Партыя БНФ » Дэлегацыя Партыі БНФ назірае за парлямэнцкімі выбарамі ў Швэцыі
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Дэлегацыя Партыі БНФ назірае за парлямэнцкімі выбарамі ў Швэцыі

Дададзена 06.09.2018 10:59:48 | 436 праглядаў

Гэтымі днямі дэлегацыя Партыі БНФ на чале са старшынём партыі Рыгорам Кастусёвым знаходзіцца ў Швэцыі. Мэта візыту – азнаямленьне з хадой парлямэнцкай выбарчай кампаніі і назіраньне за галасаваньнем.

Чарговыя выбары ў парлямэнт Каралеўства Швэцыя – Рыксдаг – прызначаныя на 9 верасьня.

Па словах старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, цяперашнія выбары ў Швэцыі незвычайныя і выклікаюць вялікую цікавасьць ва ўсёй Эўропе:

Кастусёў 18- У апошнія гады ківач у эўрапэйскай палітыцы адчувальна хіснуўся ў правы бок, у шэрагу краінаў посьпех на выбарах здабылі правыя партыі, прычым часьцяком гэта новыя правыя партыі, не зьвязаныя са звыклым істэблішмэнтам. Ад цяперашніх выбараў у Швэцыі чакаецца працяг гэтай тэндэнцыі – сацыялагічныя апытаньні фіксуюць рост папулярнасьці правай партыі Швэцкія Дэмакраты. Пргназуецца, што выбары прадэманструюць падтрымку “новых правых” як мінімум ў паўтары разы, а можа і болей. Існуе верагоднасьць, што Швэцкія Дэмакраты абыйдуць традыцыйных лідэраў мясцовай правіцы – партыю Мадэратаў – і стануць галоўнымі гульцамі на правым флянгу швэцкай палітыкі.

І хоць пэрспэктываў удзелу Швэцкіх Дэмакратаў у кааліцыйным урадзе няшмат (але цалкам такую верагоднасьць я не выключаю), для нас, для Партыі БНФ,  посьпех гэтай палітычнай сілы вельмі цікавы. Мы маем кантакты з гэтай партыяй, у тым ліку на ўзроўні нашай маладзёвай арганізацыі Моладзь БНФ. Для нас тактыка Швецкіх Дэмакратаў ёсьць узорам таго, як партыя можа ўплываць на палітычны парадак дня, фармаваць палітычны парадак дня, уплываць на палітычны курс, нават не будучы ва ўрадзе. У Беларусі цяпер зусім іншая палітычная сытуацыя, цалкам адсутнічае выбарчая дэмакратыя. Але і ў гэтых варунках мы як палітычная апазыцыя, як правая палітычная сіла, можам і мусім накідваць грамадзтву свой парадак дня і дамагацца сваіх мэтаў.

У камэнтары прэс-службе Партыі БНФ старшыня партыі таксама адзначыў цікаўнасьць для Беларусі досьведу выбараў ў парлямэнцкай сыстэме, нагадаўшы, што Партыя БНФ выступае менавіта за парлямэнкую форму праўленьня з прапарцыйнай сыстэмай выбараў па партыйных сьпісах.

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў адзначыў, што азнаямленьне з працэдурай правядзеньня выбараў вельмі карыснае для беларускіх палітыкаў і актывістаў:

Вадзім Саранчукоў- Падчас выбарчых кампаніяў у Беларусі нам даводзіцца змагацца за чысьціню падліку галасоў. Але пры гэтым не варта забываць, як павінныя насамрэч адбывацца свабодныя і справядлівыя выбары. Для мяне вельмі важна, што сябры выбарчых камісіяў у Швецыі не хаваюць праблемаў, шчыра і адкрыта кажуць міжнародным назіральнікам пра недахопы ў выбарчай сыстэме ці ў працэдурах арганізацыі выбараў. Гэта вельмі яскравы факт: недахопы могуць быць у любой рэальнай працы, і іх заўжды можна выпраўляць, удасканальваць працэс. Але выразна бачна розніца паміж тымі, чыя задача ёсьць фальсіфікацыя выбараў і крадзёж у людзей іх права голаса, і тымі, хто ладзіць сапрадныя выбары. У Швецыі задача выбарчых камісіяў – правядзеньне галасаваньня і падліку галасоў так, каб голас кожнага выбаршчыка быў пачуты. 

Візыт прадстаўнікоў Партыі БНФ у Швэцыю для назіраньня за парлямэнцкімі выбарамі арганізаваны Швецкім Міжнародным Ліберальным Цэнтрам (SILC). Праграма візыту ўключае ў сабе наведваньне выбарчых участкаў і офісаў швецкіх партыяў, размовы з сябрамі выбарчых камісіяў і кандыдатамі, актывістамі. Праца беларускіх назіральнікаў адбываецца ў межах міжнароднай назіральніцкай місіі.

41223384_1985388881525152_1504562533103566848_n

Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў у ратушы горада Стакгольму

Sweden Democrats party's campaign against begging

Палітычная рэкляма партыі Швецкія Дэмакраты

Кастрычнік 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Вер    
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.