Партыя БНФ » Як смаргонскі хлопец стаў сьвядомым беларусам, паслухаўшы Радыё Свабода
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Як смаргонскі хлопец стаў сьвядомым беларусам, паслухаўшы Радыё Свабода

Дададзена 07.07.2018 12:03:41 | 218 праглядаў

У праекце «Забытыя. Размовы з героямі ўчорашніх дзён» Радыё Свабода расказвае пра лёс палітычных і грамадзкіх актывістаў, якія запомніліся актыўным удзелам у падзеях найноўшай гісторыі Беларусі, але адышлі ад гэтай дзейнасьці. «Жыцьцё, як прыгодніцкае кіно» — найбольш ёмістая і адпаведная характарыстыка біяграфіі 29-гадовага Ўладзімера Шульжыцкага, сябры Беларускага Народнага Фронту і былога сябры Рады Моладзі БНФ.

Грамадзкім актывістам у родных Смаргонях Уладзімер Шульжыцкі стаў у 18 гадоў, сам пра гэта ня ведаючы: на ўласную ініцыятыву раздрукаваў улёткі з пазнакай радыёхваляў Радыё Свабода і раздаваў іх жыхарам мястэчка. За гэта ўпершыню заслужыў увагу міліцыі.

2010 год

Каб трапіць на Чарнобыльскі шлях у 2007-м у Менску, ён праехаў на ровары больш за 40 кілямэтраў.

У 19 гадоў увасобіў на экране змагара-антысаветчыка Расьціслава Лапіцкага ў фільме «Як пошуг маланкі» Валерыя Мазынскага, «адбіўшы» галоўную ролю ў прафэсійнага актора.

У 2014 годзе нагадаў пра сябе ў Смаргонях і тым, што раздаваў праваабарончы бюлетэнь «Смаргонскі грак» на выбарчым участку. Адбываў адміністрацыйныя зьняволеньні.

Уладзімер Шульжыцкі (зьлева) і Валер Мазынскі падчас здымкаў фільму «Пошуг маланкі»
Уладзімер Шульжыцкі (зьлева) і Валер Мазынскі падчас здымкаў фільму «Пошуг маланкі»

Уладзімер Шульжыцкі — актыўны ўдзельнік моладзевых арганізацыяў «Ваяр» і «Ваўкалак», аматар пэйнтболу. За пэйнтбольную зброю і адседзеў 15 сутак арышту. Быў арыштаваны пасьля выбуху ў менскім мэтро, адміністрацыйны арышт адбыў таксама за ўдзел у маўклівых акцыях пратэсту ў Маладэчне ды іншых вулічных акцыях у Менску.

Апошнімі гадамі ад грамадзка-палітычнай дзейнасьці адышоў. Працуе зваршчыкам на будаўнічым прадпрыемстве. Любіць бавіць час у кампаніі інтэлектуалаў і чытае «ўласныя вершы акадэмікам».​

Хацеў слухаць радыё «Шансон», а злавіў Радыё Свабода

— Палітычны актывіст у Беларусі — зьява даволі рэдкая. Як вы ім сталі міжволі?

— Сапраўды, была гучная справа ў сувязі з распаўсюдам інфармацыі пра Радыё Свабода, але для мяне яна тады была выпадковай і неспадзяванай. Я ні пра што падобнае ня думаў, ня быў ні ў якой грамадзкай ці палітычнай арганізацыі — нават ня чуў пра іх.

А пачалося ўсё з прымача: хацеў слухаць радыё «Шансон», але злавіў Свабоду — яна гучала на хвалях дзесьці побач. Тады ж паставіў сабе за мэту размаўляць і думаць па-беларуску. Параўноўваў інфармацыю, якую чуў, з тым, што бачыў на дзяржаўным тэлебачаньні і вакол сябе. І ў выніку вырашыў, што смаргонцы таксама мусяць пачуць і даведацца пра іншыя навіны. Кожнаму ў рукі ўлётку з навінамі не дасі, а вось паведаміць пра частоты Радыё Свабода, каб слухалі, магчыма.

Быў 2006 год — у Смаргонях кампутар і прынтар яшчэ трэ было знайсьці. Пачаў друкаваць частоты на невялічкім аркушыку памерам прыблізна А6. З адваротнага боку паперкі — свой тэлефон з пазнакаю, што, маўляў, калі ў вас будуць цяжкасьці з наладкай хваляў, то зьвяртайцеся да мяне.

