Партыя БНФ » У Магілёве актывісту Моладзі БНФ пагражаюць адлічэньнем з каледжу
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


У Магілёве актывісту Моладзі БНФ пагражаюць адлічэньнем з каледжу

Дададзена 29.05.2018 10:07:24 | 708 праглядаў

Сябру Моладзі БНФ з Магілёва Аляксандру Маскалёву пагражаюць адлічэньнем з Сацыяльна-гуманітарнага каледжу. Па словах 18-гадовага хлопца, куратарка курсу ўжо размаўляла зь ім пра пэрспэктывы навучаньня, калі ён застанецца ў шэрагах моладзевай арганізацыі БНФ. Моладзь БНФ прыняла заяву з нагоды перасьледу актывіста.

Аляксандр МаскалёўУ каледжы «занепакоеныя будучыняй» навучэнца

На гутарку выклікалі і ягоных бацькоў, якім дырэктарка Алена Кравец і яе намесьніца Валянціна Шунаева выказалі «занепакоенасьць будучыняй» навучэнца, зьвязаўшы гэта зь сяброўствам у апазыцыйнай арганізацыі – паведамляе Радыё Свабода.

Бацькі Аляксандра гутарку з кіраўніцтвам навучальнай установы ўспрымаюць сур’ёзна. Калі зьявіцца жаданьне, кажуць яны, адлічыць сына з каледжу, то прычыну знойдуць. Гэта, паводле іх, дала зразумець дырэктарка навучальнай установы.

«Яна сказала, што выключаць Аляксандра празь ягонае сяброўства ў апазыцыйнай арганізацыі ніхто ня мае права, але калі будуць праблемы з навучаньнем, то гэта ўжо падстава для адлічэньня», — пераказаў словы кіраўніцы каледжу бацька навучэнца Ўладзімер.

«Ня выйдзеш з апазыцыйнай арганізацыі — будуць праблемы»

Аляксандар у каледжы не хаваў, што ўступіў у моладзевую арганізацыю БНФ. На ягонай старонцы ў сацыяльных сетках ён публікаваў матэрыялы пра гэтую арганізацыю. Па яго словах, праблемы пачаліся, калі пра свае палітычныя прыхільнасьці ён сказаў аднаму з выкладчыкаў. Неўзабаве пасьля гэтага ў каледж на гутарку выклікалі бацькоў, не патлумачыўшы, зь якой нагоды. Высьветліць гэта яны папрасілі сына.

«На маё пытаньне, чаму выклікаюць бацькоў, куратарка адказала, што я мушу выйсьці з апазыцыйнай арганізацыі, інакш будуць праблемы і мяне адлічаць з каледжу», — кажа Аляксандар.

Прадстаўніца адміністрацыі: «Была гутарка з бацькамі пра захапленьні і погляды навучэнца. Пра адлічэньне не гаварылі»

Аляксандар — сярод найлепшых навучэнцаў у каледжы. Ён актыўна ўдзельнічае ў грамадзкім жыцьці навучальнай установы. Сканчае трэці курс. Вывучае інфарматыку.

Намесьніца дырэктара па выхаваўчай працы Валянціна Шунаева пытаньню аб пагрозе адлічэньня Аляксандра Маскалёва з каледжу зьдзівілася.

«Адкуль зьявілася такая тэма для абмеркаваньня, ды яшчэ пра адлічэньне навучэнца, які вучыцца цудоўна? — сказала яна. — Была толькі гутарка з бацькамі пра тое, чым ён захапляецца і якія ў яго погляды. Я нават гэта не хачу камэнтаваць».

Рыгору Кастусёву паабяцалі разабрацца ў сытуацыі

Каб прадухіліць адлічэньне Аляксандра, з дырэктаркай навучальнай установы Аленай Кравец 29 траўня сустрэўся старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў. Па словах партыйца, кіраўніца каледжу запэўніла яго, што разьбярэцца ў сытуацыі і на наступнай сустрэчы паінфармуе яго пра вынікі.

