Партыя БНФ » Ці вырасьце ў Курапатах беларуская “Салідарнасьць”?
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Ці вырасьце ў Курапатах беларуская “Салідарнасьць”?

Дададзена 26.06.2018 12:03:37 | 546 праглядаў
Курапаты — не толькі месца пахавання ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Гэта яшчэ і істотны чыннік сучаснай беларускай нацыятворчасці. Калі б не іх адкрыццё артыкулам Зянона Пазняка і Яўгена Шмыгалёва, думаю, Беларусь не пераадолела б інерцыю «Вандэі Перабудовы»
- піша Алена Ляшкевіч у штотыднёвіку “Новы Час“.

Фота Алены Ляшкевіч

У лепшым выпадку, ціхенька выйшла б са складу Расіі дзе-небудзь у 2000-х, як Чарнагорыя аддзялілася ад Сербіі. А яшчэ больш верагодна — заставалася б суб’ектам РФ да сёння, і не было б ніякага нацыянальнага адраджэння, а беларускі рух меў бы такі ж малы маштаб, як спроба заявіць пра сабе тудаўлянам ці цвярскім балтам.

На мой погляд, менавіта ў Курапатах выспявала наша грамадзянская супольнасць. Гэта абаронцы Курапатаў, грамадскасць, у 2002-м паўплывалі на перанос кальцавой дарогі, у 2012-м не дапусцілі адкрыцця «Бульбаш-холу» (ужо тады ўсё было гатова да пачатку працы), у 2017-м спынілі будаўніцтва бізнес-цэнтру ў ахоўнай зоне мемарыялу. Тое, што ахоўныя зоны былі зменшаныя з парушэннямі, таксама стала вядома дзякуючы грамадскім актывістам, як і імёны бізнесоўцаў, што маюць дачыненне да рэстарацыі «Паедзем, паядзім». За Курапатамі — ідэя, здольная яднаць жыхароў Беларусі, ідэя асуджэння сталінізму, гвалту і хлусні.

Гэта ідэя пакуль не стала мейнстрымам. Не было нічога кшталту Нюрнбергскага суду над камунізмам, таму гучаць думкі пра Сталіна як геніяльнага менеджара і захапленне тым, што ў СССР быў «парадак». Мне здаецца, без такога кшталту суду Беларусь сама асуджаная на вечнае азіранне назад і жыццё на раздарожжы гісторыі, на тую самую стабільнасць, якая — застой.

Павінна быць вядома ўсім і кожнаму: хваліць Сталіна ў прыстойным грамадстве — гэта кепскі тон. Як з мізагіннымі ці гамафобнымі выказваннямі ў Еўропе і ЗША: зразумела, што не ўсе прымаюць людзей адрознай ад іх сексуальнай арыентацыі, а камусьці вельмі хочацца, каб дзейнасць жанчын не выходзіла за межы кухні, кірхі і выхавання дзяцей. Але сказаць пра гэта публічна — значыць панесці незваротныя рэпутацыйныя страты.

Дык вось пра рэпутацыю. Ужо цяпер уладальнікі «Паедзем, паядзім» зарэгістравалі «левую» фірму, баючыся раскрыць свае імёны. На думку Віктара Марціновіча, гэта была спроба атрымаць дармовы піяр, які, меркавалі, на чорны і белы не дзеліцца, таму адкрыццё і прымяркоўвалі да даты выхаду артыкула Пазняка і Шмыгалёва. Спадзяваліся, што «апазіцыя» пашуміць — і супакоіцца. А не тут-та было. Пратэсты працягваюцца, дні варты падзялілі між сабой сем арганізацый, і мне хочацца бачыць у курапацкіх пратэстах зародак арганізацыі кшталту польскай «Салідарнасці».

У 1980-х гадах польскія антыкамуністычныя сілы з’ядналіся і дамагліся дэмакратычных зменаў. Нягледзячы на ўвядзенне ваеннага рэжыму!

Пытанне, ці сапраўды грамадзяне нашай краіны здолеюць дамовіцца. Спачатку — хаця б пра метады барацьбы. Павал Севярынец і, умоўна, «радыкалы», што гатовыя рызыкаваць здароўем, не прапускаючы машыны ў рэстарацыю, vs Зміцер Дашкевіч і, умоўна, «лібералы», якія за асвету і негвалтоўны супраціў. Здаецца, радыкальнасць адштурхвае патэнцыяльных абаронцаў.

З аднаго боку, у Курапатах не так і мала народу: у варце 2001–2002 гадоў адначасова ўдзельнічала ад 2 да 20 чалавек, у 2017-м першы намёт паставілі шасцёра энтузіястаў.

З другога боку, малалюдны пратэст дазваляюць сабе «не заўважаць» дзяржаўныя медыя, і ёсць ілюзія, што грамадства яго не падтрымлівае. Чаму лайкаў у сацсетках больш за абаронцаў? Дзе ўсе гэтыя людзі? На Дзень Волі ў Мінску прыйшлі тысячы, на мітынг у Курапатах 3 чэрвеня — сотні. Дзе яны цяпер, што не так з вартай?

