Партыя БНФ » Актывісты БНФ у Пінску абмяркоўваюць, як адзначыць 150-годдзе Рамана Скірмунта
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Актывісты БНФ у Пінску абмяркоўваюць, як адзначыць 150-годдзе Рамана Скірмунта

Дададзена 07.05.2018 9:28:50 | 458 праглядаў

На Піншчыне краязнаўцы і прадстаўнікі грамадскасці выказваюцца за годнае ўшанаванне памяці прэм’ер-міністра БНР, буйнога палітычнага і прамысловага дзеяча Рамана Скірмунта, 150-годдзе якога адзначаецца сёлета.

На думку пінскага актывіста Партыі БНФ  Алеся Рамановіча, варта абвяшчаць грамадскую кампанію, каб кансалідаваць высілкі:

– Патрэбна ініцыятыву праяўляць. І каб гэта была ініцыятыва не аднаго, пяці чалавек, але каб усё ішло праз групу людзей. Неяк інфармаваць насельніцтва. Збіраць нейкія подпісы. Магчыма было б няблага нейкую вуліцу назваць у імя Скірмунта. Помнік усталяваць – сказаў Алесь Рамановіч у інтэрвію Беларускаму Радыё Рацыя.

5FEE5B58-C7B4-409A-BE81-4388C95110E4_cx0_cy5_cw0_w1023_r1_sБеларускі грамадска-палітычны дзеяч, буйны землеўладальнік Раман Скірмунт нарадзіўся 25 красавіка (7 траўня) 1868 году ў вёсцы Парэчча Пінскага павету Паходзіў з вядомага шляхецкага роду. Пачатковую адукацыю атрымаў у Рыжскай класічнай гімназіі, пасля вучыўся на юрыста ў Варшаўскім універсітэце, потым – у Венскім універсітэце.

Раман Скірмунт выступаў як адзін з ідэолагаў краёўцаў, дамагаўся стварэння Краёвай партыі Літвы і Беларусі як міжнацыянальнага блоку польскай, беларускай і літоўскай палітычных арганізацыяў. У лістападзе 1905 ён надрукаваў у газеце “Kurier Litewski” зварот “Краёвай партыі Літвы і Русі” – фактычна праграму партыі, якая патрабавала ўводзінаў дэмакратычных свабодаў, найперш свабоды нацыянальнага жыцця і роўнасці нацыянальнасцяў, краёвага самакіравання, падкрэслівала прынцып недатыкальнасці прыватнай уласнасці.

У пачатку 1906 года Скірмунт паўтарыў зварот, змяніўшы толькі назву партыі – “Краёвая партыя Белай Русі і Літвы”. 17 чэрвеня 1907-га па яго ініцыятыве ў Вільні адбыўся з’езд землеўладальнікаў шасці беларуска-літоўскіх губерняў, які прыняў рашэнне пра стварэнне “Краёвай партыі Літвы і Беларусі”. Аднак сам Скірмунт не ўвайшоў туды – яго не задавальняла тое, што партыя ўзнікала як выключна польская, а Скірмунт імкнуўся стварыць партыю, якая мела б тры фракцыі – польскую, літоўскую і беларускую.

3 1906 года Раман Скірмунт дэпутат першай Дзяржаўнай думы Расейскай імперыі, ініцыятар аб’яднання дэпутатаў-краёўцаў у Групу заходніх ускраінаў. З кастрычніка 1910-га чалец Дзяржаўнага савету Расейскай імперыі. Уваходзіў ва ўправу Віленскага зямельнага банку, займаў розныя пасады.

У студзені 1917 ўзначаліў Менскі аддзел Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. З сакавіка 1917-га – старшыня Беларускага нацыянальнага камітэту ў Менску. У красавіку 1917 ўзначаліў беларускую дэлегацыю да расейскага Часовага ўраду з патрабаваннем аўтаноміі Беларусі. У час нямецкай акупацыі Беларусі ўзначальваў “Менскае беларускае прадстаўніцтва”. У красавіку 1918 ўвайшоў у Раду БНР, удзельнічаў у фармаванні новага складу Народнага сакратарыяту, з 9 ліпеня 1918 – прэм’ер ураду БНР і сакратар міжнародных спраў. Выказваўся за рэальную ўладу, збіранне вакол яе ўсёй этнічнай тэрыторыі беларусаў, памяркоўную аграрную рэформу.

20 ліпеня 1918 пайшоў у адстаўку з пасады старшыні ўраду. Працаваў у міжнароднай камісіі Рады БНР, у лістападзе 1918-га ў складзе надзвычайнай беларускай дэлегацыі ў Нямеччыне і Швайцарыі з мэтай прызнання незалежнасці Беларусі. У польска-савецкую вайну 1920 імкнуўся не дапусціць падзелу Беларусі паміж бакамі. Адзін з заснавальнікаў Польска-беларускага таварыства ў Варшаве. Выказваўся за ўваходжанне краю ў склад міжваеннай Польскай Рэспублікі на ўмовах шырокай аўтаноміі.

Пасля на пэўны час Скірмунт адышоў ад палітычнага жыцця, жыў у сваім маёнтку Парэчча. Меў там цукровы завод, бровар, фабрыку сукна, вадзяны млын, збудаваў касцёл, лякарню, зрабіў падмурак новага палацу. У 1930 абраны сенатарам Польскай Рэспублікі. Далучыўся да беспартыйнага блоку, выступаў супраць асіміляцыі нацыянальных меншасцяў.

7 кастрычніка 1939–га забіты ў сваім маёнтку мясцовымі жыхарамі на загад савецкага камісара Холадава.

Лістапад 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.