Партыя БНФ » На Слонімшчыне ўшанавалі памяць Міхала Валовіча і яго паплечнікаў
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


На Слонімшчыне ўшанавалі памяць Міхала Валовіча і яго паплечнікаў

Дададзена 17.06.2018 3:30:28 | 932 праглядаў

У нядзелю, 17 чэрвеня, у вёсцы Парэчча Слонімскага раёна ля мемарыяльнага знаку Міхала Валовіча (1806-1833) і яго 12 паплечнікаў адбылося ўшанаванне ўдзельнікаў паўстання на Беларусі ў 1830-1833 гадоў.

Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе Беларусь была цалкам акупавана расейскімі войскамі. На працягу няпоўных ста гадоў беларусы тройчы ўздымалі меч барацьбы супраць нацыянальнага ворага – Масквы. Адным з самых магутных было паўстанне 1830 – 1831 гадоў. Чынным яго ўдзельнікам быў наш зямляк са Слонімшчыны Міхал Валовіч. Ён нарадзіўся 18 чэрвеня 1806 годзе ў маёнтку Парэчча Слонімскага павета. Лістападаўскае паўстанне 1830 года застала Міхала ў бацькоўскім доме. У той час, калі расейскія войскі былі выгнаны з Польшчы, выступленне паўстанцаў у Беларусі ўжо распачыналася. Тут ужо існаваў Цэнтральны камітэт па кіраўніцтву паўстаннем на Беларусі ў тагачаснай сталіцы – Вільні. Камітэт меў сувязь з варшаўскімі паўстанцамі і з кожным паветам. Паўстанцкі камітэт Слонімскага павета вылучыў сваім прадстаўніком Міхала Валовіча і накіраваў яго за дырэктывамі ў Вільню. У хуткім часе Валовіч удзельнічае ў Грахоўскай бітве, за што атрымлівае сваю першую вайсковую ўзнагароду. Новы Народны ўрад Польшчы вырашае дапамагчы паўстаўшай Беларусі. Валовіч і Працлаўскі павінны былі сустрэць груз са зброяй у Паланзе. Пакуль яны дабраліся да Палангі, порт ужо быў захоплены расейцамі. Палангу было вырашана ўзяць штурмам, сумесна з партызанскім атрадам Яцэвіча. Штурм пачаўся 13 траўня 1831 года. Спачатку поспех быў на баку паўстанцаў, аднак да расейскага гарнізону неўзабаве падаспела дапамога. Потым быў штурм Вільні, аднак авалодаць горадам не ўдалося. Валовіч у гэты час прымаў удзел у іншых баях. За заслугі ў справе паўстання Валовіч і Працлаўскі былі ўзнагароджаны Цэнтральным урадам Польшчы залатымі кавалерскімі Крыжамі. А на Бацькаўшчыне, у адпаведнасці з загадам расейскага цара, іх чакаў расстрэл…

Некаторы час Міхал Валовіч вымушаны быў знаходзіцца на чужыне. У Парыжы ён з паплечнікамі рыхтаваўся да новага паўстання. У пачатку сакавіка 1833 года група патрыётаў рушыла на Бацькаўшчыну. Дабраліся не ўсе. Але найбольш здатныя перайшлі мяжу і прыступілі да падрыхтоўкі паўстання. Валовіч хутка сфармаваў партызанскі атрад. З мэтай здабыцця сродкаў на закупку зброі паўстанцы здзейснілі няўдалы напад на паштовую карэту з казённымі грашыма. Тым часам у Валовіча з’явілася магчымасць павялічыць свой атрад, бо 10 траўня ў лес уцяклі 28 палонных паўстанцаў, якія раззброілі свой канвой. Каб не дапусціць аб’яднання паўстанцаў, на іх пошукі было кінута звыш 10 тысяч салдат, паліцыянтаў і прыгонных сялян. Міхал Валовіч быў схоплены. На допытах трымаўся годна, праявіў выключную мужнасць, нічога не расказаў катам пра паўстанцкую арганізацыю. 21 ліпеня Міхал Валовіч быў павешаны ў Гародні. Пазней каты таемна схавалі цела героя, каб сцерці яго з народнай памяці. Але памяць пра яго жыве ў народзе, якому ён аддана служыў.

Існуе версія, што маці Міхала Валовіча выкупіла цела сына і прывезла ў вёску Парэчча на Слонімшчыну, дзе пахавала на мясцовых могілках. Там быў пастаўлены і вялікі белы помнік герою. Але, калі на Слонімшчыну прыйшла савецкая ўлада ў 1939 годзе, помнік быў знішчаны. І сёння месца, дзе ён стаяў, невядомае.

У 2000 годзе на могілках у Парэччы быў пастаўлены мемарыяльны крыж, а пазней і знак у гонар Міхала Валовіча і яго 12 паплечнікам. Там і адбываецца штогод ушанаванне нашых герояў.

Сёлета ўшанаваць Міхала Валовіча прыехалі сябры Беларускага Народнага Фронту ды актывісты іншых грамадзкіх рухаў з Баранавіч, Гародні, Бярозаўкі (Лідскі раён), са Слоніма і Жыровіч. Урачыстасць адкрыў сябра Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл Іван Бедка, які прыгадаў трагічны лёс Міхала Валовіча. Пра паўстанні на Беларусі, пра нацыянальных герояў і сітуацыю ў краіне распавядалі намесьнік старшыні Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў з Гародні, сябра Сойму Партыі БНФ Вітольд Ашурак з Лідскага раёна, Уладзімір Кавальчук з Жыровічаў і іншыя выступоўцы. Галіна Ярашэвіч і Таццяна Малашчанка з Баранавіч спявалі беларускія патрыятычныя песні.

IMG_2901

IMG_2889

IMG_2892

IMG_2898

IMG_2909

IMG_2919

IMG_2924

Паводле Беларускага Радыё Рацыя

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Кастрычнік 2019
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Вер    
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031  
© 2011 - 2019 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.