Партыя БНФ » Вынікі чэрвеньскага Сойму Партыі БНФ
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Вынікі чэрвеньскага Сойму Партыі БНФ

Дададзена 30.06.2018 12:01:29 | 1,177 праглядаў

23 чэрвеня ў цэнтральнай сядзібе БНФ у Менску адбыўся чарговы Сойм Партыі БНФ і грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне”. Кіруючым органам партыі былі прынятыя заявы па сытуацыі вакол пабудовы забаўляльнага комплексу каля месца зьнішчэньня ахвяраў бальшавіцкіх рэпрэсіяў у Курапатах, а таксама пра недапушчальнасьць працягу знаходжаньня ў Беларусі расейскіх вайсковых аб’ектаў.

З дакладам пра палітыную сытуацыю перад сябрамі Сойму выступіў старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў. У аглядзе замежнапалітычных працэсаў ён даў сваю ацэнку праведзенага ў Беларусі форуму “Менскі дыялёг” з удзелам Лукашэнкі як працяг спробы афіцыйнага Менску атрымаць дывідэнты ад сваяго статусу “міратворцы і донару бясьпекі” у рэгіёне. Аднак гэтыя спробы былі марныя, што сярод іншага праявілася ў працягу санкцыяў супраць функцыянэраў рэжыму з боку Злучаных Штатаў Амэрыкі. Тым не меньш, варта чакаць працягу гэткай палітыкі і працягу лавіраваньня афіцыйнага Менску паміж геапалітычнымі цэнтрамі сілы: у Менск па-ранейшаму зазываюць эўрапэйскіх эмісараў, у той час як рэжым вядзе складаныя перамовы з Масквой па важных эканамічных і вайскова-стратэгічных пытаньнях. Сутнасьцю гэткай палітыкі ёсьць пошук вонкавых сродкаў на падтрыманьне стратнай эканамічнай мадэлі, пры адсутнасьці якіх рэжыму даводзіцца ісьці на непапулярныя захады па скарачэньні даходаў насельніцтва і сацыяльных гарантыяў унутры краіны.

Разам з тым, цяпер нават у словах кіраўніка дзяржавы гучаць словы, якія з’яўляюцца прызнаньнем неэфэктыўнасьці пабудаванай ім адміністратыўна-каманднай мадэлі народнай гаспадаркі. Асабліва яскрава гэта праявілася ў словах Лукашэнкі, яказаных падчас ягонага візыту ў Шклоўскі раён 22 чэрвеня, калі гаспадарчая неэфэктыўнасьць дзеючай вэртыкалі была названая адной з крыніцаў небясьпекі для дзяржаўнага сувэрэнітэту, у выніку чаго паўстала пагроза “сысьці ў склад іншай дзяржавы“. На фоне гэткіх панічных заяваў вышэйшага кіраўніцтва краіны людзі захоўваюць ранейшы ўзровень спажываньня выключна за кошт праяданьня раней назапашаных зберажэньняў – дваццаць восьмы месяц насельніцтва Беларусі застаецца чыстым прадаўцом наяўнай валюты, прычым у траўні чысты продаж вырас на 18% да красавіка, склаўшы, паводле матэрыялаў Нацбанка, 234,7 млн ​​даляраў. Рост чыстага продажу адбыўся за кошт павелічэньня продажу валюты на 12,2% да красавіка, да рэкордных 710,1 млн даляраў , купля валюты вырасла на 9,5% да 475,4 млн даляраў.

На тле складанай вонкавапалітычнай сытуацыі (расчараванасьць адсутнасьцю зьмястоўнага прагрэсу з боку заходніх “партнэраў па дыялёгу” і шантажом з боку Масквы) ды ўнутрыэканамічных цяжкасьцях улады распачалі новы віток “барацьбы з карупцыяй”, якая насамрэч сьведчыць, што ранейшага карыпцыйнага пірага на ўсіх ахвотных функцыянэраў рэжыму не хапае. Кожны дзень прыходзяць навіны пра новыя карупцыйныя справы, ажно да самага высокага ўзроўню адміністрацыі прэзыдэнта. Але гэта ўсё – барацьба з ветранымі млынамі, ці дакладней – імітацыя, таму што самую адміністратыўную сыстэму, на якой грунтуецца карупцыя, ўлады мяняць не зьбіраюцца. На зьмену арыштаваным карупцыянэрам прыходзяць іншыя. А тых карупцыянэраў, якія быццам бы былі пасаджаныя – прымушаюць “кампэнчаваць нанесеную дзяржаве шкоду” (папросту – адкупіцца), а потым накіроўваюць кіраваць калгасамі. У гэты час да звычайных людзей нават за дробныя правапарушэньні ўжываюцца жорсткія, часам неапраўдана суворыя прысуды, людзі сядзяць літаральна за мех бульбы.

