Партыя БНФ » Вядоўцу Белсата Паўла Мажэйку аштрафавалі за стрым з Дня Волі
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Вядоўцу Белсата Паўла Мажэйку аштрафавалі за стрым з Дня Волі

Дададзена 14.05.2018 6:54:15 | 557 праглядаў

Суд Ленінскага раёну Гародні пакараў «белсатаўца» Паўла Мажэйку штрафам у 35 базавых велічыняў (857 рублёў). Журналіста судзілі за наўпроставае ўключэнне са святкавання стагоддзя БНР у Гародні сёлета 25 сакавіка.

У якасці доказу гарадзенскія міліцыянты прадставілі кавалак відэазапісу, на якім Мажэйка вядзе прамую трансляцыю і бярэ каментар у старшыні гарадзенскай рады Партыі БНФ і намесніка старшыні Партыі БНФ Вадзіма Саранчукова. Як паведамілі міліцыянты, відэа яны заўважылі падчас правядзення відэаманіторынгу, які ўваходзіць у службовыя абавязкі праваахоўных органаў.

Сведкам выступаў капітан міліцыі Аляксей Вайцешка, які пацвердзіў, што Павал нібыта «круціўся на імпрэзе з тэлефонам у руках і нейкі час апранаў белыя слухаўкі».

Павал Мажэйка перад судовым паседжаннем ў Горадні. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

За працу без акрэдытацыі на яго склалі пратакол па ч.2 арт. 22.9 КоАП, а суддзя Дзмітры Бубенчык прыняў рашэнне аштрафаваць журналіста.

«Ясна адно: задача ўладаў – прыдушыць незалежных журналістаў у Горадні, націснуць на іх. Суды ствараюць выгляд кіпучай працы – у тэчцы з матэрыяламі справы нават фігуруе мой выезд за мяжу ў 2012 годзе… А насамрэч усё залежыць ад загаду зверху, які атрымлівае суддзя. Але нічога, мы трываем», – каментуе Мажэйка.

Павал Мажэйка атрымаў 35 базавых велічынь штрафу за супрацоўніцтва з Белсатам. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

На думку нашага калегі, справы супраць журналістаў «Белсату» – гэта палітычныя рэпрэсіі, але «да гэтага трэба быць гатовымі». Абскарджваць пастанову суду ён не плануе, бо гэта «марнаванне сілаў і часу».

«Відаць, што супрацоўнікам міліцыі трэба неяк падымаць статыстыку. У дадзеным выпадку – гэта абсалютна прыцягнутая за вушы пакаранне. 40 хвілін на разгляд справы ў судзе і 20 хвілінаў на вынясенне рашэння сведчыць пра тое, што пастанова ўжо была гатова. Судовая сістэма ў Беларусі абсалютна працуе без зменаў і парушае правы як звычайных людзей, гэтак і людзей, якія працуюць на карысць грамадства» – каментуе намеснік старшыні Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў, у якога журналіст браў інтэрв’ю 25-га сакавіка.

Павел Мажэйка – вядомы гарадзенскі журналіст, на «Белсаце» вядзе гістарычную праграму «Intermarium». Летась Паўла таксама судзілі за стрым з Дня Волі, але тады суд даў яму толькі 23 базавых штрафу.

Падтрымаць Паўла Мажэйку ў судзе прыйшлі незалежныя гарадзенскія журналісты і праваабаронцы. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Па гэтым жа артыкуле – 22.9 – толькі ў траўні 2018 году беларускія ўлады паспелі асудзіць журналістаў «Белсату» 9 разоў. Усяго ж за бягучы год, паводле дадзеных Беларускай асацыяцыі журналістаў, пад адміністратыўны пераслед «белсатаўцы» траплялі 38 разоў, а агульная сума штрафаў склала 31 997 рублёў – перадае тэлеканал Белсат.

???

Журналіст Павал Мажэйка і намеснік старшыні БНФ Вадзім Саранчукоў у судзе. Фота Беларускага Радыё Рацыя

mazheiko

Павал Мажэйка з пастановай суда. Фота ПЦ “Вясна”

?????????

Фота Беларускага Радыё Рацыя

Кастрычнік 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Вер    
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.