Аднойчы тэлефануе мне нейкі дзедусь і скардзіцца, што, маўляў, не магу наладзіць хвалі — падыдзіце. Я пайшоў па названым адрасе, а там мяне ўжо чакалі два міліцыянты. Затрымліваць, натуральна, не было за што, дык склалі пратакол, што я мацюкаўся. Далей гісторыя працягвалася ў судзе: справу разглядалі цягам некалькіх месяцаў, і вінаватым мяне прызналі з трэцяга разу пасьля замены трох судзьдзяў. Але на той час ужо прамінуў «тэрмін даўніны» — і я так і ня быў пакараны.

— А «хлопец на ровары» і Чарнобыльскі шлях — гэта гісторыя таксама па-за вашай ініцыятывай?

— Ну амаль. Мяне выклікалі ў міліцыю 26 сакавіка 2007 году і «мурыжылі» — натуральна, каб ня трапіў на Чарнобыльскі шлях. Апошні цягнік, якім можна было ехаць у Менск, выпраўляўся са Смаргоняў у 11.20 — мяне выпусьцілі а 12.00. Што рабіць, думаю: калі дабрацца да Маладэчна (а гэта кілямэтраў 40), то можна пасьпець. Сеў на ровар, даехаў да Маладэчна, а там на электравіку дабраўся да Менску і на Чарнобыльскі шлях усё ж трапіў.

Я ўвогуле люблю катацца на ровары, і быў такі выпадак, што я паехаў у Вялейку на ўшанаваньне памяці ахвяраў рэпрэсій 1930-х гадоў. Гэта прыкладна 40 кілямэтраў, дарога ня ўсюды добрая, і ў мяне расслабіўся тросік. Я пагрукаўся у першую ж хату і прашу: ратуйце, дайце пласкагубцы, бо не даеду. А гаспадар раптам пытаецца: «А ці ты ня той хлопец, які на Чарнобыльскі шлях са Смаргоняў на ровары езьдзіў?» Тады многія мяне пазнавалі.

— То незалежную газэту «Смаргонскі грак» на выбарчы ўчастак, пэўна, прынесьлі ўжо сьвядома?

— Таксама не. Напачатку я пагадзіўся дапамагчы распаўсюджваць у Смаргонях незалежную газэту «Свабода». У мяне была «норма» — 250 асобнікаў на тыдзень. Гэта была сапраўдная спэцапэрацыя, бо газэту прывозілі ў раскладзеным выглядзе. А трэцяй ночы я ўставаў і, не запальваючы сьвятла, каб маці ня бачыла, складаў асобныя аркушы ў адну газэту, а ўдзень разносіў па паштовых скрынях.

Пазьней гэтаксама пачаў разносіць «Смаргонскага грака» — інфармацыйны бюлетэнь мясцовай суполкі Партыі БНФ, у якой мы выказвалі сваё стаўленьне да выбараў.

Аднойчы я пераблытаў дамы і зайшоў у той, дзе месьціўся выбарчы ўчастак. Раскладаў бюлетэні ў паштовыя скрыні насупраць посту вахтара і быў перакананы, што нічога не раблю супрацьзаконнага, таму на заўвагу нават не адрэагаваў. Вахтарка ж выклікала міліцыянта з участку, той — падмацаваньне, і разам з улёткамі я апынуўся ў міліцыі. А ў мяне быў яшчэ і сьцізорык — падарунак, які я заўсёды насіў з сабой. Яго прызналі халоднай зброяй. І самае цікавае было на завяршэньне: у выніку за газэту мне далі пакараньне дваццаць базавых велічыняў, а за «халодную зброю» — дзьве.

 

«Разрываюся паміж любоўю да радзімы і жаданьнем нармальнага спакойнага жыцьця»

— Незвычайны пачатак грамадзкай актыўнасьці завяршыўся адыходам з грамадзка-палітычнага поля, чаму?

— Натуральна, што прыходзіць расчараваньне, калі чакаеш аднаго, а адбываецца іншае. У 2007 годзе на Дзень Волі я ішоў, абматаўшыся канапкамі, бо быў упэўнены, што паўстане намётавае мястэчка, будзем стаяць, як у 2006 годзе. А ў выніку прайшліся вуліцамі да Акадэміі навук. Мне ня хочацца быць скептыкам, але ў выніку і супрацьпаставіць таксама няма чаго. Калі раней выходзілі тысячы і тысячы, то цяпер пералік ідзе хіба на сотні. Я ж асабіста ні пра што не шкадую — рабіў, што мог.

— Чым вы заняліся, адышоўшы ад грамадзкай актыўнасьці?

