Партыя БНФ » Аляксей Янукевіч: Лукашэнка не мае адказу на выклікі, што стаяць перад краінай
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Аляксей Янукевіч: Лукашэнка не мае адказу на выклікі, што стаяць перад краінай

Дададзена 25.04.2018 12:04:24 | 527 праглядаў

Намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч пракамэнтаваў карэспандэнту Беларускага Радыё Рацыя выступ Аляксандра Лукашэнкі перад Нацыянальным сходам. Выступленне фармальнае, заўважаюць аналітыкі. Доўжылася яно паўтары гадзіны і амаль нічога новага ён не сказаў.

Аляксандр Лукашэнка 24 красавіка звярнуўся са штогадовым пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу. Традыцыйна на мерапрыемства ў Авальную залу Дома ўрада былі запрашаны вышэйшыя пасадоўцы, урад, кіраўнікі органаў дзяржкіравання, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, сродкі масавай інфармацыі. Выступленне кіраўніка дзяржавы транслявалася ў прамым эфіры па тэлеканалах „Беларусь 1”, „Беларусь 24” і Першым нацыянальным канале Беларускага радыё.

Палітычны аналік Валерый Карбалевіч лічыць, што Лукашэнка стаміўся ад такіх мерапрыемстваў:

– Скарачае ўсе гэтыя мерапрыемствы. Робіць тое, што яму больш прыемна – у хакей гуляе. У час паслання ён у прынцыпе агучыў тыя самыя тэзісы, якія раней гучалі, тыя самыя задачы паставіў перад урадам. Гэты рытуал выкананы максімальна фармальна. Сам Лукашэнка нічога пра рэферэндум ніколі не гаварыў. Адзінае, што ён казаў, што трэба было б нейкія змены ўнесці ў Канстытуцыю, але гэта задача не сённяшняга дня. На што паўплывалі армянскія падзеі, гэта тое, што ён так шмат увагі надаў тэме рэферэндума, звязаўшы гэта з Арменіяй і з пагрозай рэвалюцыі. Пасыл сапраўды быў вельмі эмацыйны, відаць гэта яго найбольш хвалявала, найбольш гэта стрэмка армянская засела ў ім – сказаў Валер Карбалевіч.

Намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч не заўважыў стомленасці Аляксандра Лукашэнкі ад улады. Паводле палітыка, кіраўніку дзяржавы проста няма чаго сказаць:

Аляксей Янукевіч АБСЭ– Не думаю, што Аляксандр Лукашэнка стаміўся ад улады. Відавочна, што ўжо некалькі гадоў, асабліва пасля краху той дзяржаўнай ідэалогіі, якая казала пра славянскае адзінства і будавалася на тым, што Беларусь спадкаемца спадчыны Савецкага Саюза, на якой будуецца дзяржава. Некалькі гадоў таму ідэалогія абрынулася, бо ў Аляксандра Лукашэнкі няма адказаў на эканамічныя пытанні і на тыя выклікі, якія стаяць перад краінай. Выступленні становяцца ўсё больш кароткімі, усё больш фармальнымі і ўсё менш цікавымі. Ясна, што няма ні падставаў, ні патрэбы Аляксандру Лукашэнкі, і не ідзе падрыхтоўка да такога рэферэндума. Таксама глупа было б меркаваць, маючы сапраўды нейкія сур’ёзныя планы, намеры, проста паглядзеўшы, што зараз вымушаны быў Саргсян сысці ў адстаўку ў Арменіі, Аляксандр Лукашэнка ўсе бы свае планы перакрэсліў. Таму не збіраўся ён, прынамсі ў бліжэйшай будучыні, гэты рэферэндум праводзіць - сказаў Аляксей Янукевіч.

Гэта штогадовае палітычнае мерапрыемства, калі кіраўнік Беларусі выказвае сваё бачанне агульных праблемаў. Для шэраговых беларусаў гэта менш цікавае мерапрыемства, заўважае палітычны аналітык, сябра Сойму Партыі БНФ Юрый Чавусаў, таму інфармацыю даводзіцца шукаць паміж радкоў, а вось для чыноўнікаў – гэта праграмны тэкст:

– І таму не рэдкасць укладанне ў падобныя выступы наўпроставых указанняў судовай уладзе, парламенту, выканаўчай уладзе. Я думаю, асноўныя мэсэджы могуць быць звязаны перадусім з тымі ідэалагічнымі пертурбацыямі, якія апошнімі месяцамі адбываюцца ў Беларусі. Гэта фактычна поўнае перафарматаванне інфармацыйнай ідэалагічнай працы, якое адбылося цягам апошніх месяцаў праз шэраг важных кадравых перастановак - сказаў Юрый Чавусаў.

Пытанне пра рэферэндум – галоўная інтрыга сёлетняга штогадовага паслання. Ніякага рэферэндума не будзе, сказаў Аляксандр Лукашэнка:

Я ніколі не дзейнічаў не шчыра ў адносінах да нашых людзей і ніколі на гэта не пайду. Я ведаю адкуль я прыйшоў, і як я перамог на прэзідэнцкіх выбарах. Я абяцаў і ніколі не парушу сваю клятву, чаго б мне гэта не каштавала, бо будзе як у Арменіі. З народам гуляцца нельга, калі будзе рэферэндум, то загадзя па закону будзе сказана. Я асабіста ні пра які рэферэндум нават не думаў, я гэта чытаю толькі ў сродках масавай інфармацыі. Нам цяпер не да рэферэндума, нам трэба ў гэтай бурнай, хаатычнай, беспарадачнай, небяспечнай сітуацыі ў свеце, выстаяць. Нам не да таго, каб тут муць падняць у краіне. Частку паўнамоцтваў я магу спакойна сёння перадаць іншым галінам улады - сказаў Лукашэнка.

Паводле Беларускага Радыё Рацыя

Кастрычнік 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Вер    
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.