Партыя БНФ » Вынікі жнівеньскага Сойму Партыі БНФ: выязное пасяджэньне ў Вілейцы
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Вынікі жнівеньскага Сойму Партыі БНФ: выязное пасяджэньне ў Вілейцы

Дададзена 30.08.2018 11:50:25 | 434 праглядаў

25 жніўня ў горадзе Вілейка адбылося чарговае пасяджэньне Сойму Партыі БНФ і Грамадзкага аб’яднаньне БНФ “Адраджэньне”. Правядзеньне Сойму ў выязным фармаце было абумоўленае спалучэньнем пасяджэньня кіруючага органа партыі з канфэрэнцыяй, якая была прысьвечаная праблеме расейскіх вайсковых аб’ектаў у Беларусі.

Напачатку пасяджэньня сябры Сойму ўшанавалі хвілінай маўчаньня памяць беларускага журналіста Алеся Ліпая, які пайшоў з жыцьця напярэдадні.

davРаспачынаючы нараду, старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў адзначыў важнасьць абмеркаваньня тэмы замежнай вайсковай прысутнасьці ў Беларусі. Невыпадкова, што канфэрэнцыя, прысьвечаная гэтай праблеме, праводзіцца менавіта ў Вілейцы – непадалёк ад месца размяшчэньея аднаго з расейскіх вайсковых аб’ектаў. Лідэр партыі падкрэсліў актуальнасьць гэтай тэмы ў сьвятле набліжэньня да заканчэньня тэрміну дзеяньня міжанроднай дамовы паміж Расеяй і Рэспублікай Беларусь, якая рэгулюе функцыянаваньне гэтых аб’ектаў. Рыгор Кастусёў распавёў сябрам Сойму пра заяву, якая была накіраваная партыяй ў Савет Бясьпекі і ва ўрад згодна з рашэньнем чэрвеньскага Сойму і пра адказы гэтых органаў

sdrПадчас соймавай канфэрэнцыі з дакладам выступіў аналітык ініцыятывы “Мінскі Дыялог” Дзяніс Мельянцоў. Ён зрабіў агляд тэхнічных, прававых, вонкавапалітычных і ўнутрыбеларускіх палітычных аспэктаў размяшчэньня на беларускай тэрыторыі вайсковых аб’ектаў Расейскай Фэдэрацыі, а таксама месца гэтых аб’ектаў у сыстэме двухбаковых стасункаў паміж Беларусьсю і Расеяй (у бліжэйшы час тэкст дакладу Дзяніса Мельянцова на канфэрэнцыі будзе апублікаваны). Экспэрт нагадаў, што размешчаныя цяпер на тэрыторыі Беларусі вайсковыя аб’екты РФ нельга называць тэрмінам “вайсковыя базы”: гэты аб’екты не валодаюць экстэрытарыяльнасьцю, на іх тэрыторыі дзейнічае беларускае заканадаўства. Разам з тым наяўнасьць падобнай вайсковай інфраструктуры Расеі робіць немагчымым атрыманьне Беларусьсю статусу нейтралітэту, імкненьне да якога закладзенае ў дзеючай канстытуцыі краіны.

sdrЦяпер на тэрыторыі Беларусі разьмешчаныя два расейскія вайсковыя аб’екты: 43-і вузел сувязі ВМФ Расеі “Вілейка” (радыёстанцыя “Антэй”) побач з Вілейкай, і радыёлякацыйная станцыя “Волга” дэцымэтровага дыяпазону (вузел “Баранавічы”) ў складзе расейскай сыстэмы папярэджаньня аб ракетным нападзе, размешчаная на поўнач ад горада Ганцавічы.  Знаходжаньне гэтых аб’ектаў на тэрыторыі Беларусі рэгулюецца міжнароднымі дамовамі, што былі заключаныя ў 1995 годзе паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Расейскай Фэдэрацыі. Тэрмін дзеяньня гэтых пагадненьняў складае  25 гадоў і неўзабаве набліжаецца да заканчэньня (згодна з адказам Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь на запыт Партыі БНФ, заканчэньне дамоваў абудзецца ў чэрвені 2021 году).

sdrПадчас абмеркаваньня ў межах канфэрэнцыі выступілі старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, намесьнікі старшыні Аляксей Янукевіч і Вадзім Саранчукоў, сябры Сойму Кастусь Смолікаў, Вадзім Болбас, Вадзім Канапацкі, Юрый Чавусаў, Уладзімір Кунцэвіч, кіраўнік Мінскай раённай арганізацыі БНФ Ільля Дабратвор. Актывісты і былыя кандыдаты ў дэпутаты Партыі БНФ з Вілейкі і навакольляў, а таксама прадстаўнікі мясцовых суполак іншых дэмакратычных палітычных партыяў, распавялі пра стаўленьне мясцовага насельніцтва да расейскай вайсковай прысутнасьці ў Вілейцы, у тым ліку пра сацыяльна-эканамічнае значэньне вузла сувязі Расеі для рэгіёна як крыніцы для працаўладкаваньня.

sdrПадчас абмеркаваньня ўдзельнікі канфэрэнцыі мелі магчымасьць вывучыць тэксты міжнародных пагадненьняў, якімі рэгулюецца знаходжаньне на тэрыторыі Беларусі расейскіх вайсковых аб’ектаў.

