Партыя БНФ » Вынікі красавіцкага Сойму Партыі БНФ
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Вынікі красавіцкага Сойму Партыі БНФ

Дададзена 26.04.2018 9:55:23 | 837 праглядаў

21 красавіка ў цэнтральнай сядзібе БНФ у Менску адбыўся чарговы Сойм Партыі БНФ і грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне”. Кіруючым органам Фронту былі разгледжаныя пытаньні аб палітычнай сытуацыі, аб плане дзейнасьці партыі да 2020 года, аб праекце зьменаў у закон “Аб сродках масавай інфармацыі”, аб сымболіцы БНФ, прынятыя дзьве палітычныя заявы.

Паводле завядзёнкі, закладзенай пасьля абраньня ў мінулым годзе новым старшынём Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, даклад аб палітычнай сытуацыі быў прадстаўлены лідэрам партыі супольна з адным з яго намесьнікаў. Зараз паводле парадку, чарга дакладаць Сойму сваю ацэнку бягучых грамадзка-палітычных працэсаў надыйшла да намесьніка старшыні Партыі БНФ Аляксандра Стральцова.

У сваім выступе спадар Стральцоў засяродзіўся на ўнутрыпалітычнай сытуацыі ў краіне і зьменах у палітычным курсе, які праводзіцца кіруючымі ўладамі. Як адзначыў дакладчык, за пэрыяд ад мінулага Сойму адбыўся шэраг важных унутрыпалітычных падзеяў.

btrДзяржадміністрацыя Рэспублікі Беларусь пайшла на нябачныя дагэтуль (за выключэньнем пэрыяду 1991-1995) саступкі для прыхільнікаў нацыянальнай ідэі у выглядзе ўстаноўкі памятнага знака ў гонар братоў Луцкевічаў, арганізацыі маштабнай канфэрэнцыі да стагодзьдзя БНР пад эгідай Інстытута Гісторыі Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі, узгадненьня (але пакуль не канчатковага дазволу) на ўстаноўку шыльды на будынку, дзе была абвешчана незалежнасьць БНР. На цэнтральнай дзяржаўнай тэлевізіі адбыўся шэраг ток-шоў і гістарычных праграм, у тым ліку з удзелам старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва. Найбольш значнай падзеяй стаў сьвяточны канцэрт, прысьвечаны 100-годзьдзью абвяшчэньня незалежнасьці БНР на пляцоўцы ля Опэрнага Тэатру.

“Гэтыя падзеі сьведчаць аб тым, што кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь, у сілу розных прычын, перад усім вонкавапалітычных, а таксама эканамічных, жадаючы ўмацаваць сваю пазіцыю ў новых для сябе сэгмэнтах грамадзтва, вырашыла паступова зьмяняць расстаноўку палітычных акцэнтаў. Тыя, хто кажуць, што ўлады ўсё могуць адкруціць назад не да канца маюць рацыю” – сказаў Аляксандр Стральцоў.

У тэорыі ўлады могуць у любую хвіліну вярнуцца да рэпрэсіўнай палітыкі. Але пры гэтым немажліва не ўлічваць, што сталыя зьмены курсу дзяржаўнай прапаганды ўносяць у шэраг яе прыхільнікаў разброд, узбуджаюць ўнутраныя канфлікты, не дазваляюць дасканала каардынаваць дзеяньні. Ніякая ўлада, якая разумее важнасьць групавых сацыяльных працэсаў на гэта пайсьці ня можа. Аляксандр Стральцоў нагадаў, што шмат у чым распад СССР адбыўся зза адсутнасьці агульнага бачаньня ў тагачаснай камуністычнай эліты, якая распачала барацьбу паміж сабой.

Таму нават пры некаторым ахаладжэньні эмоцыяў зразумела, што краіна зьмяняецца і яна ня можа ўвайсьці ў тую ж раку яшчэ раз. У любым выпадку гэта будзе ўжо нешта іншае.

