Партыя БНФ » Па памятнай дошцы ў гонар стагоддзя БНР дагэтуль няма рашэння
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Па памятнай дошцы ў гонар стагоддзя БНР дагэтуль няма рашэння

Дададзена 09.07.2018 9:06:12 | 206 праглядаў

Сталічныя ўлады дагэтуль не прынялі станоўчае рашэнне аб усталяванні на вуліцы Валадарскага ў Менску памятнай дошкі ў гонар абвяшчэння ў 1918 годзе Беларускай Народнай Рэспублікі.

шыльда гатоваяАдпаведны адказ атрымаў з Мінгарвыканкама аргкамітэт па святкаванні 100-годдзя БНР.

Як паведаміў БелаПАН адзін з сябраў аргкамітэта старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, у адказе не гаворыцца, з-за якой прычыны не прынятае станоўчае рашэнне. Найбліжэйшым часам, паведаміў палітык, кіраўніцтва аргкамітэта плануе абмеркаваць, якія неабходна зрабіць захады, каб паскорыць прыняцце станоўчага рашэння.

Прыблізна месяц таму палітыкі і грамадскія дзеячы папрасілі Мінгарвыканкам паскорыць вырашэнне пытання аб усталяванні памятнай дошкі. Адпаведны зварот на адрас старшыні гарвыканкама Андрэя Шорца падпісалі акадэмік Радзім Гарэцкі, мастак Мікола Купава, святар Леанід Акаловіч, грамадскі дзеяч Аляксандр Жучкоў, дэпутат Вярхоўнага савета 13-га склікання Лявон Баршчэўскі, старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў.

У звароце гаварылася, што нацыянальны грамадскі арганізацыйны камітэт па святкаванні 100-гадовага юбілею БНР „высока цэніць” разуменне сталічнымі ўладамі справы „ўшанавання памяці выбітных асоб і значных падзей айчыннай гісторыі”. На думку камітэта, гэта „спрыяе кансалідацыі беларускай нацыі і ўмацаванню яе адзінства”. Пры гэтым падкрэслівалася, што аргкамітэт вымушаны звярнуцца да старшыні Мінгарвыканкама ў сувязі з тым, што зацягнулася прыняцце канчатковага рашэння аб усталяванні ўжо ўзгодненай з адпаведнымі органамі мемарыяльнай дошкі.

Перад 25 сакавіка, калі блізу опернага тэатра адбыліся дазволеныя мітынг і канцэрт, прысвечаныя 100-годдзю БНР, сталічныя ўлады станоўча выказваліся аб усталяванні памятнай дошкі. Але неафіцыйна было сказана, што „трэба рабіць усё на падставе закону, каб былі праведзеныя ўсе працэдуры”. Дата ўстаноўкі некалькі разоў пераносілася, і калі гэта можа адбыцца, па-ранейшаму невядома. Сродкі на выраб памятнай дошкі замест састарэлага арыгінала, створанага ў 1993 годзе скульптарам Аляксандрам Шатэрнікам, былі сабраныя праз інтэрнэт за некалькі гадзін.

Паводле Беларускага Радыё Рацыя

Ліпень 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Чэр    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.