Па ацэнцы старшыні Партыі БНФ, сутнасьць гэтай хворай імітацыі дзяржаўнай палітыкі палягае ў поўнай адсутнасьці ў краіне элементаў прававой дзяржавы, што цалкам выключае для людзей дамагчыся роўнасьці ўсіх перад законам. “Трэба не мяняць чыноўнікаў, не мяняць адных карупцыянэраў на іншых – трэба мяняць сыстэму дзяржаўнай улады” – сказаў Рыгор Кастусёў.

Лідэр БНФ асабліва спыніўся на заігрываньні рэжыму з прарасейскай пятай калёнай. якой была дазволеная прапагандысцкая акцыя “бесьсмяротны полк”, якая за вонкавым мемарыяльным выглядам мела яскравую антыбеларускую, сталінісцкую, імпэрскую сутнасьць. Менавіта прарасейскія сілы ў кіраўніцтве дзяржаўнага апарата прыклалі ўсе намаганьні, каб не дапусьціць годнага працягу адзначэньня стагодзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі – і ў гэтай справе яны дасягнулі плёну, затармазіўшы рашэньне пра ўсталяваньне памятнай шыльды на доме, дзе была абвешчаная трэцяя ўсаўная грамата БНР. Рыгор Кастусёў выказаў асаблівую занепакоенасьць тым, што нацыянальна-патрыятычныя сілы не здолілі супрацьпаставіць гэткім антыбеларускім дзеяньням кансалідаваную супольную пазыцыю. Лідэр БНФ заявіў намер прыкласьці ўсе намаганьні дзеля таго, каб раней дасягнутыя дамоўленасьці адносна ўсталяваньня памятнага знака БНР былі ў рэшце рэшт выкананыя ўладамі.

Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў выказаў занепакоенасьць крымінальнай справай, узбуджанай супраць кіраўніка Інфармацыйнай агенцыі БелаПАН Алеся Ліпая, якога абвінавачваюць у падаткавых парушэньнях. Параўноўваючы гэтую справу са справай кіраўнікоў незалэжнага прафсаюзу РЭП Федыніча і Комліка, якая цяпер накіраваная ў суд, Рыгор Кастусёў адзначыў, што апошнім часам улады ўсё шырэй выкарыстоўваюць супраць структураў грамадзянскай супольнасьці абвінавачаньні ў фінансавых злоўжываньнях. Ён адзначыў, што бачыць невыпадковым перасьлед менавіта той інфармацыйнай агенцыі, якая з’явілася галоўным інфармацыйным партнэрам у часе адзначэньня сёлетняга Сьвята Незалежнасьці 25 сакавіка. Лідэр БНФ адзначыў палітычную матываванасьць абодвух гэтых крымінальных справаў, адзначыўшы іх падабенства з перасьледам па аналагічных падставах старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алеся Бяляцкага ў 2011 годзе.

Старшыня Партыі БНФ выказаў абурэньне тымі рэпрэсіямі, якія чыняцца ўладамі супраць сябраў БНФ. У тым ліку нават падчас узгодненай з уладамі акцыі на 25 сакавіка адбыліся затрыманьні шматлікіх актывістаў Партыі БНФ і сябраў партыйнага Сойму. Асаблівую занепакоенасьць старшыня выказаў актывізацыяй рэпрэсіяў супраць актывістаў Моладзі БНФ: пасьля хвалі штрафаў за збор подпісаў у падтрымку беларускай мовы наступнымі рэпрэсіўнымі крокамі сталі новыя пагрозы адлічэньня студэнтаў з навучальных установаў, а таксама забарона намесьніку старшыні Партыі БНФ Юрасю Лукашэвічу на выезд з Беларусі.

Рыгор Кастусёў падзякаваў рэгіянальным арганізацыям партыі і суполкам, якія ладзілі цягам апошніх дзьвух месяцаў шматлікія грамадзкія акцыі культурніцкага і палітычнага характару – гэта і мэмарыяльныя акцыі ўшанаваньня нацыянальнай гісторыі, і абарона Курапатаў, і талокі, і пікеты за спыненьне палітычнага перасьледу ў дачыненьні да апанэнтаў уладаў. Старшыня партыі адзначыў як пасьпяховую традыцыйную акцыю Чарнобыльскі шлях, што прайшоў у Менску з нагоды 32-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Акцыя сабрала больш за 600 удзельнікаў. Яны прайшлі ад Акадэміі навук да Чарнобыльскай капліцы, дзе адбыўся мітынг. Лідэр БНФ падкрэсліў, што ў гэтым годзе менавіта на плечы БНФ лёг асноўны цяжар справы ў арганізацыі гэтай акцыі, нягледзячы на ўдзел у аргкамітэце шматлікіх іншых дэмакратычных аб’яднаньняў.