Істотна, што ўпершыню на бок незалежніцкіх ідэяў адкрыта стаў найбольш папулярны мэдыя-партал TUT.BY. Тут гутарка не аб іх поглядах і расейскай мове. Гутарка пра базавую адукацыю нашага грамадзтва, паказаньне, што мы – не Расея. Дзякуючы шырыні сваёй аўдыторыі несумніўна актыўны ўдзел гэтага партала ў арганізацыі і правядзеньні сьвята незалежнасьці зьяўляецца вялікім унёскам у справу зьмяненьня поглядаў нашых суграмадзян.

Трэба адзначыць, што посьпех сьвята зьяўляецца вынікам супрацы шматлікіх асяродзьдзяў: палітычных сілаў, блёгэраў, мэдыяў і звычайных людзей. Тым не менш сьвята не адбылося б, калі б у асноўнай частцы палітычных сілаў і перад усім, што важна для нас – у Партыі БНФ, не перамагла палітыка адказнасьці і рэалізму.

Менавіта палітыка БНФ, заснаваная на адказным падыходзе, дазволіла па іншаму паглядзець на факт кантакту і супрацы з высокапастаўленымі дзяржаўнымі службоўцамі.  Некаторыя палітычныя сілы нібы застылі ў рэаліях 90-х гадоў ХХ ст. не разумеючы, што сьвет зьмяніўся і мэтады, якія працавалі тады, цяпер не працуюць.

Палітыка на тое і называецца мастацтвам магчымасьцяў, каб палітыкаў ацэньвалі ў тым ліку паводле іх эфэктыўнасьці.

Трэба адзначыць, што старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў у гэтыя няпростыя моманты спраўдзіўся як дасьведчаны і адказны палітык, і ў немалой, і нават у вырашальнай ступені спрычыніўся да атрыманага посьпеху.

Дасягненьнем Партыі БНФ стала таксама тое, што менавіта Партыя БНФ разглядаецца ўладным бокам, як структура, якая мае найбольшую вагу ў апазыцыі, зь якой у выпадку патрэбы неабходна дамаўляцца. Ня сталі гэтай сілай ні прадстаўнікі Гавары Праўду, ні правацэнтрысцкай кааліцыі, ні тым больш правакатыўна дзеючыя прадстаўнікі БНК.

Асобна трэба спыніцца на іх дзейнасьці. Не ад сёньня вядома, што прадстаўнікі гэтай палітычнай сілай найбольш цынічна выкарыстоўваюць цяжкую ўнутрыпалітычную сітуацыю. Іх дзеяньні ў нечым нагадваюць дзейнасьць савецкай партызанкі ў часе ІІ Сусьветнай вайны: абстраляюць нямецкае падразьдзяленьне – у помсту немцы зьнішчаюць цэлую вёску. Такія дзеяньні не называюцца інакш як правакацыя і такія павінны быць нашыя адносіны да гэтай палітычнай сілы. Гэтыя правакацыі яшчэ больш небясьпечныя ў сьвятле расейскай пагрозы.

Трываласьць Рэспублікі Беларусь, нягледзячы на ўсе яе недахопы, з кожным годам набліжае нас да мэты – сапраўднай незалежнасьці. Наш народ даўно і часта выказваўся па гэтым пытаньні, што прымае толькі эвалюцыйны шлях зьменаў, а не ўспрымае рэвалюцыю ці майдан. Хопіць рэвалюцыяў! Пара заняцца падставовай асьветніцка-палітычнай праца і посьпех прыйдзе, не адразу, але прыйдзе.

Для нацыянальна-мысьлячых палітыкаў таксама вельмі важная біялягічная субстанцыя нацыі. Тут маюцца на ўвазе ўсе аспэкты: дэмаграфічны, аховы здароўя і бясьпекі грамадзян. Мы не павінны падстаўляць пад рэпрэсіі нашых суграмадзян, калі гэтага можна пазьбегнуць. Кожнае дзеяньне адказных палітычных сілаў павінна быць узважаным і абгрунтаваным, скіраваным на дасягненьне канкрэтнага, рэалістычнага і магчымага ў дадзеных умовах выніку.

