Партыя БНФ » Сябра Партыі БНФ Валер Мінец быў затрыманы падчас дастаўкі крыжоў да Курапатаў
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Сябра Партыі БНФ Валер Мінец быў затрыманы падчас дастаўкі крыжоў да Курапатаў

Дададзена 29.06.2018 1:34:46 | 234 праглядаў

Актывіст лідскай суполкі БНФ Валер Мінец быў затрыманы раніцай 29 чэрвеня ў Менску, калі вез у Курапаты новыя крыжы, падрыхтаваныя да ўстаноўкі ў народным мэмарыяле ахвяраў бальшавізму.

Валер МінецАбаронцы Курапатаў зьбіраліся выставіць новыя крыжы каля рэстарацыі «Поедем поедим», якая месьціцца пад мэмарыяльным комплексам Курапаты. Устаноўка шасьцімэтровых крыжоў была заплянаваная на 10 гадзінаў раніцы 29 чэрвеня, апоўдні працягнулася штодзённая варта. У Курапаты запрашалі дэлегатаў, якія прыедуць на адкрыцьцё мэмарыялуахвяраў нацыстаў у Трасьцянцы, у тым ліку прэзыдэнтаў Аўстрыі і Нямеччыны.

Лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч вёў трансьляцыю на Facebook перад ўстаноўкай крыжоў, калі іх везьлі на грузавіку ў Курапаты. Падобна, яго затрымалі «людзі ў цывільным», пасьля таго як супрацоўнікі ДАІ спынілі машыну з крыжамі – паведамляе Радыё Свабода.

Затрыманы каля 9:45 сябра БНФ Валер Мінец, які вёз новыя крыжы ў мэмарыяльны комплекс Курапаты, вызвалены каля 12:45 зь Ленінскага РУУС Менску без складаньня пратаколу. Астатнія затрыманыя разам зь ім — Зьміцер Дашкевіч і Ягор Лаўрухін — былі вызваленыя пазьней.

Як расказаў Радыё Свабода Валер Мінец, яму не выстаўлялі ніякіх абвінавачаньняў, вярнулі грузавік, склаўшы толькі пратакол агляду аўтамабіля, але не аддалі крыжоў. На іх міліцыянты «пыталі нейкія дакумэнты, нібыта гэта прадмет гандлю, а не мэмарыяльныя крыжы», кажа ён.

«Зразумела, што, апроч крыжоў, іх нічога не цікавіла, — разважае Мінец. — Зразумела, што яны выконвалі загад, ня больш і ня менш».

Зьміцер Дашкевіч расказаў Радыё Свабода, што разбор праводзіцца паводле артыкулу аб «парушэньні правілаў гандлю і аказаньня паслуг насельніцтву» (арт. 12.17 КаАП).

На Дашкевіча і іншых затрыманых ня склалі пратаколаў, не далі ніякіх копіяў дакумэнтаў (толькі пратакол агляду машыны Мінцу). Паводле Дашкевіча, невядома нават, хто будзе займацца справай і каму несьці дакумэнты па крыжах. Праверка ў справе можа цягнуцца да 10 дзён з магчымым падаўжэньнем да 30 дзён.

Што важна ведаць: пратэсты супраць новай рэстарацыі ў Курапатах

  • Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
  • Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы закрыцьця рэстарацыі.
  • 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
  • 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
  • 27 чэрвеня наведніцы рэстарацыі на аўтамабілі зьбілі актывіста Леаніда Кулакова, у яго пералом рукі.
  • Дагэтуль дакладна не вядома, хто ўладальнік рэстарацыі. Яе адрас супадае з адрасам ТАА «Амізбел», яго прадстаўнікі не ідуць на кантакт. Раней паведамлялася, што комплекс належыць кампаніі «БелРэстІнвэст».
  • Рэстаран стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
  • Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
  • Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.

Ліпень 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Чэр    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.