Партыя БНФ » Лідэр БНФ Рыгор Кастусёў асуджаны да штрафу за абарону Курапатаў
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Лідэр БНФ Рыгор Кастусёў асуджаны да штрафу за абарону Курапатаў

Дададзена 05.07.2018 12:25:05 | 870 праглядаў

4 ліпеня суд Партызанскага раёну Менску аштрафаваў старшыню Партыі БНФ Рыгора Кастусёва на 30 базавых велічынь штрафу (735 рублёў) па артыкуле 23.34 КаАП за ўдзел у акцыях па абароне Курапатаў, дзе адчынілася забаўляльная ўстанова “Поедем-поедим”.

Палітык распавёў тэлеканалу Белсат пра абставіны свайго затрымання.

Рыгор КастусёўПаводле Рыгора Кастусёва, яго затрымалі раніцай 3 ліпеня, прыкладна ў 9.40. Пад Менскам, на дарозе за 30 кіламетраў да сталіцы,  яго машыну спыніла ДАІ:

«Потым выскачылі «маскі-шоў», выцягнулі мяне і павезлі ў Бараўлянскі аддзел міліцыі. Злодзеяў, што скралі мільёны, так не затрымліваюць, як затрымлівалі мяне», – распавядае ён.

У пастарунку на палітыка склалі пратакол паводле арт. 23.34 (правядзенне несанкцыянаванай масавай акцыі) за ўдзел у абароне Курапатаў. Пратакол Кастусёў падпісваць адмовіўся. Рыгору Кастусёву не дазволілі патэлефанаваць сваякам ці знаёмым, каб паведаміць, дзе ён.

Пасля яго павезлі ў Менскі абласны цэнтр изаляцыі правапарушальнікаў, дзе яго памясцілі ў камеру папярэдняга ўтрымання. Спачатку Кастусёў быў у КПЗ адзін, але потым туды закінулі некалькі чалавек, які затрымалі за бытавое хуліганства.

На наступны дзень, 4 ліпеня, палітыка да 15-й гадзіны трымалі ў Менскім раённым РУУС, пасля павезлі ў Партызанскі РУУС, а потым у суд партызанскага раёна. Прычым трымалі старшыню Партыі БНФ пад узмоцненым канвоям – яго суправаджалі 4 міліцыянта. Суд аштрафаваў Кастусёва на 30 базавых велічынь (735 рублёў).

У выніку Рыгор Кастусёў не трапіў у Варшаву на паседжанне Камісіі замежных справаў польскага Сейму, куды былі запрошаны прадстаўнікі беларускай апазіцыі.

«Я думаю тут усё разам, – адзначае Кастусёў, каментуючы сваё затрыманне, – З аднаго боку, маё затрыманне – гэта была помста за Курапаты, а з іншага боку – не хацелі пусціць у Варшаву. Прычым было такое ўражанне, што мяне хочуць пасадзіць менавіта на содні. Але тое, што мяне не пусцілі ў Варшаву, згуляла не на карысць Беларусі. Гэта нашкодзіла Беларусі. Што я збіраўся казаць у Варшаве?  Але мая пазіцыя простая: Беларусь мусіць развіваць стасункі з заходнімі краінамі. Чым бліжэй Беларусь да заходніх краінаў, да Польшчы, тым далей яна будзе ад Расеі».

Палітык падкрэсліў, што дзякуючы ўдзелу у канфэрэнцыі ў польскім сэйме намесьніка старшыні Партыі БНФ Аляксандра Стральцова, фронтаўская ацэнка сытуацыі ў Беларусі была агучаная падчас слуханьняў.

Ацэньваючы пэрспэктывы развіцьця сытуацыі вакол Курапатаў у камэнтары беларускай службе Радыё Свабода Рыгор Кастусёў адзначыў, што ўлады сталі на бок уладальнікаў рэстарацыі «Поедем поедим»:

«Улады доўгі час ня ведалі, што рабіць, бо было зразумела, што яны дапусьцілі ляп. Яны дапусьцілі парушэньне заканадаўства, нехта з чыноўнікаў дапусьціў злачынства. І ўлады не змаглі разруліць гэтую сытуацыю і проста сталі на бок гэтай установы, на бок гаспадара», — сказаў Рыгор Кастусёў.

Паводле старшыні Партыі БНФ, у яго 2 ліпеня была размова з дырэктаркай рэстарацыі Сьвятланай Дубковай.

«Мы плянавалі, што 4 ліпеня прыедзе Леанід Зайдэс і будзем дамаўляцца пра круглы стол. Але ў зьвязку з тым, што мяне затрымалі, Севярынца затрымалі і пасадзілі, іншых пасадзілі, я лічу, што гэты працэс адкладаецца на няпэўны час», — сказаў Рыгор Кастусёў.

Старшыня Партыі БНФ адзначыў, што гэта ягоная ацэнка сытуацыі і ён не прымае рашэньняў без узгадненьня зь іншымі абаронцамі Курапатаў.

Снежань 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліс    
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.