Варта таксама адзначыць, што цяжкая эканамічная сытуацыя і боязь згубы кантролю над сытуацыяй змушаюць дзеючыя ўлады Беларусі да далейшага закручваньня гаек у галіне інфармацыі і знаходжаньня новых спонсарскіх груп у выглядзе стала непрацуючых грамадзян. Трэба адзначыць, што такая палітыка ўладаў беспэрспэктыўная. Больш рэстрыкцыйныя ўмовы функцыянаваньня ў мэдыя-прасторы прывядуць да большага выкарыстаньня мэтада абыходу забаронаў, тым болей, што яны ёсьць. Таму праект закону аб СМІ мы ўважаем за неэфэктыўны.

Аб поўным забесьпячэньні дзяржаўных камунальных і іншых выдаткаў гаворыцца даўна і Партыя БНФ падтрымлівае тэзіс, што паступова трэба да гэтага пераходзіць. Але па перш паступова, а па другое не вылучаючы тут дыскрымінацыйна нейкіх сацыяльных груп. Таму ўважаем Дэкрэт № 1 Аб садзеяньні занятасьці насельніцтва за шкодны, за той, які павялічвае сацыяльнае напружаньне ў грамадзтве і ня служыць павялічэньню дабрабыту і бясьпекі нашымі суграмадзянамі – сказаў намесьнік старшыні Партыі БНФ Аляксандр Стральцоў.

На прапанову кіраўніцтва Партыі БНФ Сойм Партыі БНФ прыняў заяву “Дэкрэт №1 – апагей валюнтарызму ў сыстэме аўтарытарнага кіраваньня народнай гаспадаркай у Беларусі“, у якой рэзка раскрытыкаваў новы дэкрэт, які ўносіць зьмены ў адыёзны Дэкрэт №3, што атрымаў у народзе мянушку “дэкрэт аб зборы з дармаедаў”, аднак цалкам яго не адмяняе. Сойм партыі БНФ усклаў адказнасьць за негатыўныя сацыяльныя і эканамічныя наступствы дэкрэту №1 на асобу, якая яго ініцыявала і падпісала (гэта значыць – на Лукашэнку) і запатрабаваў яго адмены. “Толькі свабода асобы і прадпрымальніцтва, рынкавая эканоміка, незалежнасьць судоў і гарантыі права ўласнасьці, а таксама рэалізацыя іншых палажэньняў праграмы Партыі БНФ прывядуць Беларусь да дабрабыту і ўстойлівага развіцьця ў адпаведнасьці з нацыянальнымі інтарэсамі беларускага народу” – гаворыцца ў заяве Сойму.

У сваім судакладзе старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў падрабязна праінфармаваў сябраў Сойму пра сваю працу ў складзе нацыянальнага аргкамітэту па адзначэньні стагодзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі, асабліва спыніўшыся на працы па падрыхтоўцы да сьвяткаваньня гістарычнай даты 25 сакавіка – стагодзьдзя абвяшчэньня Трэцяй Устаўной граматы БНР.

Рыгор Кастусёў паведаміў, што задача годнай арганізацыі сьвята 25 сакавіка зрабілася для яго прыярытэтнай адразу ж пасьля абраньня на пасаду старшыні партыі. У гэтай працы вялікім кампанентам былі перамовы з уладамі, пра якія старшыня партыі інфармаваў грамадзтва, але не ўся важная інфармацыя атрымлівала належны розгалас ў СМІ. Напрыклад, медыі зьвярталі ўвагу на самі факты сустрэчаў лідэра БНФ з дзяржаўнымі службоўцамі, не надаючы належнай увагі зьместу прапанаваных БНФ захадаў па адзначэньні слаўнага юбілею і вынікам праведзеных перамоваў. Прадстаўленыя дзяржаве прапановы аб супрацы дзяржаўнага і грамадзкага сэктару ў справе адзначэньня юбілею БНР былі накіраваныя як ў дзяржаўныя медыі, так і ў недзяржаўныя. Ад дзяржаўных медыяў водгукі былі пераважна пазытыўныя – была рэакцыя газэты “Савецкая Беларусь”, а ў газэце “Зьвязда” адбыўся круглы стол пра гістарычную ролю БНР з удзелам навукоўцаў-гісторыкаў і палітыкаў, у тым ліку старшыні БНФ. У гэты ж час газэта “Народная воля” праігнаравала дасланы дакумент, такім чынам прадстаўляючы ўсе далешыя дзеяньні дзяржавы як выпадковыя і не выкліканыя аніякімі падрыхтоўчымі дзеяньнямі.

