Партыя БНФ » Пра што размаўлялі палітык Рыгор Кастусёў і бізнесмен Леанід Зайдэс?
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Пра што размаўлялі палітык Рыгор Кастусёў і бізнесмен Леанід Зайдэс?

Дададзена 14.07.2018 12:06:04 | 499 праглядаў

Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў распавёў карэспандэнту Беларускага Радыё Рацыя пра сваю сустрэчу з саўладальнікам рэстарана „Паедзем, паядзім” Леанідам Зайдэсам, якая адбылася ў чацьвер.

Kastusiou-300x212Нагадаем, што 12 ліпеня дэмакратычныя актывісты, якія на працягу паўтара месяца нясуць варту ля мемарыяла ў Курапатах, пратэстуючы супраць працы рэстарана “Паедзем паядзім”, правялі круглы стол, падчас якога абмеркавалі сітуацыю, якая склалася на гэты момант. А пасля гэтага старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў сустрэўся з саўладальнікам рэстарана Леанідам Зайдэсам.

Рыгор Кастусёў: Ініцыятыва аб сустрэчы паступіла з боку бізнесмена, ён мне сам патэлефанаваў. Спачатку я пагутарыў з дырэктаркай рэстарана, а затым і са спадаром Зайдэсам. У выніку вырашана, што трэба абавязкова сустрэцца ўсім разам – і ўладальнікам рэстарана, і абаронцам Курапат. Зараз будзем вызначаць дату сустрэчы.

Радыё Рацыя: Пра што яшчэ ішла размова?

Рыгор Кастусёў: Па сутнасці, паўтарылі ўсё тое, пра што дамаўляліся раней, калі ў Курапаты павінны былі прыехаць замежныя дэлегацыі. Тады сустрэча была адменена, а зараз перамовы аднавіліся. Тым больш, што чакаем, калі ўсе абаронцы Курапат выйдуць на волю. Непрыгожа было б пра нешта дамаўляцца ў той час, калі хлопцы знаходзяцца на “сутках”.

Радыё Рацыя: Ці можна будзе знайсці нейкі кампрамісны варыянт?

Рыгор Кастусёў: Яго трэба шукаць, бо супрацьстаянне павінна прывесці да нейкага станоўчага выніку. Зараз і ва ўласнікаў рэстарана, і ў абаронцаў ёсць разуменне, што на перамовы трэба ісці. А на час перамоваў дзейнасць рэстарана будзе прыпынена. З гэтым пагадзіўся і спадар Зайдэс.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Лістапад 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.