Партыя БНФ » Абаронцы Курапатаў абмеркавалі вынікі варты і далейшыя пляны
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Абаронцы Курапатаў абмеркавалі вынікі варты і далейшыя пляны

Дададзена 13.07.2018 12:01:29 | 293 праглядаў

12 ліпеня ў сядзібе Партыі БНФ прайшоў круглы стол, дзе абаронцы Курапатаў і прадстаўнікі дэмакратычнай грамадскасьці абмеркавалі вынікі курапацкай варты і свае далейшыя пляны, а таксама прынялі рэзалюцыю.

krugly_stol_1_logoКруглы стол, мадэратарам якога выступіў старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў,  распачаўся з кароткіх прамоў удзельнікаў.  Амаль усе казалі пра тое, што перамовы з рэстаратарамі магчымыя толькі пры ўмове закрыцьця іх установы і калі ніводзін абаронца Курапатаў не будзе за кратамі. Разышліся ў тэрміне закрыцьця: ці то каб установа не працавала зусім, ці некалькі тыдняў, ці адзін дзень – паведамляе газэта “Новы Час“.

Абмяркоўвалася пытаньне фармату далейшай абароны Курапатаў. Павел Севярынец распавёў, што прыкладна палова машын, атрымаўшы звесткі пра расстрэлы, з’язджае. Вакол кальцавой у раёне рэстарана назіраецца дзіўная актыўнасць па добраўпарадкаваньні, якой не было нават перад візітам замежных дэлегацый 29 чэрвеня. У «Поедем, поедим» яўна чакаюць нейкую вельмі важную персону.

Дэпутатка Алена Анісім выказалася супраць гвалтоўных метадаў абароны і заклікала да спробы легалізаваць пікет. Старшыня руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч прапаноўваў шукаць для вахты крэатыўныя рашэньні, напрыклад, прынесьці калонкі і прайграваць для наведвальнікаў пахавальны марш Шапэна.

krugly_stol_9_logoСтаршыня Мінскай раённай арганізацыі БНФ Ільля Дабратвор заклікаў абаронцаў паводзіць сябе прыстойна, не рэагаваць на правакацыі, памятаць, што ў 2020-м годзе ў Беларусі адбудуцца чарговыя выбары, і ўсё відэа, знятае ў Курапатах, улады могуць выкарыстаць для дыскрэдытацыі апазыцыі. Да таго ж кампанія па абароне Курапатаў мусіць стаць урокам для бізнэсу, што дзейнічае ў краіне, на будучыню. Вольга Мікалайчык заклікала партыі прымаць больш актыўны ўдзел у варце. Сустаршыня руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык бачыць у будоўлі і функцыянаванні «Поедем, поедим» руку Лубянкі і стаіць на радыкальных пазіцыях не пускаць транспарт у рэстаран. Версію пра Лубянку, як заўважыў Сіўчык, нельга ні пацвердзіць, на абвергнуць. Як высветлілася ў апошнім расследаванні Дзяніса Івашына (будзе размешчаны ў нумары “Новага Часу” за 13 ліпеня), у будоўлі «Поедем, поедим» ангажаваны і расійскі капітал. Дзяніс Урбановіч нагадаў, што за кратамі застаюцца абаронцы Курапатаў Максім Вінярскі (вызваліцца 13 ліпеня) і Аляксей Туровіч (вызваліцца 14 ліпеня) і адмовіўся, пакуль яны ў зняволеньні, выказваць сваё меркаванне пра вахту.

Дэбаты выклікала пытаньне мэмарыялізацыі Курапатаў. Ёсьць думка, што мэмарыялізацыя ўжо адбылася спантанна, і народны мэмарыял павінны такім, які ён ёсць, быць легалізаваны. Выказваліся меркаваньні, што дзяржава павінная паставіць у Курапатах нейкі помнік, асудзіўшы такім чынам, хаця б ускосна, рэпрэсіі.

krugly_stol_10_logoПрадстаўнік мінскага філіяла міжнароднага таварыства «Мэмарыял» Уладзімір Раманоўскі распавёў, як у 2015-м годзе яны разам з пісьменьнікам Васілём Якавенкам аглядалі непрацоўны рэстаран, які тады зваўся «Бульбаш-хол», і думалі пра музей у гэтых будынках. Потым спадару Раманоўскаму паступалі тэлефанаваньні з пытаннямі, ці не хоча грамадзянская супольнасьць выкупіць рэстаран. Пытанне застаецца актуальным і цяпер. На круглым стале сышліся на думцы, што выкупаць незаконна пабудаванае не варта, ды і складана будзе сабраць такія аграмадныя сродкі. Пракуратура дасюль не адказала ні на адзін з высланых абаронцамі зваротаў.