“Калі б мы падчас перамоваў з дзяржавай па пытаньні стагодзьдзя БНР засяродзіліся на тым, каб рабіць сэлфі з чыноўнікамі, з якімі сустракаемся – аніякага выніку не было б. Нашая задача была – дамагчыся выніку, правесьці вялікі юбілей годна і сьвяточна. І гэтую задачу мы выканалі, што ёсьць важным палітычным дасягненьнем і задзелам на будучыню” – сказаў Рыгор Кастусёў.

btrСтаршыня Партыі БНФ паведаміў сябрам сойму пра хаду і зьмест перамоваў з дзяржаўнымі органамі і структурамі мясцовай улады па справе арганізацыі Сьвята Незалежнасьці 25 сакавіка. Менавіта дасягнутыя палітычныя дамоўленасьці дазволілі правесьці сьвята ў цэнтры Менску з удзелам дзесяткаў тысяч беларусаў, што стала самай маштабнай акцыяй нацыянальна-дэмакратычных сілаў за апошнія гады. Партыя БНФ у гэтай справе выступіла палітычным суб’ектам, які дамогся станоўчага для сабе рашэньня ўладаў, што дазволіла пры спрыяльных умовах заямацца тэхнічным і інфармацыйным забесьпячэньнем арганізацыі сьвята. Вялічэзная роля ў гэтай арганізацыйнай справе была адыграная структурамі грамадзянскай супольнасьці, поруч з якімі БНФ узяў на сабе асноўны цяжар арганізацыі сьвяткаваньняў як у Менску, так і ў іншых гарадах. Паводле Рыгора Кастусёва, супраца з нацыянальна-арыентаванымі структурамі грамадзянскай супольнасьці і блёгерамі ў справе арганізацыі сьвята 25 савкаіка, можа і павінна быць асновай для далейшага ўзмацненьня нацыянальна-асвтніцкай работы, у тым ліку ў накірунку падрыхтоўкі да трыццацігодзьдзя БНФ і да 101-й гадавіны БНР у наступным годзе. “Вельмі важна, што нацыянальна-арыентаваная частка грамадзянскай супольнасьці, з якой Партыя БНФ плённа супрацоўнічала ў справе адзначэньня стагодзьдзя БНР, разглядае Фронт як сваяго палітычнага прадстаўніка ў справе прасоўваньня сваіх прапановаў. Гэта спрацавала цяпер, і мы разлічваем, што спрацуе і надалей, перамовы на гэты конт вядуцца” – адзначыў Рыгор Кастусёў.

Разам з тым, з боку ўладаў не ўсе прапановы БНФ былі ўспрыянтыя як вартыя падтрымкі: “Паводле маіх ацэнак, з таго пакету прапановаў па ўдзелу дзяржавы ў сьвяткаваньні стагодзьдзя БНР, які мы прадставілі ўладам у лістападзе мінулага года, выканана альбо часткова выканана толькі блізу траціны мерапрыемстваў. Па некаторых мерапрыемствах дзяржава відавочна ўпусьціла магчымасьць дасягнуць агульнакарысных для грамадзтва і Беларусі вынікаў. Штосьці яшчэ магчыма будзе выканана ў бліжэйшай будучыні. Я буду намагацца, каб дасягнутыя дамоўленасьці пра ўсталяваньне шыльды на будынку абвяшчэньня Трэцяй Устаўной граматы БНР у Менску не былі змарнаваныя – цяпер у гэтай справе назіраецца тармажэньне, у тым ліку з-за некаторых не вельмі разумных крокаў з боку грамадзянскай супольнасьці. Сытуацыя ў гэтым пытаньні трывожная” – сказаў Рыгор Кастусёў.

