Партыя БНФ » Да 8 верасьня БНФ даслаў у вайсковыя бібліятэкі патрыятычныя выданьні
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Да 8 верасьня БНФ даслаў у вайсковыя бібліятэкі патрыятычныя выданьні

Дададзена 08.09.2018 10:38:04 | 337 праглядаў

З нагоды Дня Беларускай Вайсковай Славы Партыя БНФ даслала ў бібліятэкі беларускіх вайсковых частак і навучальных установаў кнігі па вайсковай гісторыі краіны і часопісы патрыятычнага зьместу.

Акцыя прымеркаваная да 504-й гадавіны слаўнай перамогі войскаў Вялікага Княства Літоўскага на чале з Канстанцінам Астрожскім над войскамі Маскоўскага княства ў бітве пад Воршай 8 верасьня 1514 года. Гэтая дата ў беларускім патрыятычным календары адзначаецца як Дзень Беларускай Вайсковай Славы.

Як паведаміў адказны сакратар Управы БНФ Зьміцер Салошкін, патрыятычная літаратура дасланая ў бібліятэкі вайсковых частак ва ўсіх абласьцях краіны і ў Менску, а таксама ў навучальныя ўстановы, якія належаць да сілавых міністэрстваў і ведамстваў. Сярод дасланых выданьняў – першы выпуск новага гістарычнага навукова-папулярнага часопіса “Наша Гісторыя” і адмысловы нумар часопіса “ARCHE-Пачатак”, прысьвечаны стагодзьдзю БНР, кнігі пра беларускіх ваеначальнікаў, пра перамогі беларускай зброі, пра беларускі вайсковы рыштунак ды пра іншыя аспэкты вайсковай гісторыі, а таксама матэрыялы пра Беларускую Народную Рэспубліку.

“Мы ўпэўненыя, што менавіта ў бібліятэках вайсковых частак навукова-папулярная літаратура знойдзе сваяго ўдзячнага чытача і будзе карыстацца попытам. Гэта датычыць як добра ілюстраваных глянцавых часопісаў, так і іншых навукова-папулярных выданьняў” – сказаў Зьміцер Салошкін у камэнтары прэс-службе Партыі БНФ.

У суправаджальным лісьце за подпісам старшыні БНФ Рыгора Кастусёва, што адрасаваны загадчыкам бібліятэкаў вайсковых частак, адказным за выхаваўчую працу і загадчыкам клюбаў, адзначаецца важнасьць гістарычнай даты перамогі 8 верасьня 1514 года для гісторыі беларускага войска. Таксама ў сваім звароце кіраўнік БНФ прапануе рэкамендацыі па выкарыстаньні гістарычнай літаратуры ў вайскова-патрыятычным выхаваньні ў вайсковых часках ды навучальных установах.

dav

Кастрычнік 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Вер    
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.