Партыя БНФ » 17 чэрвеня пад Слонімам ушануюць памяць паўстанца Міхала Валовіча
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


17 чэрвеня пад Слонімам ушануюць памяць паўстанца Міхала Валовіча

Дададзена 11.06.2018 10:58:39 | 236 праглядаў

У нядзелю, 17 чэрвеня, беларуская дэмакратычная грамадскасць збярэцца ў вёсцы Парэчча Слонімскага раёна, каб разам ушанаваць памяць беларускага нацыянальнага героя, удзельніка нацыянальна-вызвольнага паўстання на Беларусі ў 1830-1831 гадах Міхала Валовіча, (18 чэрвеня, спаўняецца 212 гадоў з ягонага дня нараджэння).

Michał_Vałovič,_Lavon_Pracłaŭski._Міхал_Валовіч,_Лявон_Працлаўскі_(1832-1837)
Паўстанцы Міхал Валовіч і Лявон Працлаўскі, гравюра XIX ст.

Каля мемарыяльнага знака Міхала Валовіча і яго паплечнікаў адбудзецца ўскладанне кветак, выступы беларускіх грамадскіх актывістаў, гісторыкаў.

Пачатак акцыі ў 11.30 гадзін. Збор удзельнікаў мерапрыемства ў 11.00 каля вечнага агню ў Слоніме. Запрашаюцца на мерапрыемства ўсе жадаючыя, каб разам ушанаваць тых, хто змагаўся за незалежнасць і вольнасць нашай Бацькаўшчыны.

Міхал Валовіч — беларускі рэвалюцыянэр, удзельнік нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1830—1831). Нарадзіўся 18 чэрвеня 1806, маёнтак Парэчча Слонімскага павету Гарадзенскай губэрні, цяпер Слонімскі раён Гарадзенскай вобласьці

З шляхецкага роду Валовічаў, сын Казімера, слонімскага падкаморыя.

У 1822—1825 гадах навучаўся ў Віленскім унівэрсытэце, быў блізкім да таемных таварыстваў філяматаў і філарэтаў, сябраваў з І. Дамейкам, М. Ходзькам і інш.

Удзельнічаў у нацыянальна-вызвольным паўстаньні ў складзе атраду генэрала А. Гелгуда. У зьвязку з паразай паўстанцаў мусіў эміграваць у Францыю, дзе зблізіўся з дэмакратычнымі арганізацыямі, рухам карбанарыяў. Прытрымліваўся радыкальных поглядаў на шляхі сацыяльнай перабудовы грамадзтва. Галоўнай прычынай нястач і прыгнечаньня сялянства лічыў буйное абшарніцкае землеўладаньне, выступаў за ягоную ліквідацыю, скасаваньне прыгону і бязвыплатную перадачу зямлі сялянам у калектыўную ўласнасьць. Выказваўся за абвяшчэньне Літвы дэмакратычнай рэспублікай, зьвязанай фэдэратыўнымі адносінамі з Польшчай.

Пад уплывам Ю. Заліўскага вырашыў узяць удзел у ягонай ваеннай экспэдыцыі на тэрыторыю колішняга Вялікага Княства Літоўскага, каб узьняць там (у адрозьненьне ад папярэдняга) сялянскае паўстаньне. Меркавалася, што карбанарыі Заходняй Эўропы, перамогшы ў сябе, дапамогуць паўстанцам. З рашэньня Ю. Заліўскага ўзначаліў слонімска-наваградзкую акругу. 19 сакавіка 1833 году паўстанцы перайшлі мяжу Расейскай імпэрыі і пачалі дзейнічаць на Слонімшчыне і Гарадзеншчыне. У атрад М. Валовіча прыйшлі сяляне з Парэчча, Вострава і Бардашоў. Каб здабыць грошы, паўстанцы напалі на пошту. Меркавалася ўзяць штурмам турму ў Слоніме з тым, каб вызваленыя вязьні далучыліся да паўстанцаў.

Але такія дзеяньні ўстрывожылі ўлады. Гарадзенскі губэрнатар Мураўёў даў загад абкружыць атрад над Шчарай. Дакумэнты сьведчаць, што пры затрыманьні М. Валовіч параніў кінжалам двух чалавек, а затым спрабаваў забіць сябе. Паўстанцы трапілі ў палон. Усяго па Гарадзеншчыне расейскія ўлады арыштавалі больш за 150 чалавек. На допыце М. Валовіч не назваў нікога з паплечнікаў, а таксама засьведчыў, што «хацеў выкарыстаць мяркуемае паўстаньне, каб зьдзейсніць свой намер і вызваліць сялян». 11 чэрвеня 1833 году ў Горадні распачаўся судовы працэс. Побач з М. Валовічам на лаве падсудных сядзелі 10 сялянаў, кіраўніка атраду прысудзілі да пакараньня сьмерцю праз чацьвертаваньне, аднак князь Далгарукаў зьмякчыў прысуд. 2 жніўня 1833 году Ю. Валовіча павесілі ў Горадні (паміж вуліцамі Лідзкай і Белуша, Парахавым завулкам і праспэктам Касманаўтаў). Цела павешанага ўначы перавезьлі ў закінуты вапнавы кар’ер і закапалі такім чынам, каб яно не магло быць адшуканае і ня сталася б месцам таемных набажэнстваў.

Астатніх паўстанцаў саслалі ў Сыбір — на катаржныя працы, у арыштанцкія роты, на пасяленьне. У ссылку адправілі таксама паўстанцаў з Воранава на чале з М. Шыманскім.

У вёсцы Парэчча, побач з вуніяцкай царквой, якую збудавалі Валовічы, стаяў крыж у гонар М. Валовіча і 12 паўстанцаў, якія загінулі ў барацьбе супраць расейскага імпэрыялізму. Аднак у 2003 годзе сьвятар Маскоўскага патрыярхату, які прыехаў у прыход з Прыднястроўя, загадаў выкапаць крыж. Пазьней крыж адшукалі побач са Шчарай і паставілі на могілках.

Чэрвень 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Тра    
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.