Партыя БНФ » БНФ заклікае не падаўжаць тэрмін арэнды ваенных аб’ектаў Расеі ў Беларусі
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


БНФ заклікае не падаўжаць тэрмін арэнды ваенных аб’ектаў Расеі ў Беларусі

Дададзена 24.06.2018 12:02:52 | 1,448 праглядаў

23 чэрвеня Сойм Партыі БНФ прыняў заяву ў сувязі з набліжэньнем да заканчэньня вызначанага міждзяржаўнымі дамовамі тэрміну арэнды расейскіх ваенных аб’ектаў у Беларусі.

У 2020 годзе заканчваецца 25-гадовы тэрмін арэнды расейскіх аб’ектаў па дамовах, якія былі падпісаныя ўрадамі Расеі і Беларусі ў 1995 годзе. Паводле дамоваў, знаходжаньне расейскіх вайсковых аб`ектаў на тэрыторыі Беларусі прадугледжанае да 2020 года, падаўжэньне дамовы магчымае падпісаньнем дадатковага пагадненьня, а пры нежаданьні аднаго з бакоў падаўжаць дамову той мусіць папярэдзіць іншы бок пра гэта за 12 месяцаў да заканчэньня тэрміну дамовы.

- 2020 год не за гарамі, беларускі бок ніякай афіцыйнай  інфармацыі не дае, Расея таксама маўчыць. Тэрмін пагадненьняў заканчваецца, таму мы і выступаем  з патрабаваньнем не працягваць тэрмін эксплюатацыі расейскіх ваенных аб’ектаў -  вузла сувязі “Вілейка” і радыёлакацыйнай станцыі “Волга” на тэрыторыі Беларусі, – адзначыў старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў.

Ад імя БНФ у Савет Міністраў Беларусі будзе накіраваная прапанова праінфармаваць Урад Расейскай Фэдэрацыі аб нежаданьні Рэспублікі Беларусь падоўжыць тэрмін дзеяньня дамоваў ад 6 студзеня 1995 году, датычных размяшчэньня на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь вузлу “Баранавічы” і радыёстанцыі “Вілейка”.

Расейскім ваенным аб’ектам не месца ў Беларусі!

Заява Сойма Партыі БНФ 23 чэрвеня 2018 году

У 1995 годзе кіраўніцтва Беларусі прыняло памылковае рашэньне пра размяшчэньне на тэрыторыі нашай краіны расейскіх ваенных аб’ектаў: 43-і вузел сувязі ваенна-марскога флоту Расіі “Вілейка” (радыёстанцыя “Антэй”), размешчаны непадалёк ад горада Вілейка, і радыёлякацыйная станцыя “Волга” дэцымэтровага дыяпазону (вузел “Баранавічы”) ў складзе расейскай сыстэмы папярэджаньня аб ракетным нападзе, размешчаная на поўнач ад горада Ганцавічы.

Знаходжаньне гэтых аб’ектаў на тэрыторыі Беларусі да 2020 года прадугледжанае міжнароднымі дамовамі, што былі заключаныя ў 1995 годзе паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Расейскай Фэдэрацыі.

Размяшчэньне стратэгічнай інфраструктуры расейскага войска ў Беларусі супярэчыць дзеючай канцэпцыі нацыянальнай бясьпекі, ня служыць інтарэсам беларускага народу і робіць нашую краіну першаснай мішэньню у выпадку вайсковага канфлікту Расеі з іншымі краінамі, што валодаюць зброяй масавага знішэньня.

У якасьці падставы для рашэньня 1995 года Аляксандр Лукашэнка абвяшчаў, што Расея за знаходжаньне ў Беларусі сваіх ваенных аб’ектаў “прабачае беларускія даўгі за энэрганосьбіты”.

Аднак з таго часу канфлікты па коштах і запазычанасьцях за газ і нафту паміж нашымі двума краінамі адбываюцца амаль кожны год. За саступкі ў коштах на энэрганосьбіты Расея патрабуе ўсё новых і новых прэфэрэнцыяў, у тым ліку патрабуе продажу стратэгічных прамысловых прадпрыемстваў за бясцэнак. Гэта сьведчыць пра няслушнасьць эканамічнай мэтазгоднасьці размяшчэньня ў нас расейскіх вайсковых аб’ектаў.

Асаблівую небясьпеку гэтыя вайсковыя аб’екты сталі несці ў апошнія пяць год, калі ў выніку расейскага экспансіянізму і агрэсіўнай, захопніцкай палітыкі ў дачыненьні да суседніх дзяржаваў з боку Расеі, павялічылася рызыка ўдзелу РФ у буйнамаштабных вайсковых канфліктах. Беларусь насуперак дэкляраванай уладамі  палітыкі неўмяшальніцтва ў расейскія вайсковыя авантуры робіцца міжвольным закладнікам гэтых авантураў.

Напачатку 2019 года выцякае тэрмін, калі Беларусь можа заявіць пра нежаданьне падоўжыць тэрмін арэнды гэтых аб’ектаў. Нягледзячы на гэта, урад Беларусі не інфармуе грамадзкасьць пра хаду перамоваў па гэтым пытаньні. Ня выключана, што за сьпінай народа Беларусі вядзецца новы гандаль нашай нацыянальнай бясьпекай. Замест інфармацыі пра гэтае пытаньне кіраўніцтва Беларусі робіць правакатыўныя заявы, якія нашымі суседзямі трактуюцца як намер размясьціць у Беларусі яшчэ і новыя вайсковыя базы.

Партыя БНФ выступае супраць размяшчэньня на тэрыторыі Беларусі расейскіх вайсковых аб’ектаў, і лічыць катэгарычна непрымальным адсутнасьць публічнай афіцыйнай інфармацыі пра далейшы лёс гэтых аб’ектаў ад уладаў Беларусі.

Улічваючы выкладзенае, Партыя БНФ абвяшчае інфармацыйную кампанію супраць падаўжэньня тэрміну знаходжаньня ў Беларусі расейскіх ваенных аб’ектаў. У якасьці першага кроку кампаніі Партыя БНФ зьвяртаецца да ўладаў Беларусі з прапановай праінфармаваць урад Расеі аб нежаданьні Рэспублікі Беларусь падоўжыць тэрмін дзеяння дамоваў пра размяшчэньне на тэрыторыі Беларусі вузлу “Баранавічы” і радыёстанцыі “Вілейка”.

Лістапад 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.