«Я давёў спадарыні Кравец, што сытуацыя з Аляксандрам падрывае аўтарытэт Беларусі ў Балёнскім працэсе», — сказаў Радыё Свабода Рыгор Кастусёў, як толькі выйшаў з каледжу.

«Таксама сказаў ёй, што паведамлю пра пагрозы адлічэньня навучэнца, сябра моладзі БНФ у Міністэрства адукацыі, бо перасьлед празь ягоныя палітычныя прыхільнасьці недапушчальны. Зразумела, калі будзе прымацца рашэньне аб яго адлічэньні, то зацьвярджаць яго будзе Алена Кравец, і яна ня здолее пратэставаць», — сказаў кіраўнік Партыі БНФ.

Аляксандар Маскалёў не зьбіраецца сыходзіць з Моладзі БНФ. Кажа, што Канстытуцыя дае яму права самому вырашаць, да якой арганізацыі далучацца. Дзейнасьць Моладзі БНФ, кажа ён, не парушае беларускага заканадаўства.

У сувязі з чарговым пагаршэннем сітуацыі з правамі беларускай моладзі і беларусіх студэнтаў Рада Моладзі БНФ прыняла адпаведную заяву:

Адносна нядаўна выключылі з беларусіх універсітэтаў нашых лідэраў – Юрася Лукашэвіча і Ганну Смілевіч, але пагрозы ў бок нашых актывістаў на гэтым не спыніліся. Пасля пачатку працы па пашырэнні нашай прысутнасці ў рэгіёнах і пачатку актыўнай дзейнасці там сітуацыя пачала пагаршацца. Шматлікія выклікі ў ідэалагічныя адзелы, запужванні пра адлічэнні і нават намёкі на тое, што актывістаў могуць пасадзіць. Усё гэта робіцца з мэтай перашкодзіць дзейнасці нашай арганізацыі, не даць стварыцца сапраўды альтэрнатыўнаму моладзеваму руху і запужаць беларускую моладзь, каб тая не удзельнічала ў розных ініцыятывых.

З большага ўсе гэтыя пагрозы робяцца з адной мэтай, каб запужаць моладзь, але ёсць выпадкі, калі пераходзяць усе межы, як сітуацыя ў сацыяльна-гуманітарным каледжы імя Куляшова г.Магілёва, дзе навучаецца наш актывіст Аляксандр Маскалёў, якога не толькі абяцалі заваліць на экзаменах( пры тым, што сярэдні бал Аляксандра 8.9), але і казалі пра тое, што людзям зараз падкідваюць наркотыкі і пры гэтым акцэнтавалі ўвагу на Аляксандры. У сувязі з гэтым Рада Моладзі БНФ прыняла зяву, у якой асудзіла дадзеныя выпадкі і патрабуе шэраг мер:

Моладзь БНФ з сумам канстатуе той факт, што рэпрэсіі ў адносінах да беларускай моладзі, студэнтаў і навучэнцаў каледжаў і школ працягваюцца. На працягу апошняга месяца, калі наша арганізацыя занялася пашырэннем свайго прадстаўніцтва ў рэгіёнах нашай краіны, ціск, які аказваўся на нашых актывістаў, павялічваўся з кожным днём.

Хочацца адзначыць, што мы з’яўляемся моладзевым крылом адной са старэйшых легальных партый Рэспублікі Беларусь, а ўся наша дзейнасць не супярэчыць заканадаўству краіны. Апошнім часам нашы рэгіянальных структуры займаліся правядзеннем культурніцкіх імпрэз, экалагічнымі акцыямі, адукацыйнымі імпрэзамі для сваіх актывістаў, але чым больш праводзіліся такія мерапрыемства і акцыі, тым больш узмацняўся ціск.