Абаронцы Курапатаў, якія выступілі супраць адрыцця рэстарацыі побач з гэтым мемарыялам ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў, атрымалі маральную перамогу ў грамадстве, – лічыць дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім:

krugly_stol_5_logo- Зараз вельмі важна замацаваць гэтую перамогу, каб ніхто не сумняваўся ў тым, што Курапаты – не месца для нейкіх забаўляльных установаў. Курапаты – гэта сімвал нацыянальнай трагедыі, якія мы перажылі ў ХХ стагоддзі. І пра гэта трэба памятаць. Там ляжаць нашыя людзі, якія ў свой час рабілі ўсё, каб Беларусь утварылася як дзяржава. Таму вельмі важна гэтую маральную перамогу, якая была атрыманая, а гэтаму сведчаць выказванні многіх вядомых людзей адносна быць ці не быць рэстарацыі ў Курапатах, яе трэба замацаваць – сказала дэпутатка парлямэнту па выніках круглага стала ў размове з карэспандэнтам Беларускага Радыё Рацыя.

Як расказаў Радыё Свабода старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, па выніках круглага стала была прынятая рэзалюцыя, за якую прагаласавалі 18 чалавек, адзін устрымаўся. Дакумэнт зьмяшчае тры пункты.

  • Абаронцы Курапатаў гатовыя размаўляць з уласьнікамі рэстарацыі «Поедем поедим» і прадстаўнікамі дзяржаўных органаў — пры ўмове спыненьня працы ўстановы.
  • На момант перамоваў за кратамі не павінна заставацца абаронцаў, якія нясуць штодзённыя вахты пры ўезьдзе на тэрыторыю рэстарацыі.
  • Удзельнікі круглага стала выступілі супраць бальшавізма, нацызма, антысэмітызма, патрабуючы публічнага на дзяржаўным узроўні асуджэньня гэтых злачынных ідэалёгій, і настойваюць на шырокім грамадзкім абмеркаваньні далейшай лёсу мэмарыялізацыі Курапатаў.

Пад рэзалюцыяй падпісаліся: Алена Анісім, Ігар Барысаў, Наталля Гарачка, Юрась Губарэвіч, Ілля Дабратвор, Ганна Канапацкая, Зміцер Каспяровіч, Рыгор Кастусёў, Леанід Кулакоў, Юрась Меляшкевіч, Вольга Мікалайчык, Васіль Палякоў, Уладзімір Раманоўскі, Павел Севярынец, Вячаслаў Сіўчык, Дзяніс Урбановіч, Ганна Шапуцька, Аляксей Янукевіч.

36944559_2248997435117469_1596244751839920128_n

Паводле Рыгора Кастусёва, вызначана, што разам з сузаснавальнікам Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Паўлам Севярынцам яны будуць наладжваць перамовы з суўладальнікам рэстарацыі Леанідам Зайдэсам. Дата перамоваў пакуль нявызначаная.

36959441_10213054644621811_688109818732347392_nЯк нагадаў Кастусёў, першапачаткова акрэсьліць свае пазыцыі бакі зьбіраліся 29 чэрвеня. У той дзень на адкрыцьцё мэмарыялу на месцы канцлягеру ў Трасьцянцы зьехаліся прэзыдэнты Аўстрыі і Нямеччыны, шэраг урадавых дэлегацый. Актывісты разьлічвалі, што яны таксама наведаюць і Курапаты, таму папрасілі бізнэсоўца сустрэцца напярэдадні. Гэта не задаволіла Леаніда Зайдэса, у якога былі ўласныя пляны. У выніку перамовы не адбыліся, а да мэмарыялу даехала толькі польская дэлегацыя.

Адразу ж пасьля ад’езду эўрапейскіх чыноўнікаў пачаліся масавыя затрыманьні актывістаў — за круглы стол папросту не было каго сабраць. Пачакаць пагадзіўся і сам уладальнік забаўляльнай установы: дамовіліся, што перамовы пройдуць, як усе абаронцы Курапатаў выйдуць на волю.

Што важна ведаць аб пратэстах супраць новай рэстарацыі ў Курапатах

  • Рэстаран стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
  • 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
  • Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы яго закрыцьця.
  • 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
  • Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
  • 27 чэрвеня наведніцы рэстарацыі на аўтамабілі зьбілі актывіста Леаніда Кулакова, у яго пералом рукі.
  • Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі.
  • Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.
Усталяваньне крыжоў ва ўрочышчы
Усталяваньне крыжоў ва ўрочышчы

​Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.

Ліпень 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Чэр    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.