Партыя БНФ » СВК, ААТ, ЗАТ — што прыйшло на зьмену беларускім калгасам, якія ўлады зноў узяліся «аздараўляць»
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


СВК, ААТ, ЗАТ — што прыйшло на зьмену беларускім калгасам, якія ўлады зноў узяліся «аздараўляць»

Дададзена 12.10.2018 1:55:02 | 199 праглядаў

У этэры беларускай службы Радыё Свабода экспэрты камэнтуюць асаблівасьці зьмены структуры ўласнасьці ў беларускай сельскай гаспадарцы.

На Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале апублікаваны прэзыдэнцкі ўказ «Аб фінансавым аздараўленьні сельскагаспадарчых арганізацый». Гэта чарговая спроба ажывіць аграрны сэктар Беларусі, які працягваюць рэфармаваць без вырашэньня галоўнага пытаньня — аб прыватнай уласнасьці на зямлю.

Як будуць аздараўляць?

Указ апісвае інструмэнты для аздараўленьня перадусім неплатаздольных арганізацый і ўкараненьня «прагрэсіўнага кіраваньня». Сярод іншага прадугледжваюцца наступныя формы аздараўленьня:

  • Забаронена банкруціць неплатаздольныя сельскагаспадарчыя арганізацыі праз суд, спыняюцца ўжо распачатыя працэдуры банкруцтва. Старшыні райвыканкамаў атрымліваюць паўнамоцтвы на аздараўленьне такіх арганізацый.
  • Нельга звальняць работнікаў без паважнай прычыны. У арганізацыі, якую перадаюць у арэнду або даверчае кіраваньне, ім гарантуецца права застацца на працы на ранейшых умовах. Гэта ня тычыцца кіраўніка і ягоных намесьнікаў.
  • Сплаціць запазычанасьць можна новымі акцыямі, павялічваючы статутны фонд гаспадарчага таварыства на суму запазычанасьці зь перадачай акцыяў крэдытору. Прадугледжана заключэньне пагадненьняў з крэдыторамі аб зьменах ва ўмовах пазычаньня, адтэрміноўваньне абавязаньняў на 3 гады і растэрміноўваньне на 5 гадоў, зьніжэньне стаўкі па крэдытах на 1,5% гадавых.
  • Кіраўнік краіны можа аднаасобна пераводзіць запазычанасьць на іншых: зь неплатаздольных арганізацый праз выпуск выканкамамі каштоўных папераў — на мясцовыя ўлады або «Агенцтва кіраваньня актывамі», створанае ў 2016 годзе пад кіраўніцтвам «Белаграпрамбанку».
  • Да чвэрці акцыяў дазволена падарыць кіраўнікам арганізацый ці бясплатна перадаць «па выніках рэалізацыі бізнэс-пляну» паводле рашэньня Аляксандра Лукашэнкі (ня больш за 25,01% статутнага фонду неплатаздольнага сельскага прадпрыемства).
  • Маёмасны комплекс неплатаздольных прадпрыемстваў можна здаваць у арэнду безь дзяржаўнай рэгістрацыі і без дакумэнтаў аб правах на нерухомасьць, аддаваць зямлю пад пабудовамі ў карыстаньне без правядзеньня аўкцыёнаў.

Посткалгасная сыстэма Беларусі на прыкладзе Шклоўскага раёну

Фармальна калгасаў і саўгасаў у Беларусі няма. Якія арганізацыі цяпер трапілі пад «аздараўленьне»? Паглядзім на прыкладзе Шклоўскага раёну, дзе дырэктарам саўгаса пачынаў свой кар’ерны шлях Аляксандар Лукашэнка.

​Паводле кандыдата эканамічных навук, сябры грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне” Пятра Мігурскага, які доўгі час працаваў старшынём калгасаў на Гомельшчыне і Магілёўшчыне, а потым стаў фэрмэрам, у часы СССР на Шклоўшчыне дзейнічалі 26 калгасаў і 5 саўгасаў. Фармальна саўгас быў дзяржаўнай гаспадаркай, у іх дзяржава ўкладала больш грошай, у саўгасах, як лічылася, працавалі рабочыя, а не калгасьнікі. Калгасы фармальна лічыліся каапэратыўнымі калектыўнымі прадпрыемствамі, але рэальна імі таксама кіравала дзяржава.

У часы незалежнасьці калгасы і саўгасы рэфармавалі — яны сталі сельскагаспадарчымі вытворчымі каапэратывамі. Правялі таксама іх узбуйненьне — да больш пасьпяховых гаспадарак падалучалі неэфэктыўныя. На сёньня ў Шклоўскім раёне засталіся 17 гаспадарак — шэсьць адкрытых акцыянэрных таварыстваў, чатыры закрытыя, два ў складзе ААТ «Амкадор», два ў складзе холдынгу «Мачулішчы», па адным на балянсе «Магілёўаблгазу», «Аграмашсэрвісу» і «Беларусбанку».