Кіраўнік БНФ даў негатыўную ацэнку спробам далучыць да працы агульнанцыянальнага аргкамітэту па адзначэньні стагодзьдзя БНР структураў, якія называюць сабе “БНК”. “Гэтыя спробы былі памылковыя – тыя людзі, якія прыйшлі ў аргкамітэт ў студзені, пасьля таго як аргкамітэт працаваў ужо некалькі месяцаў, ставілі сабе за задачу не супрацу з іншым арганізацыямі, а былі гатовыя адно толькі да прасоўваньня сваіх неразумных прапановаў, не заснаваных ні на чым апроч голых палітычных амбіцыяў. Але паламаць аргкамітэт у гэтых людзей не атрымалася, і здаровыя сілы ў складзе аргкамітэту ўзялі верх, праз што атрымалася арганізаваць сьвяточныя мерапрыемствы на належным узроўні” – сказаў Рыгор Кастусёў.

Менавіта на структурах “БНК”, якія ўносілі разлад у працу аргкамітэту, палягае адказнасьць за адсутнасьць у часе сьвяткаваньня стагодзьдзя БНР традыцыйнага сьвяточнага шэсьця – паведаміў Рыгор Касутсёў. “Дэманстрацыя да опэрнага тэатру павінная была атрымаць дазвол у межах пакетнага пагадненьня з уладамі пра правядзеньне мітынгу і канцэрту ля Опэры. Але заявы некаторых палітыкаў пра намер у любым выпадку праводзіць несанкцыянаванае шэсьце паставілі крыж не толькі на гэтых дамоўленасьцях – менавіта ад гэтага моманту пачаўся адкат па ўсіх заплянаваных мерапрыемствах, пачаліся адмовы ў садзейнічаньні правядзеньня сьвяточных мітынгаў і ў іншых гарадах” – сказаў старшыня БНФ.

Рыгор Кастусёў падкрэсліў, што пасьпяхова праведзенае Сьвята Незалежнасьці і атрыманыя дасягненьні разглядае як задзел на будучыню: “Я лічу галоўным нашым супольным дасягненьнем не толькі сам факт правядзеньня сьвята на годным узроўні, хоць і гэта вельмі важна. Лічу прынцыпова важным дэманстрацыю ўсяму грамадзтву і сьвету зьмяненьне саўленьня дзяржаўнай улады да дня абвяшчэньня нехалежнасьці БНР і дэманстрацыю таго, што нашую дзяржаўнасьць нікому не будзе дазволена паствіць пад сумнеў. Гэта стварае новыя гарызонты для далейшай патрыятычна-асьветніцкай працы, гэта новы выклік для нас – але і новыя магчымасьці” – зазначыў Рыгор Кастусёў.

Старшыня партыі праінфармаваў сябраў Сойму пра рашэньне Камісіі па найменаваньні вуліц Менску прапанаваць гарадзкому савету дэпутатаў назваць праектаваную вуліцу між вуліцамі Янкі Лучыны і Чыжэўскіх — імем беларускага навукоўца, аднаго з заснавальнікаў Беларускай Народнай Рэспублікі, міністра сельскай гаспадаркі БНР Аркадзя Смоліча, расстралянага бальшавікамі ў 1938 годзе. Рыгор Кастусёў адзначыў, што ўганараваньне імёнаў дзеячоў БНР і іншых постацяў нацыянальна-дэмакртатычнага руху ў тапаніміцы беларускіх гарадоў – важная частка прапановаў БНФ, якія быліі накіраваныя ўладам, і праца ў гэтым накірунку будзе працягнутая.

