Партыя БНФ » Аляксандр Гелагаеў: Візіт Папы Рымскага ў Беларусь будзе экзаменам на незалежнасць
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Аляксандр Гелагаеў: Візіт Папы Рымскага ў Беларусь будзе экзаменам на незалежнасць

Дададзена 26.09.2018 12:02:04 | 256 праглядаў

Старшыня Партыі БНФ Рыгор Касусёў высока ацаніў артыкул Аляксандра Гелагаева пра пэрспэктывы візыту Папы Рымскага ў Беларусь на сайце тэлеканала Белсат.

“Важны артыкул аналітыка Аляксандра Гелагаева пра адзін з істотных аспектаў умацавання суверэнітэту беларускай дзяржавы. Рэспубліка Беларусь не будзе незалежнай да той пары, пакуль пытанне візыту ў нашую краіну духоўнага лідэра сусветнай каталіцкай царквы будзе вырашацца зыходзячы з таго, што скажуць у Маскве. Антыбеларуская і антыдзяржаўная прапаганда ворагаў нашай незалежнасці, нажаль, імкнецца скарыстаць шматканфэсійныя традыцыі беларускага народа для сваіх мэтаў. Яна непазбежна будзе імкнуцца раздзьмуваць сваркі і варожасць паміж рознымі сацыяльнымі, рэлігійнымі, палітычнымі групамі ў межах беларускага народа. Ад нашай агульнай здольнасці да пераадолення ўзаемнага недаверу, ад здольнасці шукаць тое агульнае, што нас яднае, замест падкрэслення супярэчанняў, залежыць устойлівасць Беларусі як нацыянальна-дзяржаўнага праекта” – адзначыў Рыгор Кастусёў.

Вось поўны тэкст публікацыі на сайце тэлеканала Белсат:

Пасля таго, як з палітычнай мапы свету знік СССР, рымскія пантыфікі наведалі амаль усе краіны па перыметру Беларусі. Польшча, Літва, Латвія, Украіна, Эстонія – там католікі маюць права сустрэцца са сваім духоўным айцом.

Але не ў Расеі і, уласна, не ў нас. Як так сталася?

Дэмаграфічны складнік

Адразу адзначым, што справа не ў дэмаграфіі – пантыфікі наведваюць далёка не толькі пераважна каталіцкія краіны, такія як Францыя, Ірландыя ці Польшча. Падчас гэтага вераснёўская візіту, напрыклад, Папа Францішак будзе як у Літве, дзе католікаў каля 77 % насельніцтва, гэтак і ў Латвіі (каля 25 %) і Эстоніі (0,41 %).


Некалькі беларускіх пілігрымаў у Вільні на сустрэчы з Папам Францішкам. Фота catholic.by

Ва Украіне, якую наведваў Папа Ян Павал ІІ ў 2001 годзе, прыкладна 7,5 % жыхароў – католікі візантыйскага і рымскага абрадаў (грэка-католікі і рыма-католікі). У параўнанні з гэтым католікі ў Беларусі складаюць значна большую частку насельніцтва – каля 15 %, налічваючы больш за 1,4 мільёна чалавек.

«Кананічныя тэрыторыі»

Аднак ужо візіт Яна-Паўла ІІ у Украіну быў сустрэты з боку Масквы і прадстаўнікоў Масквы ва Украіне вельмі варожа – Маскоўскі Патрыярхат асудзіў сустрэчу Папы з вернікамі як працяг «палітыкі празелітызму», новы крыжовы паход супраць праваслаўных і супраць Расеі.

Католікам прыпісвалі адразу ўсе, пачынаючы з хаўрусу з Леніным і заканчваючы хаўрусам з Гітлерам, змову з амерыканскім ЦРУ па развале і СССР, і сучаснай РФ. Ва Украіне і Расеі пад даволі правакатыўнымі лозунгамі кшталту «змагання з ватыканскімі фашыстамі» арганізоўваліся мітынгі і пікеты з удзелам пенсіянерак і «казакоў» з нагайкамі.