Пётар Мігурскі

«„Беларусбанку“ дастаўся колішні саўгас „Гарадзец“, які некалі ўзначальваў Лукашэнка, — расказвае Пётар Мігурскі. — „Александрыйскае“, „Купалаўскае“ — гэта холдынгі асаблівага падпарадкаваньня. Арганізацыі, якія не зьяўляюцца камунальнай уласнасьцю, сёньня вызначаюць эканамічны твар раёну. Мясцоваму кіраўніцтву толькі застаецца езьдзіць па форумах, зьбіраць сьцягі, прызы і г.д. Калі ж зірнуць на іншыя гаспадаркі, карціна вельмі непрыемная. Яны калі і на слыху, дык у нэгатыўным пляне: мізэрныя заробкі, людзі разьбягаюцца хто куды».

Чатыры формы, у якія пераапранулі калгасы

У савецкай Беларусі калектыўных гаспадарак было каля 2000. Пасьля развалу СССР былыя калгасы і саўгасы атрымалі некалькі арганізацыйна-прававых формаў:

  • СВК (сельскагаспадарчы вытворчы каапэратыў);
  • ААТ (адкрытае акцыянэрнае таварыства);
  • ЗАТ (закрытае акцыянэрнае таварыства);
  • сялянская фэрмэрская гаспадарка.

Найбольш шматлікімі былі СВК — натуральныя спадкаемцы савецкіх калгасаў: у канцы 2000-х іх налічвалася больш за 1100 з агульных 2000 сельгаспрадпрыемстваў. Іх меліся рэарганізаваць у акцыянэрныя таварыствы яшчэ ў 2014 годзе, форма юрыдычнай асобы павінна была вызначацца рашэньнем агульнага сходу калгасьнікаў, а долі ў статутным фондзе (акцыі) плянавалася разьмяркоўваць паміж фізычнымі асобамі, якія выкажуць пісьмовую згоду выступіць заснавальнікамі таварыства.

Да прызначанай даты рэалізаваць задуму не ўдалося. Летась быў апошні тэрмін пераходу ў акцыянэрныя таварыствы і камунальныя ўнітарныя прадпрыемствы, але шмат дзе шыльды і сёньня засталіся ранейшымі. Доля дзяржавы ў гэтых ААТ і ЗАТ дамінуючая. Таму кіраўнікоў не выбірае агульны сход працаўнікоў, а прызначае раённая вэртыкаль.

Новыя арганізацыйна-прававыя формы, якія прыйшлі на зьмену калгасам, кандыдат эканамічных навук Пётар Мігурскі называе «фікцыяй» — не ў юрыдычным, а ў практычным сэнсе.

«Калі гаворка пра пэрспэктыву, прагрэс, матывацыю, то гэта нішто іншае, як фікцыя, — паўтарае ён. — Насамрэч няма ніякага стымулу ні для кіраўнікоў, ні для простых работнікаў. Рапартуюць, што расьце прадукцыйнасьць працы. А хто палічыў эфэктыўнасьць, хто палічыў, колькі на рубель прадукцыі трэба ўкласьці сродкаў, якія з кожным годам растуць! Сёньня прыкладна 9% бюджэту ідзе на падтрымку сельскагаспадарчай вытворчасьці. Я ўжо не кажу пра прыпіскі, якія забясьпечваюць так званую „эфэктыўнасьць“. Бо зьніжаецца сабекошт, энэргазабесьпячэньне, удзельная матэрыялаёмістасьць. Але такая сельская гаспадарка пэрспэктыў ня мае!»

Калі распачалося акцыянаваньне СВК, у Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі запэўнівалі, што гэта дазволіць стварыць зразумелую схему ўкладаньня сродкаў шляхам выпуску акцый на суму інвэстыцый альбо іх продажу. Пры гэтым узьнікла пытаньне аб памеры дзяржаўнай долі ў статутным фондзе акцыянэрнага таварыства.

Мэханізм удзелу дзяржавы меў рэкамэндацыйны характар, але на практыцы адсутнасьць адзіных правілаў прывяла да чаканага выніку: напрыклад, у Менскай вобласьці практычна ўсе ААТ, створаныя на базе СВК, былі ўтвораныя з дамінаваньнем дзяржавы — каля 90% статутнага фонду. Аналягічная сытуацыя і ў іншых рэгіёнах.

Якая альтэрнатыва?