Рыгор Кастусёў яшчэ раз пацьвердзіў пазыцыю БНФ пра непрыймальнасьць пабудовы ў Беларусі расейскай АЭС, якая ўжо цяпер пераўтварылася ў зброю Крамля супраць Беларусі – менавіта гэты авантурны праект пасварыў нашую краіну з найбліжэйшай суседкай-Літвой і тармозіць нармалізацыю  стасункаў з Эўразьвязам. “АЭС у Астраўцы – гэта стрэльба, руля якой прыстаўленая да скроні Беларусі, а знаходзіцца гэтая зброя ў рпасейскіх руках” – сказаў Рыгор Кастусёў. Пры гэтым эканамічная абгрунтаванасьць АЭС у Беларусі выклікае сур’ёзныя сумневы: падобна што гэты праект будзе апрыёры стратным, ён не быў эканамічна пралічаны і электраэнэргію з АЭС прадаваць папросту няма куды. Гэат ёсць яскравым  сьведчаньнем заганнасьці адміністратыўна-каманднай сыстэмы кіраваньня эканомікай, якая нясе Беларусі адныя толькі страты і спрыяе карупцыі ды неэфэктыўным гаспадарчым рашэньням.

Рыгор Кастусёў распавёў сябрам Сойму пра выкананьне рашэньняў кіруючага органа партыі пра накіраваньне ў парлямант прапановаў што да праекта зьменаў у закон аб сродказ масавай інфармацыі. “Нашая прапанова пра магчымасьць судовага абскарджваньня рашэньняў пра абмежаваньне доступу да інтэрнэт-сайтаў была ўнесеная ў законапраект, але сутнасць яго засталася нязьменная – ён застаўся скіраваным на зьмяньшэньне прасторы для свабоды слова ў сеціве” – сказаў старшыня БНФ. Як вынікае з адказу Міністэрства інфармацыі, з наступнага году сайты дзяржаўных органаў і арганізацый будуць абавязаныя размяшчаць пашыраны аб’ём інфармацыі на беларускай мове: недарэчная канструкцыя “на беларускай і (альбо) беларускай мове” у заканадаўстве захаваная, але вызначаны пералік інфармацыі, якая ў абавязковым парадку павінная размяшчацца на дзьвюх мовах.

Рыгор Кастусёў распавёў сябрам Сойму пра сытуацыю вакол адкрыцьця рэстарацыі каля Курапатаў, дзе распачалася грамадзкая варта з мэтай не дапусьціць блюзнэрскай установы каля народнага мэарыялу на месцы апошняга спачыну ахвяраў бальшавісцкіх рэпрэсіяў. Партыя БНФ годна трымае сваю варту па чацьвяргах, не дапускаючы на тэрыторыю рэстарацыі ніводнай машыны наведвальнікаў ці гаспадароў забаўляльнага комплексу (на многіх актывістаў партыі, у тым ліку на стыршню, міліцыяй былі складзеныя пратаколы аб адміністратыўным правапарушэньні). Разам з тым з ініцыятывы ўладальнікаў рэстарацыі адбылася сустрэча старшыні БНФ з адным з уладальнікаў комплексу сп. Зайдзісам, падчас якой была дасягнутая папярэдняя згодна пра перамовы пратэстоўцаў з ўладальнікамі адносна вырашэньня гэтай абуральнай сытуацыі – паведаміў Рыгор Кастусёў.

Сябры Сойму Васіль Раманаў, Вадзім Болбас, Аляксей Чарняеў, Юрый Чавусаў, намесьнікі старшыні Зьміцер Салошкін, Аляксей Янукевіч, кіраўнік Мінскай раённай арганізацыі БНФ Ільля Дабратвор выказалі сваё стаўленьне да сытуацыі вакол магчымых перамоваў па праблеме рэстарацыі каля Курапатаў. Па выніках абмеркаваньня Сойм Партыі БНФ прыняў заяву “Не – рэстарацыі ў Курапатах!”, у якой заклікаў абаронцаў Курапатаў да выпрацоўкі супольнай пазыцыі і правядзеньня перамоваў з уласнікамі рэстарацыі па пытаньні яе закрыцьця ці перапрафіляваньня.

