Партыя БНФ » Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў заклікае спыніць перасьлед СМІ
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў заклікае спыніць перасьлед СМІ

Дададзена 07.08.2018 12:01:05 | 474 праглядаў

7 жніўня следчы камітэт правёў ператрусы ў офісах беларускага паратлу TUT.BY і інфармацыйнай агенцыі Белапан. Падставай стала крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 349 Крымінальнага кодэксу («Несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі, зроблены зь іншай асабістай зацікаўленасьці, які пацягнуў прычыненьне істотнай шкоды»).

Затрыманыя некалькі журналістаў TUT.BY i Белапан. Як паведаміў следчы камітэт, падставай для следчых дзеянняў стала падозранне, што шэраг журналістаў і рэдактароў неправамерна мелі доступ да платных сэрвісаў дзяржаўнай інфармацыйнай агенцыі Белта.

З нагоды арыштаў журналістаў і ператрусаў у офісах незалежных СМІ старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў выступіў з заявай:

Кастусёў 18- Навіны пра ператрусы ў офісах парталу TUT.BY і інфармацыйнай агенцыі Белапан сведчаць пра новы наступ уладаў на свабоду слова. Як выглядае, перад сілавымі структурамі пастаўленая задача застрашыць журналісцкую супольнасць як такую  –  не толькі саміх незалежных журналістаў, але і рэдакцыі інтэрнэт-парталаў.

Нажаль, мы бачым, што словы дзяржаўных службоўцаў пра неабходнасьць абароны нацыянальнай бяспекі ў інфармацыйнай сферы, якія яны казалі пры прыняцці нядаўніх паправак у закон “Аб СМІ” – яны аказаліся толькі словамі, альбо папросту “фэйкам”. Як выглядае, ва ўяўленні дзеючых уладаў дзяржаўная палітыка па развіцці медыясферы – гэта арышты журналістаў, ператрусы ў рэдакцыях, крымінальныя справы супраць медыяў.

Я засцерагаю ўладу ад падобных дзеянняў, якія шкодзяць нацыянальнай бяспецы беларускай дзяржавы.

Зусім нядаўна мы бачылі, як нашая інфармацыйная прастора робіцца безабароннай перад “фэйкавымі навінамі”, якія запускаюцца з замежжа. Дык замест таго каб развіваць нацыянальныя медыі, развіваць якасныя айчынныя парталы і спрыяць умацаванню нацыянальнай бяспекі, сілавыя структуры наадварот, наносяць новы ўдар па нацыянальным медыярынку.

Асабліва трывожыць, што была пастаўленая пад пагрозу праца буйнога хостынгавага рэсурсу hoster.by – відавочна, рызыкі для грамадзтва ад такой пагрозы несувымерныя з тымі мізэрнымі падставамі, якія дэкляруюцца як нагода для следчых дзеянняў.

Агучаныя ў якасці падставаў для пераследу абвінавачанні ў парушэнні пры доступе да інфармацыйных рэсурсаў дзяржаўнай агенцыі Белта выглядаюць нікчэмнымі і не павінныя быць падставай для крымінальнага пераследу. Нават калі дапусціць, што такія парушэнні мелі месца (у чым я сумняюся, ведаючы затрыманых журналістаў як выдатных прафэсіяналаў) – сродкам для вырашэння гэтай праблемы павінныя быць не дзеянні сілавікоў, а справядлівы разгляд у грамадзянскім судовым працэсе, дзе бакі могуць на роўных даказваць сваю пазыцыю.

Відавочна, што ў гэтай справе дзяржава хоча не абараніць нейкія эканамічныя інтарэсы Белты, а далей абмежаваць свабоду слова, асабліва ў Інтэрнэце.

Ад імя Партыі БНФ я патрабую неадкладнага вызвалення ўсіх затрыманых рэдактароў і журналістаў. Крымінальная справа супраць іх павінная быць спыненая, а ўсе прэтэнзіі датычна выкарыстання інфармацыйных прадуктаў Белта павінныя вырашацца ў рэчышчы грамадзянска-прававых спрэчак.

Жнівень 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліп    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.