Партыя БНФ » Футбольныя заўзятары праігнаравалі рэстарацыю каля Курапатаў
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Футбольныя заўзятары праігнаравалі рэстарацыю каля Курапатаў

Дададзена 15.06.2018 3:38:27 | 345 праглядаў

14 чэрвеня, калі ў Расеі стартавала сусьветнае першынство па футболе, грамадзкасьць працягнула сымбалічную варту каля рэстарацыі “Поедем, поедим” каля месца расстрэлаў ахвяраў бальшавізму ў Курапатах.

Без наведнікаў застаўся рэстаран «Поедем поедим» увечары 14 чэрвеня, калі пачалася тэлетрансьляцыя першай гульні чэмпіянату сьвету па футболе, які стартаваў у Расеі. Пра гэта паведамілі актывісты, якія пікетуюць рэстарацыю, дамагаючыся яе закрыцьця з прычыны парушэньня ахоўнай зоны вакол мэмарыяльнага лесу Курапаты. Што ў рэстарацыі чакалі футбольных заўзятараў, пацьвердзіла на ўваходзе ў залю ветлівая афіцыянтка.

«У нас усталяваныя вялікія тэлевізары, будзем паказваць футбол, гульня зараз пачынаецца, заходзьце, чакаем аматараў, але пакуль нікога няма», — расчаравана разьвяла рукамі афіцыянтка. Размова была за 5 хвілін да гульні.

Але пачаўся ўжо і другі пэрыяд матчу, а ніхто з заўзятараў зборных па футболе Расеі і Саудаўскай Арабіі ў рэстарацыю «Поедем поедим» не прыехаў. З наведнікаў у перапынку гульні прыйшла паесьці толькі сям’я з бацькоў і дачкі-тынэйджэра. Ад пікетоўцаў яны ўзялі буклет пра Курапаты, але ў размовы не ўступалі – паведамляе Радыё Свабода.

14 чэрвеня паводле раней распрацаванаму графіку адказнасьць за варту каля «Поедем поедим» неслі актывісты Партыі БНФ.

Па інфармацыі Радыё Свабода, яны не прапусцілі некалькі аўтамабіляў, з адным з кіроўцаў адбыўся канфлікт, ён паспрабаваў наехаць на пікетоўцаў, а пасьля выклікаў ДАІ. Кіроўца сказаў, што ягоны бацька ў 1942 годзе служыў у войсках НКВД. Супрацоўнікі ДАІ склалі пратаколы на актывістаў за выхад на праезную частку. Пры гэтым па заяве старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва на кіроўцу, які спрабаваў наехаць на людзей, таксама былі складзеныя два пратаколы аб адміністратыўным правапарушэньні: адзін за няпройдзены тэхагляд аўтамабіля, а другі за нецэнзурную лаянку.

Пісьменнік Уладзімер Арлоў прыехаў да актывістаў, якія пікетуюць рэстарацыю каля Курапатаў, каб падпісаць і раздаць ім сваю кнігу «Імёны Свабоды». У паўзе пісьменнік вырашыў наведаць рэстарацыю «Поедем поедим». «Хацеў прайсці, каб перадаць адміністрацыі маю кнігу. Дык не пусцілі ахоўнікі. Сказалі, што ня пусцяць, бо «непажаданы наведнік» — расказаў Свабодзе Ўладзімер Арлоў і далей стаў падпісваць кнігі для ўдзельнікаў пікету.

Уладзімір Арлоў з пікетоўшчыкамі каля рэстарана "Поедем поедим".Фота: Радыё Свабода. Уладзімір Арлоў з пікетоўшчыкамі каля рэстарана “Поедем поедим”.Фота: Радыё Свабода.

У часе інтэрв’ю «Белсату» з лідарам Партыі БНФ Рыгорам Кастусёвым яшчэ адзін кіроўца ледзь не наехаў на пікетоўцаў, якія блакуюць пад’езд да рэстарану. «Па тых заявах некаторых прадстаўнікоў беларускіх уладаў, як я бачу, ўлады самі разумеюць, што дапусцілі злачынства і ляп, але да гэтай пары не прыдумалі, як з гэтай сітуацыі выйсці», – кажа кіраўнік Партыі БНФ Рыгор Кастусёў.