Марыюш Машкевіч, дзеяч «Салідарнасці», амбасадар Польшчы ў Мінску, затрыманы на Плошчы–2006 і з таго часу неўязны ў Беларусь, казаў, што палякаў у барацьбе супраць камуністаў аб’яднала рэлігія. Што мы бачым у нашым выпадку? Прапанаваны Змітром Дашкевічам аргумент: «кроў нявінна забітых штодня кліча да Бога» — зусім не аргумент для асноўнай масы насельніцтва нашай краіны, веравызнанне якой можна, бадай, вызначыць як «праваслаўны атэізм». Гэта не аргумент і для інтэлектуалаў-агностыкаў.

Так, самыя актыўныя грамадскія дзеячы і рухі незалежнай Беларусі так ці інакш звязаныя з рэлігіяй: КХП-БНФ, праваслаўны Севярынец, пратэстант Дашкевіч… Больш за тое, магчыма, за пратэстантамі будучыня беларушчыны: каля паловы беларускамоўных дзяцей у Мінску — з іх сем’яў, дзякуючы заахвочванню шматдзетнасці. Але рэлігійныя ідэі далёкія для большасці жыхароў Беларусі!

Вось супрацоўніца «Паедзем, паядзім» Святлана кажа, што верніца, і рэгулярна ходзіць да касцёла. Але гэта не замінае ёй працаваць у такім месцы! Далей — больш. 18 чэрвеня, падчас варты грамадскай ініцыятывы «Альтэрнатыва», я гутарыла з начным ахоўнікам. Гэта не той, які ўмоўны Дзіма.

Імя не пытала, бо дужа малы шанец пачуць сапраўднае. Мужчына чытае газеты «Народная Воля» і «Свободные новости», вельмі любіць артыкулы Калінкінай і Фядуты, а некаторыя факты пра Курапаты памятае дакладней за мяне. Што не замінае яму працаваць у «Паедзем, паядзім» і казаць, што побач — «проста могілкі, і ўвесь Мінск на костках». І забывацца на прачытанае ў любімых газетах, ці бачыць там толькі тое, што хочацца бачыць.

Абіраючы тактыку размаўляць, а не станавіцца пад машыны, варта мець гэта на ўвазе. Мы прызвычаіліся да чорна-белага свету, свету бінарных апазіцый: ці прыхільнік апазіцыі, ці рэжыму, ці мярзотнік, ці святы… Людцы, як антраполаг вам кажу: структуралізм Леві-Строса ўжо не ў модзе! Цяпер даследчыкі следам за Леанарда Прэміяна пішуць пра вернакулярнасць — індывідуальны для кожнага набор ідэнтычнасцяў ва ўсіх сферах, ад рэлігійных уяўленняў да палітычных. Несумяшчальныя, на першы погляд, рэчы могуць выдатна сумяшчацца ў асобна ўзятай галаве.

Я шчыра спрабавала данесці да ахоўнікаў думку пра тое, што Курапаты — месца праклятае, і ў той жа час святое, маючы на ўвазе тэорыю Мэры Дуглас. Так, Мінск стаіць на костках. Але ці ж гэта добра? Курапаты — не звычайныя закінутыя могілкі, якія ўжо няма каму даглядаць. Гэта месца пахавання нявінных людзей, што памерлі гвалтоўнай смерцю, і мы дасюль не ведаем іх імёнаў. Гэта месца памяці для кожнага грамадзяніна Беларусі.

Я расказвала пра нацыстаў, якія «проста выконвалі загад», але атрымалі гарамадскае асуджэнне і турэмныя тэрміны. Пасля аргумента «на Радуніцу людзі ядуць на могілках — і што?», мне хацелася распавесці, што Радуніца — гэта фактычна дахрысціянская трызна, што мае на мэце ўшанаванне памерлых родных, яднанне з імі пры стале, а не абразу нявінна забітых, як рэстарацыя ў ахоўнай зоне Курапатаў. Але я стрымала ўнутранага антраполага, каб занадта не разумнічаць.

Шкадую, што не пераказвала шматлікія гісторыі, пачутыя ў этнаграфічных экспедыцыях пра тое, як людзі, што здымалі крыжы ці званы з цэркваў у часы барацьбы з рэлігіяй, кепска заканчвалі. Карацей, прыходзьце ў Курапаты і размаўляйце, гэта цікава! І даволі эфектыўна.

Фота Алены Ляшкевіч

Сама назірала, як машыны разварочваліся і з’язджалі, атрымаўшы ад кіраўніка грамадскай ініцыятывы «Альтэрнатыва» Алега Корбана ксеракопіі буклетаў і тлумачэнні сітуацыі.

Праўда, Іван Ермакоў, перакананы сталініст, усё ж праехаў. Па словах абаронцаў, ён — сталы кліент «Паедзем, паядзім», наведвае рэстарацыю амаль штовечар. Каля 21.00 у панядзелак яго аўто — адзінае на рэстаранным паркінгу для кліентаў.

Пераломным момантам абароны–2017 стала прыкоўванне сябе кайданкамі да будаўнічай тэхнікі Сяргеем Пальчэўскім. Што будзе сёлета?

Снежань 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліс    
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.