Партыя БНФ » Грамадзкасьць не прызнае вынікаў конкурсу па мэмарыяле ў Курапатах
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Грамадзкасьць не прызнае вынікаў конкурсу па мэмарыяле ў Курапатах

Дададзена 05.09.2018 5:39:16 | 253 праглядаў

Усталяваньне ў Курапатах мэмарыяльнага знаку, створанага на аснове «няяснай канцэпцыі», ня ўхваленага шырокай грамадзкасьцю, ня стане сапраўдным сымбалем памяці. Пакуль дзяржава не назвала імёны ахвяраў рэпрэсій, іх ананімнае ўшанаваньне ад імя дзяржавы будзе пустой фармальнасьцю, — такую рэзалюцыю прынялі ўдзельнікі грамадзкага абмеркаваньня дзяржаўнага конкурсу.

Ад імя Партыі БНФ выніковую рэзалюцыю слуханьняў падпісаў кіраўнік мінскай раённай арганізацыі БНФ Ільля Дабратвор, як прадстаўнік партыйнай аргструктуры, на тэрыторыі якой знаходзіцца нацыянальны нэкропаль ахвяраў бальшавісцкага тэрору.

На грамадзкае абмеркаваньне дзяржаўнага конкурсу на памятны знак у Курапатах былі запрошаныя прадстаўнікі Міністэрства культуры, Менгарвыканкаму, але ніхто не зьявіўся – паведамляе беларуская служба Радыё Свабода. Прыйшоў толькі адзін зь пераможцаў афіцыйнага конкурсу, што праводзіла ведамства, — скульптар Сяргей Аганаў.

Дзяржава найперш павінна агучыць імёны ахвяраў, што ляжаць у Курапатах

Падчас грамадзкага абмеркаваньня дзяржаўнага конкурсу на памятны знак у Курапатах

​На думку грамадзкасьці, перш чым ушаноўваць ад імя дзяржавы памяць ахвяраў, якія ляжаць у Курапатах, дзяржава павінна:

  • дамагчыся прымальнага разьвязаньня канфліктаў, якія адбываюцца вакол Курапатаў, спыніць перасьлед абаронцаў, якія пратэстуюць супраць дзейнасьці забаўляльнай установы побач з нэкропалем;
  • агучыць імёны ахвяраў, стварыць умовы ўсім дасьледнікам для высьвятленьня абставінаў трагедыі ў Курапатах;
  • публічна прызнаць факт ужо зьдзейсьненай грамадзкай мэмарыялізацыі Курапатаў і пры плянаваньні ўсіх наступных захадаў зыходзіць з гэтага факту;
  • паспрыяць правядзеньню сапраўды адкрытага ўсенароднага конкурсу, уключыць працу ўсіх ужо праведзеных на гэтую тэму конкурсаў і шырокага абмеркаваньня ягоных вынікаў.

Марачкін: «Чаму Міністэрства культуры таемна вылучае праекты на конкурс?»Старшыня грамадзкага журы конкурсу «Курапаты — народны мэмарыял», сябра Сойму Партыі БНФ Алесь Марачкін задаў рытарычнае пытаньне:

Аляксей Марачкін

«Чаму Міністэрства культуры таемна, без абмеркаваньня з грамадзтвам вылучае праекты на конкурс? Павінна быць народнае абмеркаваньне. І наагул, як дзяржава можа рабіць мэмарыялізацыю, калі галоўны міліцэйскі начальнік апранае форму НКВД, а кіраўнік дзяржавы кажа, што „нам няма чаго саромецца свайго мінулага?“

Захады дзеля мэмарыялізацыі ад імя дзяржавы на тэрыторыі Курапатаў ня могуць адбывацца ва ўмовах закрытасьці і валюнтарызму, адзначыў Алесь Марачкін.

Грамадзкі конкурс „Курапаты — народны мэмарыял“ працягваецца

Вацлаў Арэшка, прадстаўнік грамадзкай ініцыятывы „Экспэрты ў абарону Курапатаў“, таксама падкрэсьліў, што непасрэдных кантактаў з грамадзкімі структурамі дзяржава, Міністэрства культуры ня мелі. А менавіта грамадзтва шанавала, бараніла Курапаты, грамадзтва патрабавала комплекснай мэмарыялізацыі, усталявала ў Курапатах каля 1000 крыжоў.

У 2017 годзе былі падведзены вынікі першага этапу грамадзкага конкурсу на лепшы праект мэмарыялізацыі Курапатаў, на які было прадстаўлена 44 працы 38 аўтараў — Сяргея Гумілеўскага, Гэніка Лойкі, Генадзя Драздова, Вадзіма Гліньніка, Рамана Забэлы і Дар’і Мандзік, польскіх архітэктараў Юліі Сабалеўскай і Рафала Юзьвяка, многіх іншых творцаў.