Візіт Папы Рымскага Яна-Паўла ІІ ва Украіну. Фота http://kievvlast.com.ua

«Візіт Папы супадае з 60-годдзем агрэсіі Гітлера… Пазбавіцца такіх асацыяцый рымскаму пантыфіку не атрымліваецца. Сучасны візіт Рымскага Папы на кананічную тэрыторыю Расейскай Праваслаўнай Царквы ёсць не проста несяброўскім дзеяннем, але выклікам, крокам вераломным, актам агрэсіі», – адзначаў тады самы буйны праваслаўны інтэрнэт-партал pravoslavie.ru.

Згодна з афіцыйнай пазіцыяй Масквы, Расея, Украіна і Беларусь – гэта яе «кананічныя тэрыторыі», на якія нага іншага хрысціянскага іерарха мае права ступаць толькі з дазволу і пад кантролем Маскоўскага Патрыярха.


Антыкаталіцкі «хрэсны ход» у Кіеве. Фота itogi.ru

«Уся гісторыя Расейскай дзяржавы – пачынаючы з крыжовага паходу лівонскіх рыцараў у 1242 годзе і аж да ХХ стагоддзя, калі Ватыкан і бальшавізм, а потым Ватыкан і гітлераўскі фашызм выступілі як хаўруснікі, – напоўненая спробамі Каталіцкай Царквы падпарадкаваць сабе непакорную праваслаўную Расею… Асабліва яскрава гэта праявілася ў перыяд апошняга пантыфікату», – пісаў архімандрыт Ціхан Шаўкуноў, які мае рэпутацыю блізкага да Крамля чалавека і нават духоўніка Уладзімера Пуціна. Зараз менавіта Шаўкуноў кіруе парталам pravoslavie.ru

Глядзіце таксама:

Пры гэтым маскоўскае разуменне «кананічных тэрыторый» не падзяляюць нават некаторыя іншыя праваслаўныя цэрквы. Тым больш Ватыкан ніколі не прызнаваў, што Маскоўскі Патрыярхат мае нейкую асаблівую ўладу не толькі над сваймі вернікамі, але над нейкімі цэлымі нацыямі ці дзяржавамі, у якіх жывуць католікі і людзі іншых перакананняў.


Візіт Патрыярха РПЦ МП Кірыла ў Францыю ў 2016 годзе. Фота mospat.ru

У сваю чаргу Масква, заяўляючы пра «свае кананічныя тэрыторыі», пры гэтым, канешне, не стрымлівае сябе ад будавання храмаў у Заходняй Еўропе, патрыярхі РПЦ перыядычна наведвалі і наведваюць тую ж Францыю ці Італію, не пытаючыся дазволу ў Ватыкане. Дый Папы Рымскія і не прыпісваюць сабе ўладу кіраваць вандроўкамі маскоўскіх іерархаў.

Перамога для дзяржавы і грамадства

Папа Рымскі адначасова з’яўляецца і рэлігійным іерархам – як біскуп Рыма і спадкаемца святога Пятра на гэтым прастоле ён узначальвае самую вялікую хрысціянскую канфесію ў свеце – і кіраўніком незалежнага гораду-дзяржавы Ватыкана.

Такім чынам наведванне Папам Беларусі абавязкова будзе ўключаць сустрэчу не толькі з католікамі, але і з дзяржаўнымі ўладамі – найперш, кіраўніком дзяржавы. Беларусь зʼявіцца ва ўсіх сусветных СМІ, пра існаванне нашай краіны будзе нагадана ў кожным кутку планеты. Вырасце міжнародны аўтарытэт дзяржавы, прыедуць дзясяткі, калі не сотні тысяч пілігрымаў-католікаў з Польшчы, Украіны, іншых краін Еўропы, з постсавецкіх дзяржаў, што дапаможа і нацыянальнай эканоміцы, створыць добры імідж Беларусі для турыстаў.


