Аластар Рабальяці. Беларуская апазыцыя ў рэжыме выжываньня “статус-кво”Дададзена 16.02.2012 1:45:01 | 1,888 праглядаў У той час, як прэзыдэнцкая кампанія 2010 году прадэманстравала адраджэньне дынамізму і зацікаўленасьці апазыцыяй на Беларусі, наступныя гвалтоўныя рэпрэсіі забілі ўсялякую надзею на перамены ў краіне. Апазыцыя, зьнясіленая гэтымі падзеямі і пастаянным ціскам з боку ўладаў, ня здолела выкарыстаць эканамічны крызыс, памылкі ўраду і падзеньне рэйтынгу Лукашэнкі на сваю карысьць. Замест гэтага, апазыцыйныя партыі ў Беларусі пасьля выбараў 2010 году перайшлі ў рэжым выжываньня “статус-кво”. Залежныя ад сьціплай дапамогі Захаду, яны апынуліся паглынутыя галоўным чынам сваёй уласнай паралельнай палітычнай рэчаіснасьцю. Адарваныя ад шырокіх пластоў насельніцтва, яны ня выкарысталі такую магчымасьць, як эканамічны крызыс, каб патлумачыць людзям, як іх пляны змогуць станоўча паўплываць на жыцьцё звычайных грамадзянаў. Тым часам “палітычная сярэдзіна”, як ніколі раней, расчараваная ў лукашэнкаўскім кіраваньні. Аднак усе спробы выкарыстаньня так званага “трэцяга шляху” з мэтай дагрукацца да гэтай групы насельніцтва праваліліся. Галоўная прычына няўдачы ─ эфэктыўная стратэгія рэжыму “падзяляй і ўладар”, але адсутнасьць пераканаўчых аргументаў з боку апанэнтаў улады таксама робіць унёсак. Статус-кво паміж Лукашэнкам і апазыцыяй Палітычныя наступствы эканамічнага крызысу відавочныя: у верасьні 2011 году рэйтынг прэзыдэнта Лукашэнкі абваліўся да 20,5%, гэта самы нізкі паказчык за ўвесь час яго кіраваньня. Тым ня менш, адпаведнага павелічэньня рэйтынгаў лідараў апазыцыі не адбылося. Тым часам у сьнежні 2011 рэйтынг Лукашэнкі падняўся крышачку вышэй за 24,9%, што сьведчыць аб тым, што, па меншай меры, у кароткатэрміновай пэрспэктыве ён здольны пераадольваць найгоршыя наступствы крызысу. Любы аб’ектыўны аналіз прызнае, што беларуская апазыцыя зараз ў безвыходным становішчы. Найбольш значныя актывісты знаходзяцца за кратамі, астатнія ўжо пасьпелі падарваць сваё здароўе ў турэмных засьценках. 12 гадоў таму некаторыя зь лідараў, якія выклікалі найбольшы рэзананс у грамадзтве, былі забітыя. З-за пастаянных рэпрэсій на працягу многіх гадоў іх структуры зрабіліся замарожанымі, так як улады напрамую перашкаджаюць зьменам у кіраўніцтве і рэгістрацыі новых партый. Аднак мясцовыя экспэрты адзначаюць, што, нягледзячы на такое становішча, ужо на працягу доўгага часу існуе дзіўны падзел статусу-кво паміж Лукашэнкам-кіраўніком і апазыцыяй-ахвярай. Хоць яны відавочна ненавідзяць адзін аднога, у той жа час яны ўзаемазалежныя (у некаторай ступені і ў цяперашніх умовах): Лукашэнку неабходна жорстка абыходзіцца з апазыцыяй і захоўваць свой імідж апошняга дыктатара Эўропы, каб атрымліваць фінансавую падтрымку ад Расеі. У той жа час лідары апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці цалкам залежныя ад нават самай сьціплай фінансавай дапамогі Захада, што часта прыводзіць да таго, што апазыцыя жыве ў сваёй уласнай паралельнай палітычнай рэчаіснасьці, у якой чытае свае ж навіны на сваіх жа вэб-сайтах. А гэта рэчаіснасьць не супадае з паўсядзённым жыцьцём звычайных людзей, якія не атрымліваюць фінансавай дапамогі ад Захаду. Апантанасьць уласнай унутранай палітыкай На дадзены момант апазыцыя ў гэтай паралельнай палітычнай рэчаіснасьці больш засяроджана на сваёй унутранай палітыцы, чым на тым, што жадаюць бачыць альбо прапаноўваюць тыя, хто не ўваходзіць у іх кола. У апазыцыйных лідараў ёсьць праблемы з бачаньнем таго, наколькі Беларусь розная, і з унутранай упэўненасьцю, што толькі яны разумеюць рэальнае становішча. Некаторыя актывісты застаюцца апантанымі працэсамі, а ня зьместам, і засяроджваюцца хутчэй на сваёй дзейнасьці і прэс-рэлізах, а не на канкрэтных выніках. Палітыканства і ўнутраная барацьба за “карону” лідара апазыцыі (ці недапушчэньне таго, каб яе атрымаў хтосьці іншы) застаецца для іх важнейшым за працу зь людзьмі і атрыманьне падтрымкі апошніх. Клясычны прыклад – пытаньне палітычных вязьняў. Партыі лічаць, што яны павінны асьвятляць гэтую праблему і робяць яе сваім асноўным пытаньнем. Гэта тое, чаго ад іх чакаюць іх дзеючыя актывісты, таму партыі баяцца, што не агучыўшы праблему палізьняволеных, яны згубяць свой актыў і ня здолеюць рэкрутаваць новых людзей на іх месцы. У выніку, калі апазыцыйныя лідары зьвяртаюцца да грамадзтва, яны канцэнтруюцца больш на вязьнях, чым на пытаньнях “хлеба надзённага”, хоць пытаньне палітзьняволеных напрамую не ўплывае на жыцьцё шырокіх колаў грамадзтва. Паводле апошніх вынікаў апытаньняў, у грамадзтве зноў узьнікае “палітычная сярэдзіна”. Гэта тыя людзі, у якіх не засталося ілюзій наконт існуючай улады, але якія з-за шэрагу прычынаў не жадаюць падтрымліваць апазыцыю (напрыклад, з-за адсутнасьці даверу да яе як вынік пасьпяховых намаганьняў прапаганды, накіраваных супраць яе). У 2012 годзе галоўнай задачай апазыцыі павінен стаць пошук прыёмаў, як запоўніць гэты вакуум. Дагрукацца да людзей У першую чаргу апазыцыя павінна паспрабаваць зьвязаць у вачах грамадзтва кіраваньне Лукашэнкі з эканамічным крызысам, дэвальвацыяй валюты і падвышэньнем коштаў і, перш за ўсё, стаць больш выніковай ў распаўсюдзе альтэрнатыўнай стратэгіі. Да гэтага часу апазыцыя не скарысталася галоўнай магчымасьцю, бо падчас эканамічнага крызысу амаль увесь час маўчала. Аб’яднаная грамадзянская партыя распрацавала сваю антыкрызысную праграму і вандравала зь ёй па ўсім сьвеце, але ў выніку яна і дагэтуль ня здолела растлумачыць яе ўплыў на звычайнага грамадзяніна і прасунуць праграму сярод больш шырокіх колаў насельніцтва. Галоўнай прычынай, зразумела, зьяўляюцца абмежаваныя камунікацыйныя магчымасьці, але кепскі мэсэджынг таксама грае важную ролю. Апазыцыі таксама трэба паляпшаць свае навыкі “супрацьстаяньня”. Лідарам апазыцыі неабходна навучыцца, як супрацьстаяць ураду з дня ў дзень, пытаньне за пытаньнем, палітыка за палітыкай, а ня проста быць апантанымі Лукашэнкам. Сацыяльная патрэба ў новых ідэях, тварах і падыходах расьце, але ніхто пакуль ня здолеў задаволіць яе. Хоць было ўжо некалькі спробаў стварыць так званы “трэці шлях”, такія як Аляксандр Казулін (у 2006), “Гавары праўду”, Алесь Міхалевіч (у 2010), усе яны праваліліся. Ніхто з гэтых “трэціх шляхоў” ня здолеў застацца пасярэдзіне, таму што Лукашэнка пасьпяхова маргіналізаваў іх альбо сваім падыходам “альбо з намі, альбо супраць нас”, вымусіўшы далучыцца да фармальнай апазыцыі. Насамрэч, у большасьці з гэтых “трэціх шляхоў” былі свае заступнікі на захадзе (альбо на ўсходзе), якія вырашылі падтрымаць іх, таму што яны былі чымсьці новым. Донары іх выбралі, каб яны замянілі “старую апазыцыю”, але ў выніку ў іх гэтага не атрымалася. Усё гэта ўяўляла сабой нішто іншае, як звычайную перагрупоўку ў існуючай апазыцыі пры дапамозе аднаго ці двух новых імёнаў альбо структураў. Калі шчыра, некаторыя з гэтых “новых шляхоў” былі найгоршым варыянтам з тых, хто хутчэй шукае грошы і кароткатэрміновыя рашэньні, каб перамагчы Лукашэнку, чым прасоўвае новыя ідэі ці ідэалёгію. Такім чынам, увага зьвернута на апазыцыю. Той факт, што яна выжывае ў настолькі неспрыяльных умовах, сьведчыць пра тое, што яна і зараз мае пэўную падтрымку і свой электарат ў Беларусі і захоўвае ўнутраную арганізацыйную сілу. Калі яны разумеюць свае істотныя слабасьці, то значыцца, што яны ня проста нейкія штучныя стварэньні, а рэальныя суб’екты, якія зьяўляюцца адзінымі пастаяннымі змагарамі за перамены. Аластар Рабальяці / Dr Alastair Rabagliati Пераклад Партыі БНФ Крыніца: Belarusdigest.com
|
|
© 2011 - 2021 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.
|