Партыя БНФ » “Белгазета”: Старшыня БНФ Рыгор Кастусёў скептычна ацэньвае верагоднасьць новага “рэфэрэндуму”
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


“Белгазета”: Старшыня БНФ Рыгор Кастусёў скептычна ацэньвае верагоднасьць новага “рэфэрэндуму”

Дададзена 09.05.2018 10:33:08 | 179 праглядаў

Свістапляска вакол канстытуцыйнага рэферэндуму скончылася падчас паслання Аляксандра Лукашэнкі народу і нацыянальнаму сходу. Прэзідэнт заявіў, што асабіста «ні пра які рэферэндуме нават не думаў» – «бо будзе, як у Арменіі». Дзіўна. А хто 15 сакавіка даваў даручэнне Канстытуцыйнаму суду распрацаваць змены ў Канстытуцыю? А хiба не старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына перыядычна ўкідвае ў публічную прастору тэму аб магчымым рэфэрэндуме? Увогуле, сітуацыя заблыталася яшчэ больш. «БелГазета» паспрабавала развеяць хмары над задумамі ўлада заможных: быць рэферэндуму або ня быць? А калі быць, то калі?

У завочных спрэчках  на атронках сьвежага нумару «Белгазеты» сышліся старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў і першы намеснік старшыні ЛДП Алег Гайдукевіч.

Рыгор Кастусёў: «Навошта Лукашэнку нешта мяняць, калі сыстэма працуе «бездакорна»?

- Дык плаванаў Лукашэнка канстытуцыйны рэферэндум ці не?

- Я думаю, што Лукашэнка і не збіраўся праводзіць рэферэндум. Пра яго больш гаварылі не палітыкі, а журналісты, таму гэта пытанне надуманае, прычым не столькі з боку Лукашэнкі, колькі з боку журналістаў.

- Але ж 15 сакавіка Лукашэнка асабіста загадаў Кансты­туцыйнаму суду падрыхтаваць змены ў Канстытуцыю…

- Можна казаць, што Лукашэнка падхапіў размовы журналістаў, каб адцягнуць увагу ад іншых, больш сур’ёзных, праблемаў краіны. Бо за рэферэндум дружна ўхапіліся ўсе. А Лукашэнка скарыстаўся гэтай магчымасцю, каб пераключыць увагу народа з рэальнасці на
чуткі.

- А якія ж праблемы Лукашэнка ўдалося «загаварыць» рэферэндумам?

- Многія. Найперш праблемы, выкліканыя чарнобыльскай катастрофай; прыняты дэкрэт аб «дармаедах», які пацягне за сабой стопрацэнтную аплату камунальных паслугаў, будаўніцтва Беларускай атамнай станцыі ў Астраўцы, праблему Светлагорскага камбіната бялёнай цэлюлозы. З апошнім увогуле дзіўная сітуацыя здарылася: кітайцы з’ехалі, кінуўшы ўсё на свеце, а ўлады цяпер не ведаюць, што з гэтым рабіць. Усе «забыліся» пра будаўніцтва акумулятарнага завода ў Брэсце. Звярніце ўвагу: нават такая абсурдная тэма, як удзел міліцыі ў пасяўной кампаніі, амаль не згадваецца ў СМІ.

- Навошта тады прыпісваць ідэю рэферэндуму «майданутым», як казаў Лукашэнка?

- Атрымалася так, што ідэя, падкінутая СМІ, як сабаку костка, пачала абсмоктвацца з усіх бакоў. Убаку засталіся ўсе астатнія праблемы. Рэферэндум чамусьці зачапіў усіх, хаця ні Ярмошына, ні Лукашэнка пакуль не думаюць пра яго ўсур’ёз. А заадно папужаў народ «майданутымі» і Майданам – надта балючая для яго гэта праблема.

- Дык ідэя канстытуцыйнага рэферэндуму па-ранейшаму вісіць у паветры ці сышла з парадку дня?

- Тэарэтычна тэма канстытуцыйнага рэферэндуму застаецца на парадку дня, але пра практычную рэалізацыю гаворка пакуль не ідзе. І да практычнай рэалізацыі чакаць яшчэ шмат гадоў. Асабіста я думаю, што ў часы прэзідэнцтва Лукашэнкі рэферэндум не адбудзецца ўвогуле. Пакуль Лукашэнка ва ўладзе – такога рэферэндуму не будзе. Якая яму розніца – праводзіць «выбары» праз 5 гадоў і застацца ва ўладзе, ці праводзіць прэзідэнцкую кампанію на 7 гадоў – вынік адзін. Павелічэнне тэрміну прэзідэнцтва выкліча незадавальненне насельніцтва і часткі палітыкаў, што Лукашэнка не можа не разумець.

Выносячы на рэферэндум пытанне пра павелічэнне прэзідэнцкага тэрміну, трэба выносіць і іншыя пытанні на ўсенароднае абмеркаванне: частковая перадача ўлады парламенту ці Саўміну, напрыклад.

- Але ж Лукашэнка таксама неаднаразова казаў пра магчымую перадачу часткі паўнамоцтваў іншым галінам улады.

- Казаць і рабіць – дзве вялікія розніцы (смяецца). Ён заікнуўся пра рэферэндум, усе ўхапіліся , а ўвагу да астатніх праблемаў згубілі. Лукашэнка дамогся сваіх мэтаў.

- Значыць, наперадзе беларусаў чакаюць толькі парла­менцкая і прэзідэнцкая кампаніі па старых правілах?

- Сістэма ўлады правяла трэніроўку на мясцовых выбарах. Сістэма сфармавана такім чынам, што яна вырашае любую праблему ў часе любой кампаніі. І ўвогуле: навошта Лукашэнку нешта мяняць, калі сістэма працуе «бездакорна»? То бок на яго карысць.

Даведка «БелГазеты». Рыгор Кастусёў нарадзіўся 17 красавіка 1957г. ў вёсцы Цяхцін Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласці. У 1982г. скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію па спецыяльнасці «інжынер-механік». Пасля службы ў войску працаваў галоўным інжынерам, а пасля дырэктарам саўгаса ў Бялыніцкім раёне. У 1995-2001гг. быў дырэктарам Шклоўскага раённага аб’яднання жыллёва-камунальнай гаспадаркі. У 2002-04гг. – дырэктар сумеснага беларуска-ўкраінскага прадпрыемства «Гідрасіла – Белая Русь» у Магілёве. Кандыдат у прэзідэнты на прэзідэнцкіх выбарах 2010г. Жанаты. Трое дзяцей.

Травень 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кра    
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.