Партыя БНФ » Зьмены ў закон аб СМІ: блакіроўку сайтаў можна будзе аспрэчыць у судзе
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Зьмены ў закон аб СМІ: блакіроўку сайтаў можна будзе аспрэчыць у судзе

Дададзена 01.06.2018 10:19:15 | 546 праглядаў

Абмежаваньне доступу да інтэрнэт-сайтаў можна будзе абскардзіць у судовым парадку – адпаведныя нормы ўнесеныя ў законапраект аб зьменах у закон аб СМІ пры падрыхтоўцы яго да другога чытаньня.

Пра гэта паведаміла пастаянная камісія Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ ў сваім адказе на зварот Партыі БНФ датычна зьменаў у закон “Аб сродках масавай інфармацыі”, што былі прынятыя 19 красавіка ў першым чытаньні.

“Па папярэдніх выніках дапрацоўкі праекта закона да другога чытаньня, артыкулы 51.1 і 51.2 дапоўненыя адпаведна часткамі 8 і 5, якімі замацоўваецца права ўладальніка інтэрнэт-рэсурса, уладальніка сеткавага выданьня абскардзіць у судовым парадку рашэньні аб абмежаваньні доступу да інтэрнэт-рэсурса, сеткавага выдання і рашэнне аб адмове ў аднаўленні доступу” – гаворыцца ў лісце старшыні пастаяннай камісіі Андрэя Наумовіча.

Камэнтуючы адказ парламенцкай камісіі, старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў  заявіў:

Кастусёў 18- Улады вырашылі хоць неяк зьмягчыць прадугледжаныя законапраектам драконаўскія нормы пра блакіроўку інтэрнэт-сайтаў. Прыняцьцё рашэньняў пра абмежаваньне доступу да сайтаў па-ранейшаму застаецца ў кампэтэнцыі міністэрства інфармацыі, аднак з’яўляецца хаця б нейкая магчымасьць судовага перагляду такіх рашэньняў. Мы вітаем той факт, што заканадаўцы прыслухаліся да голасу розуму і пачулі рацыянальныя аргуманты грамадзкасьці па гэтым пытаньні. Аднак мушу адзначыць, што міжнародным стандартам адпавядала б аднясеньне рашэньняў пра абмежаваньне доступу да інтэрнэт-сайтаў цалкам да кампетэнцыі судовай улады.

Па іншых нашых прапановах што да зьменаў у закон аб СМІ парламентары станоўчых адказаў не далі. У цяперашнім выглядзе законапраект не служыць інтарэсам нацыянальнай бяспекі і не спрыяе выкананню права грамадзян на атрыманне, захоўванне і распаўсюд інфармацыі. Спадзяюся, што ўдасканаленьне гэтага законапраекта працягнецца, прапановы грамадзянскай супольнасьці будуць улічаныя, і пры другім чытаньні законапраект набудзе выгляд, больш спрыяльны для айчыннай медыя-прасторы і для правоў грамадзянаў - сказаў старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў.

Нагадаем, што раней адказ на прапановы Партыі БНФ што да зьместу зьменаў у заканадаўства аб СМІ дало Міністэрства інфармацыі.

Адказ Палаты прадстаўнікоў 1

Адказ Палаты прадстаўнікоў 2

Лістапад 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.