Першымі пачалі сваю працу ідэолагі школ, якія па фатаздымкам адсочвалі, хто з іх навучэнцаў прысутнічаў на нашым мерапрыемствах, падкрэслім, прысутнічаў, а не ўдзельнічаў у арганізацыі, і пужалі тым, што адлічаць са школы, паставяць на савет прафілактыкі, што яны нікуды не паступяць. Пасля пачаліся запужванні не толькі нашых актывістаў, але і іх аднагрупнікаў ва ўніверсітэтах і каледжах, дзе пагражалі выключэннем, саветамі прафілактыкі і былі доўгія размовы з ідэолагамі. Хочацца адзначыць, што такое адбываецца амаль ва ўсіх гарадах, дзе ёсць нашы структуры.

Але сёння выпадак, які здарыўся ў Магілёве, перайшоў усе межы. Актывісту нашай арганізацыі, Аляксандру Маскалёву, навучэнцу сацыяльна-гуманітрнага каледжа імя А.А.Куляшова пагражалі не толькі тым, што яго заваляць на экзамене, але і казалі пра тое, што людзям падкідваюць наркотыкі, акцэнтуючы ўвагу пры гэтым на Аляксандра. Пакуль мы рыхтавалі гэтую заяву,то каледж наведаў кіраўнік Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, які спрабаваў даведацца на якіх падставах пагражаюць нашаму актывісту. Пасля яго сыхода, куратар Аляксандра сказала, што ” калі мы цябе адлічым не па палітычных матывах, то за непаспяховасць”. Нагадаем, што Аляксандр мае сярэдні бал – 8,9.

Мы лічым гэта непрымальным і недапушчальным, рашуча асуджаем такія дзеянні і выступаем за тое, каб пакараць усіх, хто рабіў дадзеныя выказванні, аказваў маральны і псіхалагічны ціск, праводзіў дыскрымінацыю па палітычных поглядах. У сувязі з гэтым мы патрабуем:

- правесці праверку сацыяльна-гумманітарнага каледжа імя А.А.Куляшова і пакараць тых, хто здзейнісніў такія выказванні і рабіў пагрозы ў бок Аляксандра Маскалёва;

- не дапускаць больш такіх выказванняў і пагроз у бок студэнтаў ;

- спыніць ціск на беларускую моладзь і беларускіх студэнтаў ;

- прыбраць пасаду ідэалагічнага супрацоўніка з універсітэтаў, каледжаў, школ ;

- ад Міністэрства адукацыі: давесці да сваіх супрацоўнікаў іх правы і абавязкі, пра недапушчальнасць такіх выказванняў і пагроз у бок студэнтаў і пра крымінальную адказнасць за перашкоду ў працы грамадскіх арганізацый ;

- аднавіць Юрыя Лукашэвіча і Ганну Смілевіч ва ўніверсітэце.

Мы звяртаемся да беларускіх і міжнародных праваабарончых арганізацый, нашых партнёраў з просьбай выказаць свой пратэст на дзеянні супрацоўнікаў універсітэтаў, каледжаў і школ і патрабаваць ад беларусіх уладаў выканнання дадзеных патрабаванняў, а таксама звярнуць больш шчыльную увагу на парушэнні правоў беларускай моладзі і прыняць неабходныя дзеянні па іх спыненні.

Рада Моладзі БНФ, 29.05.2018

Негледзячы на ўвесь ціск, які аказваецца на нашых актывістаў, мы працягнем сваю працу і будзем змагацца за прасоўванне сваіх каштоўнасцяў і мэт. Мы заклікаем беларускую моладзь не баяцца, а далучацца і паказваць, што мы не баімся нейкіх там ідэолагаў і, нягледзячы ні на што, мы будзем і далей адстойваць Незалежнасць нашай краіны, пашыраць Беларушчыну і ствараць моцны моладзевы рух. І самае галоўнае: памятайце, што мы адна каманда і мы будзем заўсёды разам і да канца, а ўсе гэтыя запужванні з большага проста запужванні.

Са свайго боку мы гатовыя дапамагчы не толькі нашым актывістам, але і ўсім, хто сутыкныўся з пагрозамі. Для гэтага неабходна звярнуцца на нашую пошту( можна ананімна) і распавесці пра свой выпадак, і мы абавязкова дапаможам вам: moladzbelarus@gmail.com

Кастрычнік 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Вер    
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.