«Уражаньні ад усіх гэтых рэарганізацый, ад абяцаньняў даць кіраўнікам гаспадарак 25% акцый — гэта ўсё паўмеры, якія ня маюць доўгатэрміновага характару, — лічыць Пётар Мігурскі. — Нават калі ёсьць акцыі, усё роўна там кіруе групка людзей, якая прымае рашэньне накіраваць прыбытак у разьвіцьцё вытворчасьці. Вось і ўсе акцыі! Наагул адчуваньне, што намагаюцца паўтарыць эканамічную мадэль, якая нідзе не паказала сваёй эфэктыўнасьці».

Дасьледаваньні сьведчаць, што фэрмэрскія гаспадаркі на 40% больш эфэктыўныя за буйнатаварныя гаспадарчыя прадпрыемствы. Што якраз і дэманструюць асобныя прыватныя вытворчасьці — напрыклад, магілёўскае прыватнае прадпрыемства «Сэрвалюкс», якое перакрочыла адзнаку 50% на беларускім рынку птушкагадоўлі.

«У кожнай вобласьці ёсьць годны прыклад прыватнай сельгасвытворчасьці, — працягвае Пётар Мігурскі. — Дык чаму ня ўзяць за аснову такі падыход? Не, зноў упіраемся ў гэтыя СВК. Кажуць, сельская гаспадарка без падтрымкі загнецца. Але як яна падтрымліваецца, дык гэта зьдзек — 72 даляры ў эквіваленце на 1 гектар сельгасугодзьдзяў. Для параўнаньня: Эўразьвяз — у 5 разоў больш, Швайцарыя — 3 тысячы эўра на гектар, Японія — 9 тысяч даляраў. Там, дзе аддаюць гэтаму ўвагу, ёсьць і аддача. Але ўкладаць у калгасы ў іх сучасным выглядзе нельга: усё расьцячэцца, разрабуецца».

Сяляне адарваныя ад зямлі і плёну сваёй працы

Доктар сельскагаспадарчых навук, шматгадовы дырэктар Інстытуту земляробства і сэлекцыі Нацыянальнай акадэміі навук Міхаіл Кадыраў перакананы: шукаць цудадзейныя рэцэпты ўратаваньня сельскай гаспадаркі на старым грунце бессэнсоўна. Ён перакананы, што трэба ствараць сыстэму і шукаць вынік у матывацыі працы, стымуляваньні чалавека, нармальных эканамічных мэтадах.

«Каб працаўнік быў калі ня ўласьнікам усяго, што ёсьць у гаспадарцы, але хоць бы гаспадаром выніку сваёй працы, каб за гэта было атрымана заслужанае ўзнагароджаньне, — кажа навуковец. — Пакуль жа чалавек адчужаны ад вынікаў працы. Вынікі ягоных высілкаў належаць дзяржаве ў асобах абласных, раённых кіраўнікоў. Распачалі нібыта акцыянаваньне, дык кантрольны пакет усё роўна належыць райвыканкаму — зноў жа, дзяржаве. Па сутнасьці нічога не мяняецца: якімі б шыльдамі чарговы раз ні прыкрываліся, застаецца савецкая сыстэма ў закансэрваваным выглядзе».

У 2004 годзе былі спробы ажывіць аграрную галіну інвэстыцыямі прыватнага капіталу на падставе прэзыдэнцкага ўказу № 138 «Аб прыцягненьні інвэстыцый у сельскагаспадарчую вытворчасьць». Чым гэта скончылася, можна бачыць на прыкладзе менскага прадпрымальніка Міхаіла Шурыма, які ўклаў некалькі мільёнаў даляраў у калгас на Мядзельшчыне, а ў выніку практычна ўсё страціў.

«У чым быў сэнс 138-га ўказу? З дапамогай прыватнага капіталу дапамагчы сялянам. Але нават з майго досьведу бачна: райвыканкамам гэта непатрэбна, мы для іх бяльмо на воку. Вынішчылі практычна ўсіх уласьнікаў, якія набылі калгасы, — амаль нікога з тых 200 чалавек не засталося. Нават за тое, што не выконвалі разнарадкі з раёну, колькі пасеяць азімых ці пасадзіць бульбы… Тым ня меней, без прыватнай уласнасьці будучыні сельская гаспадарка ня мае, як бы хто гэтаму ні працівіўся», — канстатуе нерэалізаваны аграрый.

Міхаіл Шурым з васьмігадовага досьведу працы ў сельскай гаспадарцы вынес цьвёрдае перакананьне: пакуль уладная вэртыкаль будзе татальна ўмешвацца ў справы арганізацый, ніякія касмэтычныя ўказы ня зьменяць сытуацыі.

Паводле Радыё Свабода

Лістапад 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.