Партыя БНФ » Рыгор Кастусёў: “Варта ў Курапатах дасягнула пастаўленых мэтаў”
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Рыгор Кастусёў: “Варта ў Курапатах дасягнула пастаўленых мэтаў”

Дададзена 08.08.2018 8:27:38 | 454 праглядаў

8 жніўня старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў абвесціў, што Курапацкая варта дасягнула пастаўленых мэтаў і наперадзе новы этап змагання за Курапаты. З увагі на гэта Рыгор Кастусёў заявіў, што ад гэтага дня партыя спыняе ўдзел у блакаванні брамы рэстарацыі “Поедем-поедім”.

Пра гэта палітык напісаў у сваім акаунце ў Фэйсбуку.

Курапацкая варта, што няспынна трымаецца актывістамі з пачатку лета, на гэты момант цалкам дасягнула тых мэтаў, якія мы ставілі. Увага шырокіх колаў беларускай і міжнароднай грамадскасці прыцягнутая да амаральнай ды сумнеўнай, з пункту гледжання нормаў права, дзейнасці установы “Поедем-Поедім”.

Курапацкая варта вывела з ценю, прымусіла выявіць сваё сапраўднае аблічча і гэтым цалкам здыскрэдытаваць сябе ўласнікаў рэстарацыі, яе наведнікаў ды самую ганебную ўстанову на мяжы Курапатаў. Выключна адмоўная рэпутацыя безадказных бізнэсоўцаў ды іх правакацыйнай забаўляльнай установы сфармаваная ад цяпер і назаўсёды, з’яўляецца фактам, з якім гэтыя людзі будуць існаваць.

Курапацкая варта выразна прадэманстравала і замацавала ў свядомасці беларусаў ды гасцей нашай краіны, што кліентамі “Поедім-поедім” з’яўляюцца ў сваёй дамінуючай большасці агрэсіўныя няўдачнікі, схільныя да брыдкаслоўя ды хуліганцкіх дзеянняў, прыхільнікі сатаніскіх ды іншых дэструктыўных культаў, асобы з гранічна нізкай сацыяльнай адказнасцю.

Курапацкая варта таксама прымусіла дзяржаву адрэагаваць на сітуацыю і прадэманстраваць, што, нягледзячы на ўсе прыгожыя словы ды бутафорскі клопат пра мэмарыял, сёняшняя ўлада надта далёкая ад ідэяў нацыянальнай кансалідацыі, прымірэння ды пакаяння за злачынствы бальшавізму ды сталінізму супраць беларускага народу, але адчувае большы клопат пра схаванне злачынстваў, чым пра справядлівасць, законнасць ды маральнасць.

З увагі на тое, што ўсе вышэйпералічаныя мэты Курапацкай вартай паспяхова дасягнутыя, і каб не дапускаць правакацыяў ды спекуляцыяў экзальтаваных прыхільнікаў расійскага імпэрскага рэваншызму, што часам едуць да рэстарацыі выключна дзеля атрымання таннага піяру праз свае канфлікты з нацыянальна-дэмакратычнымі актывістамі, Партыя БНФ ад гэтага дня спыняе блакаванне брамы “Поедем-поедім”.

Сваю далейшую дзейнасць па абароне Курапатаў мы скіруем на змаганне за належную мэмарыялізацыю Курапатаў ды супраць памкненняў уладаў “пад шумок” знішчыць Народны мэмарыял ды стварыць безгустоўную падробку ў найгоршых савецка-камуністычных традыцыях.

Мы таксама будзем падтрымліваць ды заклікаем усіх нацыянал-дэмакратаў падтрымаць ініцыятывы спадарыні Алены Анісім з патрабаваннямі адкрыцця праўды пра злачынствы сталінізму ў Курапатах ды належнае ўшанаванне памяці ахвяраў.

Лістапад 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.