Партыя БНФ » Сойм БНФ прыняў заяву па сытуацыі вакол Курапатаў і па магчымых перамовах
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Сойм БНФ прыняў заяву па сытуацыі вакол Курапатаў і па магчымых перамовах

Дададзена 23.06.2018 1:25:22 | 698 праглядаў

23 чэрвеня ў Менску прайшло пасяджэньне Сойму Партыі БНФ, падчас якога была абмеркваная сытуацыя з размяшчэньнем забаўляльнай установы “Поедем поедим” у Курапатах вакол месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсіяў 30-40-х гадоў.

курапаты - каштоўнасьцьСтаршыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў распавёў сябрам Сойму пра хаду Курапацкай варты, якая наладжаная БНФ ды іншымі патрыятычнымі арганізацыямі з мэтай не дапусьціць функцыянаваньня забаўляльнага комплексу блізу курапацкага нэкропалю. Лідэр БНФ таксама паведаміў пра сваю сустрэчу з ўладальнікамі дадзенай установы і пра зьмест прапановаў адносна будучыні ганебнага аб’екта, якія былі выказаныя з іх боку.

На падставе абмеркаваньня ўсіх акалічнасьцяў справы кіруючы орган Партыі БНФ адзінагалосна прыняў заяву “Не – рэстарацыі ў Курапатах!”, якая публікуецца ніжэй.

Не – рэстарацыі ў Курапатах

Нацыянальны Нэкропаль Курапаты — месца пакутніцкай сьмерці і пахаваньня многіх тысячаў бязьвінных беларусаў, закатаваных камуністычнай уладай — у чарговы раз патрабуе абароны. Пабудаваны некалькі гадоў таму з грубымі парушэньнямі закону рэстаранна-забаўляльны комплекс “Бульбаш-хол” адкрыўся пад новай назвай і распачаў працу.

Многія паважаныя беларусы, прадстаўнікі інтэлігенцыі, грамадзкіх і палітычных арганізацыяў, беларускага бізнэсу, а таксама аўтарытэтныя дзеячы культуры з Расеі, Украіны, Польшчы, Літвы ды іншых краінаў ацанілі сам факт адкрыцьця забаўляльнага комплексу на самой мяжы Курапатаў як вандалізм, заявілі аб амаральнасьці ды непрыстойнасьці разьмяшчэньня рэстарацыі побач з Курапатамі. Грамадзкія ды палітычныя актывісты, у тым ліку сябры Партыі БНФ, распачалі ды трываюць Курапацкую варту.

Сойм Партыі БНФ заяўляе аб недапушчальнасьці разьмяшчэньня ў непасрэднай блізкасьці ад Курапатаў забаўляльнай установы, лічыць гэта апаганьваньнем памяці дзясяткаў ды сотняў тысячаў бязьвінных ахвяраў сталінскага тэрору, абразай гонару ды годнасьці іх нашчадкаў, усёй беларускай нацыі, блюзьнерствам ды зьдзекам над маральлю ды гістарычнай памяцьцю.

Грунтуючыся на выказаных ацэнках сытуацыі вакол Курапатаў, Сойм Партыі БНФ:

  1. Патрабуе ад беларускіх ўладаў нарэшце забясьпечыць недатыкальнасьць Курапатаў, спыніць маніпуляцыі зь межамі ахоўных зонаў мэмарыялу і прыняць належныя дзеяньні дзеля спыненьня функцыянаваньня рэстаранна-забаўляльнага комплексу “Поедем-поедім” на мяжы Курапатаў;
  2. заклікае правесьці перамовы паміж уласьнікамі і прадстаўнікамі абаронцаў Курапатаў дзеля разьвязаньня недарэчнай і ганебнай сытуацыі, што ўзьнікла з адкрыцьцём рэстарацыі;
  3. заклікае вызначыць час, месца і фармат перамоваў на нарадзе арганізацыяў, якія бяруць удзел у грамадзкай Курапацкай варце.

 Не — рэстарацыі ў Курапатах!

 23 чэрвеня 2018 году, Менск

52206_main

Ліпень 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Чэр    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.