Па стане на 16 гадзін пратаколы правапарушэнняў па арт. 18.34 КаАП за знаходжанне на праезнай частцы былі складзеныя на семярых сябраў Партыі БНФ ды іншых актывістаў, якія пікетавалі рэстаран “Поедем поедим”. Сярод прыцягнутых да адміністратыўнай адказнасьці: Аляксей Сюдак, Валер Рабцаў, Алесь Лагвінец, намесьнік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, Дзяніс Урбановіч, Юрась Чавусаў, а таксама старшыня Партыі БНФ  Рыгор Кастусёў.

Напрыканцы для пратаколы правапарушэнняў па арт. 18.34 КаАП былі складзеныя таксама на Наталлю Гарачку і Дзяніса Краўчука.

Каля 20-й гадзіны на выхадзе з Курапатаў затрымалі актывіста Дзяніса Урбановіча. Яго адвезлі ў Бараўлянскае аддзяленне міліцыі, дзе пратрымалі некалькі гадзін, пагражалі крымінальнай справай за графіці на плоце рэстарана “Кабак НКУС зачынены”. На Урбановіча склалі 2 пратаколы: па арт. 17.1 (дробнае хуліганства) і 23.4 (непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы).

Ужо пасля вяртання з Курапат, каля дома, супрацоўнікі міліцыі затрымалі Алеся Таўстыку. Яго даставілі ў Бараўлянскае аддзяленне міліцыі, дзе склалі пратакол па ч.2 арт 23.34 (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) – паведамляе Праваабарончы цэнтар “Вясна”.

Усяго па стане на раніцу 15 чэрвеня вядома пра 52 пратаколы правапарушэнняў, складзеныя на 25 актывістаў. Найбольшую ўвагі сілавікі звярталі на Паўла Севярынца (11 пратаколаў), Дзяніса Урбановіча (7 пратаколаў) і Наталлю Гарачка (6 пратаколаў).

Радио Свобода

Тымчасам працаўнікі Бараўлянскага сельсавету ўсталявалі ў ахоўнай зоне Курапатаў шлягбаўм на «стыхійнай» сьцяжынцы, расказаў Свабодзе намесьнік старшыні партыі БНФ Аляксей Янукевіч. Сьцяжынка, на якой зьявіўся шлягбаўм, праходзіць праз ахоўную зону мэмарыялу Курапаты, дзе ў часы сталінскіх рэпрэсіяў былі забітыя дзясяткі тысяч, калі ня сотні тысяч беларусаў. Як мяркуюць абаронцы Курапатаў, гэтай дарогай карыстаюцца супрацоўнікі і пастаўшчыкі харчоў рэстарацыі «Поедем поедим», што месьціцца ў 50 мэтрах ад мэмарыялу.

Каб спыніць рух аўто праз «стыхійную» сьцяжынку, актывісты 12 чэрвеня ўсталявалі пасярод яе крыжы, але ў ноч на 13 чэрвеня невядомыя зламалі крыжы і склалі іх ля дарогі. Актывісты аднавілі крыжы ўдзень, але наступнай ноччу крыжы зьніклі зусім.

Аляксей Янукевіч распавёў Радыё Свабода, што працаўнікі Бараўлянскага сельсавету не размаўляюць з актывістамі, але ён лічыць відавочным, што зьяўленьне шлягбаўму зьвязанае зь візытам чыноўнікаў да крыжоў днём раней. Ці зьвязаныя чыноўнікі або працаўнікі рэстарацыі са зносам крыжоў, невядома.

shlagbaum_kuropaty_yanukevich

Як паведаміў намесьнік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч карэспандэнту партала TUT.BY, грамадзкая варта каля Курапатаў не спыняецца: “Пакуль не зачынецца рэстарацыя”.

82C700A4-9160-4D94-BDDA-2B65ADE504A5_w1023_s

2560CD12-DA95-4C51-AB27-CBA6E3A4F13C_w1023_s

35199021_2169435346618160_7416615806668111872_o

35238292_2169441099950918_1116662321247158272_o

35296342_2169441816617513_1920417888225722368_o

35345782_2169432906618404_4536889137197744128_o

35388245_2169433743284987_5935072167967326208_o

35389362_2169437423284619_6037008346244972544_o

62E4E80F-EE5A-46FF-B6C8-D34FE563D582_w1023_s

Ліпень 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Чэр    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.