«Тады мы вырашылі — немэтазгодна завяршаць конкурс, і журы працягнула яго. Час ішоў. І тут кіраўнік дзяржавы заявіў, што насьпеў час спыніць „валтузьню на касьцях“, трэба паставіць самы просты помнік ці капліцу“.

Мінкульт абвясьціў пра стварэньне свайго конкурсу, які праходзіў у атмасфэры таямніцы, не было ніякай інфармацыі пра яго. І раптам 11 чэрвеня 2018 году рэктар Акадэміі мастацтваў Міхаіл Баразна паведаміў, што перамаглі 3 праекты з пададзеных 32-х», — сказаў Вацлаў Арэшка.

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім на пачатку ліпеня даслала ліст у Міністэрства культуры наконт конкурсу — афіцыйнага адказу дагэтуль няма. Яна трактуе гэта як поўнае ігнараваньне Мінкультам афіцыйнага запыту дэпутаткі.

Алена Анісім

Свае меркаваньні і заўвагі наконт дзяржаўнага конкурсу выказалі абаронцы Курапатаў Павал Севярынец, Алесь Чахольскі, рэжысэр Валер Мазынскі, журналіст Марат Гаравы, дачка рэпрэсаваных Зінаіда Тарасевіч, лінгвіст Вінцук Вячорка, бард Зьміцер Захарэвіч, народная артыстка Зінаіда Бандарэнка, мастак Мікола Купава ды іншыя.

Гумілеўскі: «Усе праекты трэба выстаўляць на шырокае грамадзкае абмеркаваньне»

На дзяржаўны конкурс свой праект падаваў і скульптар Сяргей Гумілеўскі, які выстаўляў яго раней на грамадзкі конкурс «Курапаты — народны мэмарыял».

Сяргей сказаў Свабодзе, што на «Онлайнэры» было галасаваньне, праекты прадстаўляліся пад нумарамі, бяз прозьвішчаў аўтараў. За праект Сяргея Гумілеўскага прагаласаваў 2261 чалавек. За праект скульптараў Вольгі Нячай і Сяргея Аганава, архітэктараў Марыі Маркаўцовай і Вольгі Ярмолінай — 1040. Але Міністэрства культуры на народнае галасаваньне не зьвярнула ўвагі, у выніку перамог праект Нячай, Аганава, Маркаўцовай і Ярмолінай, які ў народзе ўжо назвалі «прышчэпкай». Праект Сяргея Гумілеўскага кіраўніку дзяржавы нават не паказалі.

Скульптар Сяргей Гумілеўскі

У праекце Сяргея Гумілеўскага тры галоўныя элемэнты: Брама Пакут, Сьцяна Памяці і Капліца ў Курапатах. Асноўны помнік Сяргей прапануе вырабіць з чорнага граніту.

Праект Сяргея Гумілеўскага

«Гэта падкрэсьліць тэму агульнанацыянальнай трагедыі і арганічна ўпішацца ў існуючую Дарогу сьмерці з крыжамі. Агульная вышыня помніка — 7 мэтраў. У гэтай сыстэме няма канкрэтных крыжоў, ёсьць толькі асацыяцыі з крыжамі. Мне падаецца, я знайшоў такое цікавае рашэньне, дзе ёсьць месца для лямпадак, зьнічак», — кажа Сяргей Гумілеўскі.

На думку скульптара, падобныя конкурсы павінны праходзіць максымальна адкрыта, усе праекты трэба выстаўляць на шырокае грамадзкае абмеркаваньне.

Пакуль актывісты, якія шмат гадоў апякуюцца месцам расстрэлу і пахаваньня ахвяраў сталінскага тэрору, выступаюць супраць «дзяржаўнага ўварваньня» на тэрыторыю народнага мэмарыялу, — тым часам у праект помніка, ухваленага Міністэрствам культуры, уносяцца апошнія карэктывы.

Апошнія карэктывы ад працоўнай групы

Рэспубліканская мастацка-экспэртная рада па манумэнтальным мастацтве яшчэ 30 жніўня мелася ўхваліць эскіз памятнага знаку на месцы сталінскіх расстрэлаў у Курапатах. Гаворка пра варыянт з чатырма слупамі ў «іржавым» мэтале і візуальна «чытанымі» крыжамі. Аўтарскі калектыў у складзе скульптараў Вольгі Нячай і Сяргея Аганава, архітэктараў Марыі Маркаўцовай і Вольгі Ярмолінай быў названы пераможцам абвешчанага летась дзяржаўнага конкурсу на праект мэмарыялізацыі ўрочышча.

Але ў часе абмеркаваньня ўзьніклі пытаньні да цэнтральнага элемэнту скульптурнай кампазыцыі. Экспэртаў падтрымала і першая намесьніца міністра культуры Ірына Дрыга. Было вырашана стварыць у рамках рады працоўную групу, якая сфармуе канчатковы пакет заўвагаў і прапановаў. Першае паседжаньне гэтай групы прайшло 4 верасьня.

