Партыя БНФ » Аляксей Янукевіч: “Каля Курапатаў не павінна быць забаўляльнага аб’екту”
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Аляксей Янукевіч: “Каля Курапатаў не павінна быць забаўляльнага аб’екту”

Дададзена 28.05.2018 7:06:37 | 504 праглядаў

Беларускія апазіцыйныя палітыкі збіраюцца не дапусціць адкрыцця рэстарацыі «Паедзем, паядзім» каля ўрочышча Курапаты, дзе ў сталінскія часы астрэльвалі людзей.

Сустрэча грамадзкасьці па пытаньні новага наступу на Курапаты адбудзецца ў сераду 30 траўня аб 11.00 ў офісе прафсаюза РЭП (Кульман, 4)

Менгарвыканкам дазволіў КХП-БНФ правядзеньне 3 чэрвеня ў Курапатах мітынгу-рэквіему “Дзень памяці пра генацыд”.   Час мітынгу: з 13:00 да 16:00.

Як стала вядома «Радыё Свабода», у пятніцу, 1 чэрвеня, у 50 метрах ад урочышча адкрыюць рэстарацыю «Паедзем, паядзім». Комплекс будынкаў раней называўся «Бульбаш-хол», ён належыць кампаніі «БелРэстІнвест». Цяпер там ужо ідзе падрыхтоўка да імпрэзы. У залі гатовы інтэр’ер, расстаўленая мэбля, вісіць рэкламны банэр гарэлкі «Бульбаш». Рэстарацыя прадугледжвае 300 пасадачных месцаў. Да восені плануецца адчыніць яшчэ і лазню.

У Менрайвыканкаме журналістам пацвердзілі, што рэстарацыя ўключаная ў гандлёвы рэестр, аформіла ўсе дакументы.

Дырэктар «БелРэстІнвесту» Андрэй Ярмоленкаў яшчэ ў снежні 2017 году паведаміў «Белсату», што зʼяўляецца ўласнікам «аб’екта на 51-м кіламетры», які ён здае ў арэнду прадпрыемству ТАА «Анісбел». Кіраўніца «Анісбела» запярэчыла: яе прадпрыемства валодае толькі маленькім барам і крамай садавіны ў Менску, пра аб’ект на МКАД яна нічога не чула.

Калі кампанія «Белрэканструкцыя» у лютым мінулага году збіралася пабудаваць у непасрэднай блізкасці ад Курапатаў бізнес-цэнтр, грамадства абурылася і зладзіла двухтыднёвую абарону. Людзі ночылі ў намётах, кідаліся пад будаўнічую тэхніку, сварыліся з будаўнікамі. У выніку пратэстоўцы перамаглі, працы былі спыненыя.

Мы пацікавіліся ў некаторых лідараў гэтага пратэсту, ці плануецца сёлета абарона Курапатаў 2.0.

Намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч:

«У нас цяпер адбываецца паседжанне палітычнай камісіі партыі БНФ, уздымаем і пытанне па Курапатах. Калі »Бульбаш-хол« толькі пачыналі будаваць, у нас была выразная пазіцыя: размяшчэння забаўляльнага абʼекту на месцы масавага знішчэння невінаватых беларусаў быць не павінна. Падаецца, знайшліся новыя бізнесоўцы, не да канца ў курсе сітуацыі… Спадзяюся, за гэты кароткі час нам усё ж удасца мабілізаваць грамадства».

Змагар і цясьляр Зміцер Дашкевіч:     

«Пакуль у нас такой інфармацыі няма, не магу нічога сказаць… Калі звярнуцца па каментар? Я думаю, ніколі. Тут трэба альбо каментары даваць, альбо рабіць. Можаце запытаць у КХП-БНФ ці іншых маладафронтаўцаў. У мяне каментара не будзе на гэтую тэму цяпер».

Сустаршыня БХД Павал Севярынец:

«Мы плануем сабрацца ў сераду, каб абмеркаваць план дзеянняў. Запросім усіх актывістаў, якія летась бралі ўдзел у абароне. Думаю, да вечара серады ў нас будзе план, а, магчыма, нават абвестка.      На мой погляд, ніякія рэстарацыі побач з Курапатамі немагчымыя, там мусіць быць мемарыял, а вакол – пустая прастора. 3 чэрвеня спаўняецца 30 гадоў »адкрыццю« Курапатаў (маецца на ўвазе мітынг на чале з Зянонам Пазняком у 1988 годзе, – рэд.), таму адкрыццё бліжэй да гэтай даты выглядае надта правакацыйна, проста як КДБшнае паскудства».

 

Жнівень 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліп    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.