У дыскусіі з абмеркваньнем вынікаў 25 сакавіка і ў цэлым адзначэньня стагодзьдзя БНР выступілі намесьнікі старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч і Вадзім Саранчукоў, а таксама сябры Сойму Юрый Чавусаў, Станіслаў Суднік, Вітольд Ашурак, Кацярына Маркоўская ды іншыя.

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч прадставіў Сойму праект пляну працы Партыі БНФ на пэрыяд 2018-2020 гадоў, які быў прыняты за аснову на сьнежаньскім Сойме ў мінулам годзе. Згодна з дасланымі прапановамі і па выніках абмеркаваньняў у рэгіянальных структурах плян быў дапрацаваны, дзеля чаго было арганізаванае адмысловае шырокае пасяджэньне партыйнага актыву. Па выніках абмеркаваньня плян Асноўныя кірункі дзейнасьці Партыі БНФ на пэрыяд 2018-2020 гг. зацьверджаны Соймам і апублікаваны на партыйным сайце. Управе даручана на падставе зацьверджанага пляну дзейнасьці распрацаваць апэратыўны плян працы структураў партыі з графікам і пазначэньнем адказных за выкананьне.

З паведамленьнем пра прыняцьцё Палатай прадстаўнікоў у першым чытаньні праекта зьменаў у закон аб сродказ масавай інфармацыі выступіў сябра Сойму і кіраўнік праўна-аналітычнай камісіі Юрый Чавусаў. Ён даў негатыўную ацэнку гэтаму законапаректу адзначыўшы, што асноўны накірунак у ім – гэта абмежаваньне правоў і свабодаў грамадзян, у тым ліку свабоды слова і права на атрыманьне і распаўсюд інфармацыі. Сойм прыняў рэзалюцыю Аб праекце зьменаў і дапаўненьняў у Закон “Аб сродках масавай інфармацыі”,  у якой адзначаецца, што законапраект у цяперашнім выглядзе ставіць пад пагрозу інфармацыйную бясьпеку краіны, пагражае канстуцыйным правам і законным інтарэсам грамадзян, не спрыяе развіцьцю нацыянальнай інфармацыйнай прасторы. Сойм выказаў падтрымку заўвагам і прапановам да тэксту законапраекта, якія былі выказаныя з боку Беларускай асацыяцыі журналістаў і незалежных сродкаў масавай інфармацыі ды інтэрнэт-рэсурсаў, а таксама даручыў Управе  падрыхтаваць і накіраваць у парлямэнт прапановы да законапраекта, зыходзячы з нацыянальных інтарэсаў Беларусі, прынцыпаў свабоды слова і неабходнасьці развіваць нацыянальную медыя-прастору дзеля гарантаваньня інфармацыйнай бясьпекі нашай краіны ў інтарэсах устойлівасьці дзяржавы ды выкананьня правоў і свабодаў грамадзян.

Сойм пастанавіў вярнуцца да пытаньня перарэгістрацыі партыйнай сымболікі, паўторна зацьвердзіўшы эскіз партыйнай эмблемы, яго апісаньне і палажэньне пра эмблему Партыі БНФ. Управе партыі даручана здзейсьніць пераврэгістрацыю эмблемы згодна з парадкам, вызначаным заканадаўствам, дзеля чаго кіраўніцтву партыі дадзеныя адпаведныя паўнамоцтвы.

У “Розным” прагучалі паведамленьні пра мерапрыемствы, праведзеныя ў рэгіёнах і Менску ў межах Дня роднай мовы 21 лютага, пра стан працы па ўсталяваньні помнікаў Тавдэвушу Касьцюшку і князю Гедэміну, а таксама пра ініцыятыву па ўсталяваньні ў горадзе Бяроза помніку заснавальніку мясцовага шклазавода Юліюсу Штолле, дзеля чаго на краўдфандынгавай платформе “Талака” абвешчаны збор ахвяраваньняў.

Верасень 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Жні    
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.