Партыя БНФ » Ад 2019 года года на сайтах дзяржорганаў пашырыцца аб’ём беларускай мовы
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Ад 2019 года года на сайтах дзяржорганаў пашырыцца аб’ём беларускай мовы

Дададзена 24.05.2018 2:13:15 | 1,242 праглядаў

З наступнага году сайты дзяржаўных органаў і арганізацый будуць абавязаныя размяшчаць пашыраны аб’ём інфармацыі на беларускай мове: недарэчная канструкцыя “на беларускай і (альбо) беларускай мове” у заканадаўстве захаваная, але вызначаны пералік інфармацыі, якая ў абавязковым парадку павінная размяшчацца на дзьвюх мовах.

Пра гэта паведаміла Міністэрства інфармацыі ў сваім адказе на зварот Партыі БНФ датычна зьменаў у закон “Аб сродках масавай інфармацыі”, якія былі прынятыя 19 красавіка ў першым чытаньні.

У лісьце за подпісам міністра інфармацыі Аляксандра Карлюкевіча паведамляецца, што згодна з абноўленымі правіламі, інфармацыя на дзяржаўных інтэрнэт-сайтах павінна быць прадстаўленая на дзьвюх дзяржаўных мовах – рускай і (або) беларускай, пры гэтым дадаецца пералік інфармацыі, якая павінная быць у абавязковым парадку на абедзьвюх мовах.

Гэтае палажэньне набывае моц ад 1 студзеня 2019 года і распаўсюджваецца не толькі на сайты цэнтральных і мясцовых дзяржаўных органаў і дзяржаўных арганізацый, але таксама і на сайты гаспадарчых таварыстваў, у якіх дзяржава валодае доляй ўласнасьці (гэта значыць – усе дзяржаўныя прадпрыемствы).

У тым ліку ў абавязковым парадку на беларускай мове сайты павінныя будуць размяшчаць:

- агульную інфармацыю пра арганізацыю (афіцыйная назва і структура, паштовы адрас, адрас электроннай пошты; нумары тэлефонаў даведачных службаў; рэжым работы; зьвесткі аб задачах і функцыях дзяржаўнага органа і арганізацыі, іх структурных падраздзяленьняў; пералік тэрытарыяльных органаў, падпарадкаваных (уваходзячых у склад) арганізацый дзяржаўнага органа і адасобленых падраздзяленьняў арганізацыі, зьвесткі аб задачах і функцыях, а таксама іх паштовыя адрасы, адрасы інтэрнэт-сайтаў і электроннай пошты, нумары тэлефонаў іх даведачных службаў; зьвесткі аб кіраўніку дзяржаўнага органа і арганізацыі (пасада, прозьвішча, уласнае імя, імя па бацьку, нумар службовага тэлефона);

- інфармацыю аб рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асобаў: парадак, час і месца асабістага прыёму грамадзян і парадак разгляду зваротаў; спецыяльная рубрыка «Электронныя звароты»; спосаб або спосабы падачы электронных зваротаў у дзяржаўны орган, іншую дзяржаўную арганізацыю (спасылка на адрас электроннай пошты і (або) размяшчэнне ў спецыяльнай рубрыцы на інтэрнэт-сайце); нумары тэлефонаў «гарачых лініяў», тэлефонаў даверу і даведачных службаў; назва, месца знаходжання і рэжым работы вышэйстаячага дзяржаўнага органа і арганізацыі;

- інфармацыю аб ажыццяўленьні адміністратыўных працэдураў у дачыненні да юрыдычных асобаў і грамадзянаў: назвы адміністратыўных працэдураў; парадак падачы заяў аб ажыцьцяўленні адміністратыўных працэдураў у электроннай форме (пры яе наяўнасці); вычарпальныя пералікі дакументаў і (або) зьвестак, якія прадстаўляюцца для ажыцьцяўленьня адміністратыўных працэдураў; парадак запаўнення і прадстаўлення блянкаў (формаў) дакументаў; тэрміны ажыцьцяўлення адміністратыўных працэдураў; тэрміны дзеяньня даведак або іншых дакументаў, якія выдаюцца пры ажыцьцяўленні адміністратыўных працэдураў; памер платы, якая зьбіраецца пры ажыцьцяўленьні адміністрацыйных працэдураў, а таксама рэквізіты банкаўскіх рахункаў для ўнясеньня такой платы; час прыёму, месца знаходжаньня, нумар службовага тэлефона, прозьвішча, уласнае імя, імя па бацьку, пасада работніка (работнікаў) дзяржаўнага органа і арганізацыі, які ажыцьцяўляе (якія ажыцьцяўляюць) прыём заяў аб ажыцьцяўленні адміністратыўных працэдур; назва, месца знаходжаньні і рэжым работы вышэйстаячага дзяржаўнага органа і арганізацыі;

- інфармацыю аб таварах (работах, паслугах), якія вырабляюцца (якія выконваюцца, якія аказваюцца) арганізацыяй: пералік тавараў (работ, паслуаўг); кошты (тарыфы) на тавары (работы, паслугі);

- інфармацыю аб формах зваротнай сувязі.