Удзельнікі канфэрэнцыі абмяняліся думкамі што да пэспэктываў выкарыстаньня тэмы наяўнасьці ў Беларусі замежных вайсковых аб’ектаў для будучых выбарчых кампаніяў лякальнага і нацыянальнага ўзроўню. Былі абмеркаваныя канкрэтныя накірункі тактыкі Партыі БНФ у далейшай працы па гэтай праблеме.

Суарганізатарам канфэрэнцыі па праблеме расейскіх вайсковых аб’ектаў у Беларусі выступіла беларуская плятформа анлайн-петыцыяў zvarot.by

Падсумоўваючы вынікі канфэрэнцыі кіраўніцтва Партыі БНФ адзначыла яе прадуктыўнасьць і дэкляравала намер працягваць практыку правядзеньня выязных пасяджэньняў Сойму па канкрэтных праблемах у рэгіёнах, дзе гэтыя праблемы найбольш актуальныя.

Пасьля перапынку было праведзенае чарговае пасяджэньне Сойму паводле заплянаванага парадку дня.

З дакладам аб палітычнай сытуацыі выступіў старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, які асабліва спыніўся на дзейнасьці партыі ў межах абароны Курапатаў, распавёўшы сябрам Сойму пра спробы наладжваньня дыялёгу грамадзкасьці з уладальнікамі забаўляльна-рэстарацыйнага комплексу “Поедем, поедим”, якия не прывяли да станощчага вынику. Лидэр партыі даў ацэнку бягучым вокавапалітычным працэсам вакол Беларусі, таксама адзначыўшы факт узмацненьня рэпрэсіяў у краіне (прысуд па справе прафсаюзаў і нядаўняя атака ўладаў на незалежныя СМІ).

З больш падрабязным дакладам пра тактыку арганізацыі курапацкай варты выступіў намесьнік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, які распавёў пра бягучыя стасункі ў супольнасьці арганізацыяў, што ладзілі варту. Выступоўца даў сваю ацэнку дасягненьням варты на дадзены момант і верагоднасьці выдаленьня рэстарацыі з навакольляў Курапатаў. Сваё меркаваньне пра гэтую праблему і пра пэрспэктывы грамадзкіх дзеяньняў і магчымыя новыя пагрозы Народнаму мэмарыялу ў Курапатах выказаў старшыня Мінскай раённай суполкі БНФ Ільля Дабратвор. Па выніках абмеркаваньня Сойм Партыі БНФ падтрымаў усе рашэньні і дзеяньні, якія былі зробленыя кіраўніцтвам партыі ў межах сёлетняй абароны Курапатаў. Была асобна адзначаная неабходнасьць быць падрыхтаванымі да магчымых новых правакацыяў каля Курапатаў у час заплянаванай дзяржавай кампаніі па “мемарыялізацыі” ва ўрочышчы.

Кіраўніцтва партыі праінфармавала сябраў сойму пра непраўдзівасьць публікацыяў СМІ пра ўваходжаньне Партыі БНФ у склад нейкай новай кааліцыі з партыямі левага кірунку: “Натуральна, падпісаньне намі кааліцыйных пагадненьняў без згоды Сойму як кіруючага органа Партыі БНФ немагчымае” – падкрэсліў старшыня партыі Рыгор Кастусёў. Сойм даручыў управе партыі неадкладна апублікаваць афіцыйнае абвяржэньне непраўдзівай інфармацыі.

Напярэдадні пачатку навучальнага года Сойм Партыі БНФ прывітаў доўгачаканую падзею – пачатак працы Унівэрсітэту Ніла Гілевіча, які быў зарэгістраваны нядаўна. Разам з тым была выказаная трывога з прычыны з’ўленьня ў шэрагу СМІ скіраваных супраць новага ўнівэрсітэту публікацыяў, якія маюць характар сплянаванай кампаніі па дыскрэдытацыі беларускамоўнай установы адукацыі. Сойм прыняў адмысловую заяву ў падтрымку беларускага ўнівэрсітэту імя Ніла Гілевіча, у якой заклікаў СМІ да аб’ектыўнасьці ў крытычных публікацыях, а таксама заклікаў бізнэсоўцаў, прыватных ахвярадаўцаў ды дзяржаву вылучаць фінансавыя сродкі на падтрымку Ўнівэрсітэту імя Ніла Гілевіча як установы, якая ў пэрспэктыве можа стаць першым беларускамоўным унівэрсытэтам у нашай краіне.

Лістапад 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.