Партыя БНФ » Лідэр БНФ рэзка аспрэчыў антыбеларускі артыкул у газэце Rzeczpospolita
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Лідэр БНФ рэзка аспрэчыў антыбеларускі артыкул у газэце Rzeczpospolita

Дададзена 24.04.2018 12:02:00 | 642 праглядаў

Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў рэзка раскрытыкаваў артыкул пра Беларусь, які быў апублікаваны днямі ў польскай газэце Rzeczpospolita. У сваім допісе ў фэйсбуку лідэр БНФ выказвае абурэньне тым фактам, што праз уплывовае выданьне ў польскім грамадзтве распаўсюджваюцца тэзы, скіраваныя на непрызнаньне беларускай нацыянальнай ідэнтычнасьці і самастойнасьці беларускай дзяржаўнасьці.

Кастусёў ФорумПадобна, што ў польскае грамадства спрабуюць укінуць антыбеларускія тэзы, скіраваныя на інфармацыйнае забеспячэнне з заходняга боку тых спецаперацыяў, якія рыхтуюцца стратэгамі з адваротнага напрамку ад нашай краіны. Уплывовая польская прэса (а газэта Rzeczpospolita ёсць вельмі аўтарытэтным выданнем, якое чытае польская эліта) укладае ў галовы чытачоў думку, што беларуская дзяржаўнасць – рэч штучная, непатрэбная самім беларусам і, маўляў, трымаецца адно толькі на недарэчнай аўтарытарнай мадэлі, створанай Лукашэнкам. Канкрэтна маю на ўвазе артыкул польскага палітолага Адама Эбэрхарда “Ці паглыне Расея Беларусь?” (самая пастаноўка тэмы для публікацыі – паказальная). Зрэшты, артыкул відавочна замоўны.

Глядзіце якія глыбокія тэзы: ” Жыхары Віцебску, Баранавічаў ці Ліды, адказваючы на пытанні, як бы яны прагаласавалі на гіпатэтычным рэферэндуме адносна далучэння Беларусі да Расеі ў прынцыпе адзінагалосна пагаджаюцца на ліквідацыю беларускай дзяржаўнасці” (канец цытаты).

Вы чуеце, лідзяне? Аказваецца, нягледзячы на тое, што ў дыктоўцы да Дня роднай мовы ў вас у раёне ўдзельнічаюць тысячы людзей, што выканкам арганізуе вечарыну да Стагоддзя Незалежнасці, што ў вас да #БНР100 быў усталяваны першы ў Беларусі “камень” як знак незваротнасці нашай дзяржаўнасці, нягледзячы на ўсю вашую працу – для некаторых у Польшчы Ліда ёсьць амаль рускі гарадок, які недарэчным збегам абставінаў пакуль не ў складзе ЭрЭф. Канешне, мне цяжка ўявіць, што аўтар сапраўды задаваў гэтае сваё пытанне жыхарам Ліды, Баранавічаў ці іншых беларускіх гарадоў.

Аўтар артыкулу кажа, што дзяржаўная беларуская мова знаходзіцца на ўзбочыне грамадзтва, абразліва называе яе мовай хіпстэраў і, ў прынцыпе, малюе беларусаў як нейкую тутэйшую субкультуру ва ўлонні расійскай нацыі. Набор бязглуздых і бяздоказных прыдумак аўтара выкладае не дзеля забавы, а каб падвесці чытача да прыняцця сваёй галоўнай высновы: як толькі сыйдзе Лукашэнка – Масква хуценька верне сабе Беларусь, і, маўляў, насельніцтва краю толькі і чакае з надзеяй на рускія танкі. Мы, аказваецца, нават не Данбас, а суцэльны Крым. Думка, што гарантам незалежнасці нашай краіны з’яўляецца не Лукашэнка, а беларускі народ – аўтарам артыкулу нават не разглядаецца.

Абвяргаць кожную з гэтых прыдумак – задача для публіцыстаў. Але адзначу адну рэч: што б не казаў сп. Эбэрхард, незалежнасьць – гэта каштоўнасць для беларусаў, якая за апошнія гады ёсць кансэнсусам людзей самых розных палітычных поглядаў. Гэта не азначае што ў нас няма праблемаў у рэалізацыі гэтай каштоўнасці, хапае праблемаў і са статусам беларускай мовы, і з нацыянальнай свядомасцю дзяржаўных службоўцаў. Але кожны год беларускай незалежнасці ўмацоўвае нашую дзяржаўнасць, ужо ўступае ў свядомае жыццё другое пакаленне беларусаў, якія не ведаюць савецкага панавання, і сцэнар аншлюсу робіцца ўсё меньш ажыццяўляльным. Не дачакаецеся, панове-таварышы!

Кастрычнік 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Вер    
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.