Пілігрымы падчас фэсту ў Будславе. Фота catholic.by

Унутры краіны дзяржаўныя ўлады падымуць свой аўтарытэт сярод католікаў – значнай і рэлігійна актыўнай часткі насельніцтва. Гэта будзе доказам сапраўднай рэлігійнай свабоды для другой па колькасці канфесіі краіны.

Таксама ў вонкавай палітыцы Менск пакажа ЗША і краінам Еўразвязу, што ён зʼяўляецца дастаткова самастойным субʼектам, які не ідзе слепа ў рэчышчы палітыкі Крамля і калякрамлёўскіх структур.

У пэўным сэнсе першы ў гісторыі візіт пантыфіка ў Беларусі будзе сімвалам вяртання нашай краіны да страчанай больш чым на 200 год еднасці з сапраўднай еўрапейскай цывілізацыяй. Зрэшты, менавіта пасад святога Пятра зараз ёсць найстарэйшым і адзіным існуючым інстытутам гэтай цывілізацыі, які фізічна злучае часы Старажытнага Рыма, Сярэднявечча, Рэнесанс, Новы і Найноўшы час у непарыўную гістарычную і духоўную еднасць.

Хто можа быць супраць?

Адносіны паміж католікамі і праваслаўнымі, у тым ліку паміж святарамі, на лакальным узроўні ў Беларусі звычайна вельмі прыязныя. Сам аўтар быў сведкам таго, як падчас маладзёвай каталіцкай пілігрымцы ў Будслаў у адной з вёсак праваслаўны святар сустракаў пілігрымаў, граючы ў званы, выходзіў да іх з вітаннем, а потым запрашаў наведаць царкву.

З іншага боку, як і ў 2001 годзе падчас візіту Папы ў Украіну, гэтая падзея можа даць антыбеларускім колам повад для рэзкага ўзмацнення антыкаталіцкай прапаганды, распальвання варожасці паміж праваслаўнымі і католікамі ў Беларусі, для правакацыяў і нават гвалту пад псеўдаправаслаўнымі лозунгамі. Улічваючы адкрытасць мяжы з Расеяй, дзе афіцыйна дзейнічаюць арганізацыі кшталту «Саюза дабрахвотнікаў Данбаса» ці шавіністычныя групоўкі, якія адмаўляюць права Беларусі на суверэнітэт і асобную культуру, гэтая небяспека абсалютна рэальная. Антыбеларускія прарасейскія суполкі, якія гатовыя нацкоўваць праваслаўных на католікаў, дзейнічаюць і ў Беларусі.


Баявік «Расейскай праваслаўнай арміі» на ўкраінскім Данбасе. Фота https://colonelcassad.livejournal.com

Якую пазіцыю зоймуць праваслаўныя іерархі ў Беларусі? Якой будзе пазіцыя Маскоўскага Патрыярхата, і наколькі жорстка ён будзе ціснуць на беларускіх праваслаўных біскупаў? Наколькі моцна будзе дзейнічаць у Беларусі антыбеларуская і антыкаталіцкая прапаганда? Хто і як будзе гэтай антыдзяржаўнай прапагандзе супрацьстаяць? Ці хопіць у Беларусі сілаў на наступны дзень пасля візіту Папы Рымскага прачнуцца не аслабленай і расколатай, але адноўленай і ўзмоцненай? Гэтыя пытанні адказныя патрыёты Беларусі, на якой бы пасадзе яны не былі, не маюць права не ўлічваць.

Такім чынам, візіт Папы Рымскага ў Беларусь будзе і для дзяржаўных ўладаў, і для грамадства, у тым ліку беларускіх вернікаў і іерархаў усіх канфесіяў выпрабаваннем на самастойнасць – перш за ўсё на здольнасць думаць і прымаць рашэнні сваёй галавой.

Ці здольныя мы на гэта зараз?

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Лістапад 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.