Партыя БНФ » Лідскія актывісты БНФ занепакоеныя намерам уладаў зладзіць раскопкі на месцы пахаваньня паўстанцаў 1863 году
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Лідскія актывісты БНФ занепакоеныя намерам уладаў зладзіць раскопкі на месцы пахаваньня паўстанцаў 1863 году

Дададзена 23.06.2018 12:02:05 | 229 праглядаў

Лідзкія ўлады правядуць раскопкі на месцы пахаваньня паўстанцаў 1863 году паміж вёскамі Малое Вольжава і Мохавічы. Мясцовыя актывісты БНФ супраць, бо, на іх думку, раскопкі маюць праводзіць археолягі з Інстытуту гісторыі Акадэміі навук, а не вайсковы пошукавы атрад.

C05C292A-C8BB-4AE2-A70A-FD4DE51692E3_cx0_cy4_cw0_w1023_r1_s«Мэмарыял паўстанцам узьведзены намі на свае сродкі, і ніякія ўлады ні ў чым не дапамагалі»

На месцы пахаваньня паўстанцаў 1863 году ў Лідзкім раёне паміж вёскамі Малое Вольжава і Мохавічы, дзе ў міжваенны час знаходзіўся фальварак Шчытна, мясцовыя актывісты ўпарадкавалі сапраўдны мэмарыял.

Цяпер тут стаяць два вялікія драўляныя крыжы і валун з надпісам «Невядомым паўстанцам».

«Крыжы на магілах паўстанцаў былі пастаўленыя ў 1995 годзе, а валун летась, — кажа актывіст Партыі БНФ Вітольд Ашурак. — Прычым мы ўсё тут зрабілі сваімі рукамі і на свае сродкі, ніякія ўлады нам ні ў чым не дапамагалі. Нехта прывозіў цэмэнт, нехта пясок, арандавалі генэратар на свае грошы».

Валун з надпісам «Невядомым паўстанцам» на месцы пахаваньня паміж вёскамі Малое Ольжава і Мохавічы Лідзкага раёну

Валун з надпісам «Невядомым паўстанцам» на месцы пахаваньня паміж вёскамі Малое Ольжава і Мохавічы Лідзкага раёну

«Яны шукаюць падставаў, каб зьнішчыць мэмарыял паўстанцам»

Сябра Сойму Партыі БНФ і рэдактар газэты «Наша слова» Станіслаў Суднік быў у выканкаме, дзе яму сказалі, што хочуць пераканацца, ці насамрэч там пахаваныя паўстанцы. Суднік, у сваю чаргу, выказаў уладам свой пратэст супраць раскопак на месцы пахаваньня паўстанцаў.

Станіслаў Суднік
Станіслаў Суднік

Ён кажа, што ўсе мясцовыя людзі добра ведаюць, што там пахаваныя менавіта паўстанцы. У міжваенны час уладальнік фальварку Шчытна паставіў у іх гонар крыж, людзі пераказвалі гэта з пакаленьня ў пакаленьне, і туды заўсёды прыходзілі местачкоўцы, каб ушанаваць памяць паўстанцаў.

«Я супраць раскопак і таму, што іх зьбіраюцца праводзіць не адмыслоўцы з Інстытуту гісторыі Акадэміі навук, а нейкі пошукавы атрад», — кажа Суднік.

Паводле яго, некаму ва ўладных структурах вельмі карціць зьнішчыць мэмарыял, які знаходзіцца ў чыстым полі, каб наагул сьцерці памяць пра паўстанцаў.

Аддзел ідэалёгіі Лідзкага райвыканкаму: раскопкі будуць праводзіцца згодна з плянам

У аддзеле ідэалёгіі Лідзкага райвыканкаму мяркуюць, што на месцы мэмарыялу паўстанцам ёсьць вайсковае пахаваньне Першай усясьветнай вайны.

Маўляў, раскопкі праводзяцца згодна з плянам палявых пошукавых работ. Райвыканкам сумесна з ваенкаматам склаў інфармацыйны ліст, які накіроўваецца ў Міністэрства абароны ва ўпраўленьне па ўвекавечваньні.

— Таму спэцыялізаваны пошукавы батальён Міністэрства абароны будзе выконваць гэтыя працы, — сказаў прадстаўнік аддзелу ідэалёгіі.

— Але, паводле мясцовых актывістаў, там пахаваныя паўстанцы 1863 году.

— А ў чым пытаньне? Гэта ж ня чорныя капальнікі, раскопкі праводзяць адмыслоўцы. Калі гэта будуць не ахвяры вайны і не вайскоўцы, магчыма, да гэтага далучацца і археолягі, і навуковыя супрацоўнікі. Калі там будуць знойдзены парэшткі, гэтаму месцу будзе нададзены афіцыйны статус як пахаваньня. Але гэта будзе па выніках працаў, гледзячы на тое, знойдуць нешта ці не, — сказалі ў аддзеле ідэалёгіі.

Раскопкі будуць праведзеныя з 11 чэрвеня па 19 кастрычніка.

«Лідзкі райвыканкам рашэньне аб правядзеньні прац ужо прыняў», — сказалі ў райвыканкаме.

Крыж паўстанцам 1863 году на месцы пахаваньня ў былым фальварку Шчытна Лідзкага раёну
Крыж паўстанцам 1863 году на месцы пахаваньня ў былым фальварку Шчытна Лідзкага раёну

У 1863 годзе паміж вёскамі Малое Вольжава і Мохавічы адбыўся бой паміж касінерамі атраду Нарбута ды расейскім войскам. Тут загінулі тры дзясяткі паўстанцаў.

З нагоды 150-й гадавіны паўстаньня Кастуся Каліноўскага на Лідчыне агучылі сьпісы паўстанцаў 1863 году зь Лідзкага павету. У іх 388 прозьвішчаў, знойдзеных краязнаўцамі і супрацоўнікамі мясцовага музэю.

Паводле Радыё Свабода

Ліпень 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Чэр    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.