«Працоўная група зьбіраецца дзеля таго, каб зрабіць апошнія заўвагі, унесьці карэктывы, — сказаў Свабодзе скульптар Сяргей Аганаў. — Зь нечым мы згодныя, зь нечым — не, але зьмены ёсьць. Ужо на наступным тыдні павінна адбыцца паседжаньне манумэнтальнай рады, якая будзе зацьвярджаць эскіз працоўнай мадэлі. Дасягнутае паразуменьне адносна сылюэту, прапорцый і ўсяго астатняга, засталіся важныя, але адзінкавыя нюансы. Не магу сказаць, што зьмены прынцыповыя, тым ня меней іх трэба ўлічваць».

Эскізаў не паказваюць, каб «не было блытаніны»

Як цяпер выглядае праект памятнага знаку, аўтары не разгалошваюць. Да канчатковага прыняцьця рашэньня іх папрасілі не дзяліцца ілюстрацыямі, каб не было блытаніны — працоўны матэрыял пастаянна дарабляўся і мае пэўныя разыходжаньні зь першапачатковай вэрсіяй.

«Паўтаруся: ёсьць погляд абывацеля і погляд прафэсіянала, — кажа Сяргей Аганаў. — Далёкі ад тэмы чалавек скажа, што ніякай розьніцы. А спэцыяліст адразу вызначыць, што адрозьніваецца і ў які бок… Мы абараняем прынцыповыя рэчы, якія павінны захавацца. Напрыклад, што тычыцца тэкставай кампазыцыі, слоў „бацька, маці, сын“ і г.д. На апошнім паседжаньні заяўлялі, што трэба прапісаць на чатырох мовах — беларускай, расейскай, польскай і ідыш. Гэта гістарычна правільна. Дамінаваць будзе беларуская, але трэба абазначыць: трагедыя закранула ўсіх».

Аўтары памятнага знаку заяўляюць, што яшчэ адна прынцыповая пазыцыя — максымальна захаваць ляндшафт урочышча. Помнік плянуецца паставіць на пагорку, дзе звычайна адбываюцца малебны і мітынгі. Паводле задумы, «крывавы» колер калёнаў будзе спалучацца з курапацкімі соснамі, а вэртыкальная форма гарманіруе зь цяперашнімі крыжамі. На каркасе прадугледжаныя словы «маці, сын, бацька, дзед», бо ўсе ахвяры палітычных рэпрэсій 1930–40-х былі нейчымі роднымі.

Удзельнікі грамадзкага абмеркаваньня

Заказчыкам будаўніцтва выступае Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі. Калі праект будзе ўхвалены і на ўрадавым узроўні вырашыцца пытаньне зь фінансаваньнем, пачнецца падрыхтоўка да працаў па вырабе канструкцыі і яе мантажы.

 

Супраціў як штуршок да мэмарыялізацыі

У лютым 2017 году на вуліцы Мірашнічэнкі, што мяжуе з ахоўнай зонай Курапатаў, паўстаў кругласуткавы лягер супраць будаўніцтва тут офіснага цэнтру. Дзякуючы неабыякавым людзям урочышча ўдалося абараніць ад камэрцыялізацыі.

Неўзабаве курапацкая тэма знайшла працяг на дзяржаўным узроўні. У рэдакцыі газэты «Советская Белоруссия» прайшоў круглы стол пад назвай «Гісторыя, якая павінна нас аб’ядноўваць», а празь нейкі час Аляксандар Лукашэнка заявіў, што найбліжэйшым часам у Курапатах створаць мэмарыяльны комплекс. Праўда, да «комплексу» справа не дайшла, летась у сакавіку Міністэрства культуры абвясьціла конкурс на «памятны знак».

Амаль год не было ніякіх зрухаў, хоць ініцыятар удзелу дзяржавы ў мэмарыялізацыі Курапатаў, тагачасны галоўны рэдактар газэты «СБ. Беларусь сегодня» Павал Якубовіч абяцаў, што на ўсіх этапах будуць далучаныя прадстаўнікі грамадзкасьці, якія доўгія гады апекаваліся Курапатамі.

Насуперак заявам, працэс адбору прэтэндэнтаў і вызначэньня лепшых працаў прайшоў кулюарна. У чэрвені 2018 году журы на чале з рэктарам Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Міхаілам Баразной абнародавала тры эскізныя праекты, адабраныя ў фінал. У жніўні быў агучаны канчатковы вэрдыкт.

Ніводзін з варыянтаў не задаволіў незалежных экспэртаў. Альтэрнатыўныя прапановы, выставу якіх ладзіла мастацкая суполка «Пагоня», Міністэрства культуры не разглядала.

40973658_367615987110359_4893256459376132096_n

Кастрычнік 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Вер    
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.