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч выступіў з дакладам пра сытуацыю вакол заканчэньня дамовы арэнды размешчаных у Беларусі вайсковых аб’ектаў у Ганцавічах і Вілейцы. У 2020 годзе заканчваецца 25-гадовы тэрмін арэнды расейскіх аб’ектаў па дамовах, якія былі падпісаныя ўрадамі Расеі і Беларусі ў 1995 годзе. Паводле дамоваў, знаходжаньне расейскіх вайсковых аб`ектаў на тэрыторыі Беларусі прадугледжанае да 2020 года, падаўжэньне дамовы магчымае падпісаньнем дадатковага пагадненьня, а пры нежаданьні аднаго з бакоў падаўжаць дамову той мусіць папярэдзіць іншы бок пра гэта за 12 месяцаў да заканчэньня тэрміну дамовы.

- 2020 год не за гарамі, беларускі бок ніякай афіцыйнай  інфармацыі не дае, Расея таксама маўчыць. Тэрмін пагадненьняў заканчваецца, таму БНФ мусіць выступіць з патрабаваньнем не працягваць тэрмін эксплюатацыі расейскіх ваенных аб’ектаў -  вузла сувязі “Вілейка” і радыёлакацыйнай станцыі “Волга” на тэрыторыі Беларусі, – адзначыў старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў.

З гэтай нагоды Сойм Партыі БНФ Прыняў заяву Расейскім ваенным аб’ектам не месца ў Беларусі!

Ад імя БНФ у Савет Міністраў Беларусі будзе накіраваная прапанова праінфармаваць Урад Расейскай Фэдэрацыі аб нежаданьні Рэспублікі Беларусь падоўжыць тэрмін дзеяньня дамоваў ад 6 студзеня 1995 году, датычных размяшчэньня на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь вузлу “Баранавічы” і радыёстанцыі “Вілейка”

Сойм Партыі БНФ заслухаў інфармацыю пра падрыхтоўку да мерапрыемстваў, прымеркаваных да 30-годзьдзя заснаваньня аргкамітэту Беларускага Народнага Фронту. Рэгіянальным арганізацыйным структурам Партыі БНФ прапанавана таксама распрацаваць рэгіянальныя акцыі да партыйнага юбілею, у тым ліку павіншаваць са знайнай датай вэтэранаў Фронту. У бліжэйшы час партыяй будзе распрацаваны лягатып юбілею.

У “Розным” выступіў прадстаўнік Лідскай раённай арганізацыі БНФ Сяргей Пантус, які распавёў пра сытуацыю з ініцыяванымі выканкамам раскопкамі на месцы пахаваньня паўстанцаў 1963 году на Лідчыне. Лідскія актывісты БНФ занепакоеныя намерам уладаў, але быццам бы на дадзены момант пагроза супрацьзаконных раскопак без удзелу навукоўцаў мінавала. Актывсіты плянуюць адсочваць сытуацыю. Мясцовая суполка БНФ супольна з іншымі патрыятычнымі арганізацыямі плянуе ўрачыстыя імпрэзы да 27 ліпеня з нагоды гадавіны аднаўленьня незалежнасьці Беларусі.

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч распавёў сябрам Сойму пра тое, якім чынам цяпер у Менску адбываецца “добраўпарадкаваньне” на вайсковых могілках. Там пахаваныя Янка Купала, Якуб Колас, Аляксандр Чарвякоў і Усевалад Ігнатоўскі. Замест таго, каб упарадкоўваць сапраўды недагледжаныя і аварыйныя пахаванні, руйнуецца агульны воблік могілак, якія з’яўляюцца ўнікальным помнікам гарадской культуры, месцам памяці і даследаванняў, месцам, якое не сорамна (было) паказаць турыстам і гасцям гораду. Замест унікальных пахаванняў, унікальнага комплексу нацыянальнай культуры і памяці мы атрымліваем «зачышчаную» ад любой індывідуальнасці прастору. Сойм Партыі БНФ даручыў Аляксею Янукевічу падпісаць калектыўную заяву пратэсту супраць неналежнага ўпарадкаваньня на Васйковых могілках.

Сябрам Сойму і прадстаўнікам рэгіянальных арганізацыйных структураў партыі было нагадана, што сёлета да 27 ліпеня будзе ў пяты раз уручаны памятны знак імя Віктара Івашкевіча за арганізацыю вулічных масавых акцыяў, прапанавана актыўна ўдзельнічаць у складаньні ліста прэтэндэнтаў шляхам вылучэньня годных кандыдатураў.

 

 

 

 

 

Лістапад 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.