Фактычна, дзяржаўныя сайты павінныя будуць дубляваць усю інфармацыю на беларускай мове, апроч стужкі навінаў. Аднак пры гэтым тэксты нарматыўна-прававых актаў і формы (узоры) дакументаў будуць прадстаўленыя па-ранейшаму толькі на мове іх афіцыйнага зацьвярджэньня.

Гэты парадак устаноўлены пастановай ураду ад 23 кастрычніка 2017 г. № 797, якой унесеныя карэктывы ў Палажэньне аб парадку функцыянаваньня інтэрнэт-сайтаў дзяржаўных органаў і арганізацый, што было зацверджанае пастановай ураду ад 29 красавіка 2010 г. № 645 “Аб некаторых пытаньнях інтэрнэт-сайтаў дзяржаўных органаў і арганізацый і прызнаньні страціўшай сілу пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 11 лютага 2006 года № 192“.

Адказ міністра камэнтуе старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў:

Кастусёў 32-          Міністр інфармацыі адказаў на тую частку нашага звароту, якая датычыць мовы дзяржаўных сайтаў (у тым ліку нас цікавілі сайты дзяржаўных СМІ) і парадку абмеркаваньня зьменаў у закон аб СМІ. На іншыя нашыя прапановы да законапраекту (у тым ліку зьвязаныя з абавязковай рэгістрацыяй карыстальнікаў і магчымасьці пазасудовага блякаваньня сайтаў) мы пакуль адказу не атрымалі – спадзяюся атрымаць яго ў лісьце з парлямэнцкай камісіі, якой мы ўласна і адрасавалі наш зварот.

Што да ўстанаўленьня для дзяржаўных органаў абавязку весьці сайты на дзьвюх мовах – гэта добрая, станоўчая навіна. Нарэшце дзяржаўныя органы пазбавяцца ад нягеглых “руска-беларускіх” старонак, будуць абавязаныя мець дзьве паўнавартасныя вэрсіі – і гэта добра. З іншага боку, па-першае, нас не можа задаволіць выключэньне з аб’ёму інфармацыі, якая падлягае публікацыі на беларускай мове, тэкстаў нарматыўна-прававых актаў і формаў дакументаў – гэта безумоўна парушае правы беларускамоўных грамадзян. Па-другае, выключэнне для навінаў фактычна робіць гэтую норму нядзейснай для сайтаў дзяржСМІ, якія фінансуюцца з дзяржаўнага бюджэту: выглядае што заснаваныя ці фінансаваныя дзяржавай газэты, радыёстанцыі і тэлеканалы па-ранейшаму будуць прыцясьняць беларускамоўных спажыўцоў. Падобнымі захадамі русіфікацыю не спыніш!

Мы стаім на пазыцыі, што ўсё што робіцца дзяржавай альбо за кошт дзяржаўнага бюджэту (а гэта значыць – і нарматворчасьць, і праца фінансаваных дзяржавай СМІ) не павіннае прыцясьняць альбо дыскрымінаваць беларускамоўных грамадзян.

Але хачу выказаць падзяку міністру інфармацыі за прадстаўленыя зьвесткі – яны стануць нагодай для пільнага маніторынгу сайтаў дзяржаўных органаў, арганізацый і прадпрыемстваў, якія ад наступнага году павінныя будуць кардынальным чынам зьмяніць свой моўны выгляд.

Зварот Партыі БНФ быў перададзены ў парламент 3 траўня, у сусьветны дзень свабоды друку. У дакуменце выказвалася занепакоенасьць тым, што большасьць заплянаваных законапраектам зьменаў не служыць інтарэсам нацыянальнай бясьпекі і не спрыяе выкананьню права грамадзян на атрыманьне, захоўваньне і распаўсюд інфармацыі, што пагражае неабгрунтаваным абмежаваньнем замацаванай у Канстытуцыі свабодзе распаўсюду меркаваньняў. Выкладзеныя ў звароце прапановы Партыі БНФ былі скіраваныя на уключэньне ў законапраект зьменаў у мэтах выкананьня правоў і свабодаў грамадзянаў, а таксама на стварэньне спрыяльнага клімату для беларускіх сродкаў масавай інфармацыі і айчыннай медыя-прасторы ў цэлым.

Сярод іншага, партыя прапаноўвала ўключыць у закон норму, паводле якой заснаваныя дзяржавай альбо фінансаваныя з дзяржбюджэту СМІ павінныя весьці свае інтэрнэт-старонкі на дзяржаўнай беларускай мове.

Адказ Міністэрства інфармацыі 1

Адказ Міністэрства інфармацыі 2

Снежань 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліс    
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.