28:09 | 491 праглядаў

Аб праекце зьменаў і дапаўненьняў у Закон “Аб сродках масавай інфармацыі”
Рэзалюцыя Сойма Партыі БНФ 21 красавіка 2018 году

19 красавіка 2018 года Палата прадстаўнікоў прыняла ў першым чытаньні праект закона “Аб унясенні зьменаў і дапаўненьняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь”, які прадугледжвае істотнае зьмяненьне Закону Рэспублікі Беларусь “Аб сродках масавай інфармацыі”.

Выклікае занепакоенасьць, што сярод заяўленых мэтаў прыняцьця законапраекта адсутнічае мэта развіцьця нацыянальнай медыяпрасторы і ўдасканаленьня  выкананьня замацаванай ў канстытуцыі свабоды распаўсюду меркаваньняў і права грамадзян на атрыманьне, захоўваньне і распаўсюд інфармацыі. Разам з тым адной з мэтаў законапраекта адзначаецца неабходнасьць “гарманізацыі беларускага заканадаўства ў галіне масавай інфармацыі з заканадаўствам дзяржаваў-удзельніц Дагавора аб стварэньні Эўразійскага саюза”. Улічваючы нездавальняючы стан свабоды слова ў дзяржавах гэтага саюза, а асабліва нядаўні наступ расейскай дзяржавы на свабоду слова ў Інтэрнэце, Партыя БНФ разглядае падобную пастаноўку мэтаў законапраекта небясьпечнай і скіраванай на неабгрунтаванае абмежаваньне правоў і свабодаў грамадзянаў.

Асаблівую трывогу выклікае тое, што пры прыняцьці законапраекта ў першым чытаньні не былі ўлічаныя рэкамэндацыі і меркаваньні Беларускай асацыяцыі журналістаў, кіраўнікоў буйнейшых незалежных СМІ і інтэрнэт-парталаў, а таксама праігнараваныя прапановы дэпутатаў парлямэнту, якія прадстаўляюць грамадзянскую супольнасьць.

Не адмаўляючы наяўнасьць у законапраекце некаторых пазытыўных нормаў (наданьне інтэрнэт-рэсурсам правоў СМІ з адпаведным афіцыйным статусам журналіста для іх супрацоўнікаў, павелічэньне абавязковай долі праграм уласнай вытворчасьці ў зьмесьце тэлеканалаў), у цэлым прапанаваныя законапраектам нормы скіраваныя на неабгрунтаванае абмежаваньне правоў грамадзянаў і свабоды слова. У прыватнасьці, асаблівую занепакоенасьць выклікае фактычная легалізацыя раней ужыванай незаконнай практыкі пазасудовай блакіроўкі інтэрнэт-сайтаў СМІ рашэньнем органаў выканаўчай улады нават без магчымасьці судовага абскарджваньня такога рашэньня. Таксама законапраект прадугледжвае абавязковую ідэнтыфікацыю аўтараў і камэнтатараў на беларускіх рэсурсах у сеціве, што пагражае інфармацыйнай бяспецы краіны і яе грамадзянаў праз няроўнасьць умоваў беларускіх і замежных карыстальнікаў у сытуацыі, калі сеціва робіцца каналам для ажыцьцяўленьня маштабных інфармацыйна-прапагандысцкіх атакаў. Закладзеныя ў законапраект падыходы могуць пацягнуць за сабой блакіроўку папулярных навіновых рэсурсаў і нават цэлых сацыяльных сетак.

Партыя БНФ лічыць, што законапраект у цяперашнім выглядзе ставіць пад пагрозу інфармацыйную бясьпеку краіны, пагражае канстуцыйным правам і законным інтарэсам грамадзян, не спрыяе развіцьцю нацыянальнай інфармацыйнай прасторы.

З улікам выкладзенага Сойм Партыі БНФ:

-        Выказвае падтрымку заўвагам і прапановам да тэксту законапраекта, якія былі выказаныя з боку Беларускай асацыяцыі журналістаў і незалежных сродкаў масавай інфармацыі ды інтэрнэт-рэсурсаў;

-        Даручае Управе Сойму Партыі БНФ падрыхтаваць і накіраваць у парлямэнт прапановы да законапраекта, зыходзячы з нацыянальных інтарэсаў Беларусі, прынцыпаў свабоды слова і неабходнасьці развіваць нацыянальную медыя-прастору дзеля гарантаваньня інфармацыйнай бясьпекі нашай краіны ў інтарэсах устойлівасьці дзяржавы ды выкананьня правоў і свабодаў грамадзян;

-        Даручае кіраўніцтву Партыі БНФ накіраваць кожнаму дэпутату парлямэнту зварот з абгрунтаваньнем недапушчальнасьці прыняцьця законапраекту ў цяперашнім выглядзе, неабходнасьці яго ўдасканаленьня з улікам меркаваньня ўсіх зацікаўленых суб’ектаў.

Кастрычнік 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Вер    
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.