Партыя БНФ » Міністэрства інфармацыі адказала пра публікацыі ў “Лідскай газэце”
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Міністэрства інфармацыі адказала пра публікацыі ў “Лідскай газэце”

Дададзена 01.08.2018 1:12:37 | 471 праглядаў

Міністэрства інфармацыі Беларусі пракамэнтавала публікацыю дзяржаўнай «Лідскай газеты», у якой аўтар, паводле ацэнкі актывістаў Лідскай раённай суполкі БНФ, зьняважліва ставіўся да беларускай мовы.

Нагадаем, што абураныя беларусафобскімі публікацыямі дзяржаўнай “раёнкі” сябры Лідскай суполкі БНФ падалі скаргі ў Лідскі райвыканкам, раённую пракуратуру і Лідскі РАУС з патрабаваньнем даць прававую ацэнку артыкулу ў “Лідскай газеце”, які зневажае беларусаў і беларускую мову і спрыяе распальваньню варажнечы на моўнай глебе.

Артыкул пад назвай «Интерес в этом деле скорее личный» быў апублікаваны ў «Лідскай газеце» за 27 чэрвеня. У ім аўтар Антон Быстрыцкі выказаў сумнеў, ці патрэбны ў Беларусі нацыянальны ўнівэрсытэт імя Ніла Гілевіча; назваў бацькоў, якія аддаюць дзяцей у беларускамоўныя клясы, «сьвядомымі», а да беларускай мовы ў расейскамоўным артыкуле выкарыстаў проста слова «мова» ў двукосьсі.

Актывісты БНФ Валер Мінец і Сяргей Пантус заявілі, што газэта распальвае варожасьць паміж беларусамі, якія карыстаюцца беларускай і расейскай мовамі.

Анісім: «Чаму ў газэце зьневажаюць дзяржаўную мову?»

Алена Анісім

Старшыня Таварыства беларускай мовы, дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім зьвярнулася ў Міністэрства інфармацыі з запытам наконт гэтай публікацыі. Паводле Анісім, у артыкуле прысутнічае зьняважлівае стаўленьне да дзяржаўнай беларускай мовы, а таксама ў нэгатыўным кантэксьце згадваецца ейнае імя.

Старшыня ТБМ задала шэраг пытаньняў міністру інфармацыі Аляксандру Карлюкевічу:

  • Якая ягоная пазыцыя адносна гэтай публікацыі?
  • Ці зьяўляецца артыкул часткай агульнай стратэгічнай палітыкі Мінінфарму, ці гэта выключна пазыцыя рэдакцыі газэты?
  • Чаму газэта, якая абазначана як дзьвюхмоўная, значную большасьць сваіх матэрыялаў друкуе на расейскай мове, а ў дачыненьні дзяржаўнай беларускай мовы дэманструе зьняважлівыя адносіны?

Мінінфарм: «Не дапускаецца незаконнае абмежаваньне свабоды масавай інфармацыі»

Павал Лёгкі

У Міністэрстве інфармацыі адказалі на ліст Алены Анісім. Паводле першага намесьніка міністра інфармацыі Паўла Лёгкага, Мінінфарм не вызначае рэдакцыйную палітыку гэтай газэты, бо не зьяўляецца ні заснавальнікам, ні рэдакцыяй выданьня.

Да таго ж, паводле Лёгкага, «не дапускаецца незаконнае абмежаваньне свабоды масавай інфармацыі» і міністэрства «ня мае права ўмешвацца ва ўнутраную дзейнасьць рэдакцыі „Лідскай газеты“». Пры гэтым Лёгкі спасылаецца на закон аб СМІ.

Адказ Міністэрства інфармацыі:


Наконт пытаньня аб дзьвюхмоўі ў дзяржаўнай газэце Мінінфарм паведаміў, што суадносіны ўжываньня дзяржаўных моў у такіх выданьнях не рэглямэнтаваныя законам аб СМІ і «павінны быць у полі зроку рэдакцыйных калектываў».

Пры гэтым у лісьце адзначылі, што Мінінфарм станоўча ставіцца да ўжываньня беларускай мовы ў СМІ і ня робіць розьніцы паміж расейскай і беларускай мовамі.

«Пры ўзгадненьні на пасады галоўных рэдактараў СМІ кіраўніцтва Міністэрства інфармацыі ўдзяляе больш пільную ўвагу выкарыстаньню беларускай мовы на старонках пэрыядычных выданьняў», — дадаюць у міністэрстве.

Пра зьняважлівае стаўленьне да беларускай мовы ў «Лідскай газеце» ў лісьце міністэрства згадкі не было.

Рэдактарка газэты: «Дашліце, калі ласка, на факс»

Галоўная рэдактарка «Лідскай газеты» Кацярына Серафіновіч адмовілася пракамэнтаваць для Радыё Свабода публікацыю Быстрыцкага. Як толькі карэспандэнтка Радыё Свабода прадставілася ёй, Серафіновіч запыталася, ці ёсьць у яе акрэдытацыя МЗС Беларусі. «Дашліце, калі ласка, на факс. Да пабачэньня». І паклала слухаўку.

Копія акрэдытацыі МЗС Беларусі ў якасьці карэспандэнта замежнага СМІ на імя Іны Студзінскай была дасланая ў рэдакцыю «Лідскай газеты». Радыё Свабода спадзяецца на інтэрвію з рэдактаркай гэтага выданьня.

Паводле Радыё Свабода

Снежань 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліс    
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.