— Некаторы час вучыўся ў Польшчы ў рамках праграмы Каліноўскага. Але ў мяне папросту не хапіла ведаў у польскай мове. Я слухаў лекцыі і мог засвойваць веды, але для здачы іспытаў мовы ўжо не ставала. Мусіў вярнуцца і працаваць паводле рабочай спэцыяльнасьці — зваршчыкам мэталу і дрэваапрацоўшчыкам. Працую ў розных гарадах — цяпер у прыватнай кампаніі ў Менску. Некалькі разоў выяжджаў на заробкі ў Польшчу.

— Ці не было спакусы застацца?

— Была, і я ўсё часьцей думаю пра гэта: размоўная мова ў мяне ёсьць і магчымасьці працаўладкавацца таксама. Заўжды вельмі хацелася вярнуцца дадому — у мяне тут маці, я ў яе адзін і не хацеў бы яе пакідаць. Татусь памёр, калі мне было дзесяць месяцаў. Мама, безумоўна, хвалявалася за мяне, але і разумела, што праўда на маім баку.

Першы раз я вярнуўся на ініцыятыву Зьмітра Дашкевіча, які стварыў спартова-патрыятычны клюб «Ваяр». Пасьля быў клюб «Ваўкалак», у якім я займаюся і цяпер. Што далей? Я проста разрываюся паміж любоўю да радзімы і жаданьнем нармальнага спакойнага жыцьця.

Зваршчык чытае акадэмікам свае вершы

— Якое вашае ўяўленьне пра «нармальнае жыцьцё» — сябры, заняткі, захапленьні?

— Пажаданы для мяне лад жыцьця — у асяродку інтэлігентаў і інтэлектуалаў, людзей з шырокім навукова-грамадзкім кругаглядам. Часта слухаю лекцыі на YouTube. Вельмі шкада, што гэта даводзіцца рабіць не наўпрост, а праз інтэрнэт — бракуе інтэлектуальнага асяродку. І ўвогуле, я б назваў сябе спажывальнікам культур: усё ж стараюся сустракаюся зь цікавымі людзьмі розных захапленьняў: адукаванымі, творчымі, зь якім цікава штосьці рабіць па-за палітыкай. Здараецца так, што ў адной кампаніі бываю з акадэмікамі, чытаю ім свае вершы — цікавыя вершы зваршчыка мэталу.

— Вы заўсёды пішаце і размаўляеце па-беларуску, як цяпер са мной?

— Вершы так, пішу па-беларуску. І размаўляю па-беларуску — пераважна ў асяродку аднадумцаў. На працы — не з усімі. На зварот па-беларуску мне часта адказваюць па-ўкраінску.

— А «кар’еру» кінаактора вы канчаткова завяршылі?

— Быў толькі адзін такі цікавы эпізод у жыцьці: калі мне был 19 гадоў, Валер Мазынскі здымаў на Вілейшчыне фільм «Як пошуг маланкі» пра Расьціслава Лапіцкага — змагара з савецкім рэжымам. На галоўную ролю рыхтаваўся прафэсійны актор, але пасьля пробаў яе атрымаў я. А той актор у выніку ўвасобіў чэкіста. На гэтым мая «кінакарʼера» і завяршылася.

 

5 пытаньняў Свабоды

— Беларуская нацыянальная ідэя — гэта…

—…разуменьне нашай беларускасьці. Гэта самаідэнтыфікацыя і нацыяналізм як найвышэйшая ступень самаарганізацыі грамадзтва.

— Назавіце трох нацыянальных герояў Беларусі.

— Напэўна, Міхал Вітушка, Булак Булаховіч і Янка Філістовіч.

— Якая кніга найбольш паўплывала на вас як на асобу?

— «Махабхарата» — пасьля яе я стаў атэістам. Гэта станоўчая зьмена, бо я стаў больш крытычна ставіцца да рэчаіснасьці.

— Колькі грошай вам трэба для поўнага шчасьця?

— Крыху больш за палову ад тых, якія існуюць у дадзенай макраэканоміцы. Гэта для таго, каб рэальна ўплываць на глябальныя працэсы, якія адбываюцца ў гэтым сьвеце — ёсьць у мяне такая дзіцячая мара. А калі сур’ёзна, то мне патрэбна ня вельмі шмат — калі б нічога ня трэба было рабіць, то, напэўна, хапіла бы 500-700 даляраў на год.

— Як вы думаеце, калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?

— Тут можна напісаць цэлы трактат. Калі гаворка пра ўладу аднаго чалавека, то, як бы прыкра гэта не гучала, калі ён памрэ ад старасьці. А палітычны лад у краіне зьменіцца тады, калі беларуская палітычная эліта зразумее, што трэба рабіць іншы геапалітычны выбар і ня быць прыдаткам чыёйсьці імпэрыі.

Ліпень 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Чэр    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.