Партыя БНФ » 30 ГАДОЎ БНФ: НАШАЯ МІСІЯ ПРАЦЯГВАЕЦЦА!
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


30 ГАДОЎ БНФ: НАШАЯ МІСІЯ ПРАЦЯГВАЕЦЦА!

Дададзена 19.10.2018 7:01:05 | 467 праглядаў

Юбілейны зварот старшыні Партыі БНФ і Грамадзкага аб’яднаньня БНФ ”Адраджэньне” Рыгора Кастусёва з нагоды 30-годзьдзя ўтварэньня Аргкамітэту БНФ

Шаноўныя сябры і паплечнікі! Дарагія фронтаўцы!

30 гадоў БНФУ гэтыя дні мы адзначаем юбілей слаўнай падзеі беларускай гісторыі – трыццаць гадоў таму, 19 кастрычніка 1988 года, у Менску паўстаў аргкамітэт Беларускага Народнага Фронту.

Заснаваньне БНФ дало магутны штуршок пераўтварэньням у нашай краіне, але і само было вынікам доўгага змаганьня беларусаў за права людзьмі звацца. Арганізацыйнае афармленьне БНФ на грунце нефармальных грамадзкіх суполак сталася інстытуцыйным увасабленьнем тых ідэалаў, якія раней былі агучаныя пры абвяшчэньні Беларускай Народнай Рэспублікі. Трыццаць гадоў таму менавіта БНФ стаўся палітычным існтрумэнтам змаганьня за ідэалы БНР у новых умовах – і застаецца такім у цяперашні час.

Этапы развіццья БНФ, ад руху у падтрымку Перабудовы, праз працу Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня, праз змаганьне на вуліцах і плошчах супраць пагрозы вяртаньня нашай краіны пад імпэрскае ярмо, праз супраціў аўтарытарызму – усё гэта этапы развіцьця беларускай нацыянальнай дэмакратыі як адзінай жыцьцяздольнай канцэпцыі беларускай дзяржаўнасьці.

У гэтыя дні лічу важным запярэчыць тым, хто робіць глыбокадумныя заявы пра нібыта магчымасьць устойлівага развіцьця нашай краіны на грунце, адрозным ад грунту нацыянальнага дзяржаўнага будаўніцтва.

Ані аўтарытарная дыктатура, ані падпарадкаваньне імпэрскаму цэнтру не дадуць беларускаму народу шчасьця. Памыляюцца тыя недальнабачныя палітыкі, якія разлічваюць нешта ўладкаваць на гэтай зямлі без уліку інтарэсаў нацыі, што тут жыве.

Для Партыі БНФ, якую я маю гонар узначальваць, прынцыпы свабоды, дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі і адраджэньня нацыянальнай культуры і мовы ёсьць непахіснымі. Гэта трывалы падмурак для ўсіх нас, для ўсіх пакаленьняў фронтаўскіх актывістаў, для тых хто змагаецца за Беларусь палітычнымі метадамі, і для тых хто шчыруе на ніве Беларушчыны ў структурах грамадзянскай супольнасьці.

Нядаўняе сьвяткаваньне сёлетняга стагодзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі, якое сталася сапраўды народным чынам, яскрава сьведчыць: нашыя ідэалы і прынцыпы знаходзяць водгук у беларускага грамадзтва, яны сугучныя народным памкненьням. Гэта дазвале нам упэўнена сьцьвярджаць: БНФ – выразьнік карэнных інтарэсаў беларускага народу, тых інтарэсаў, што яднаюць нацыю насуперак прыватным ці карпаратыўным зацікаўленасьцям асобных груповак.

Для нас, як для беларускіх нацыяналістаў, ёсьць крытычна важнай супольная воля беларускай нацыі, у якой ўвасобленыя беларускія нацыянальныя інтарэсы – агульныя  інтарэсы людзей, што жывуць на гэтай зямлі, якія яднаюць нас усіх у нацыянальную супольнасьць і пераважаюць над прыватнымі ці карпаратыўнымі інтарэсамі.

БНФ мае ясную візію таго, якім чынам павінная быць уладкаваная нацыянальная беларуская дзяржава, каб гэтыя супольныя інтарэсы былі рэалізаваныя. Гэта дае нам падставу годна адказваць на цяперашнія выклікі і процістаяць тым пагрозам, якія паўстаюць навокал і перашкаджаюць развіцьцю беларускага народу.

Наперадзе у нас новыя выклікі і новае змаганьне: нашая місія працягваецца!

Сябры мае, фронтаўцы! Віншую вас, людзей, якія прыносяць вялікія і малыя ахвяры ў імя Бацькаўшчыны – з юбілеем арганізацыі, якая створаная дзеля Бацькаўшчыны, якая працуе дзеля нашай Радзімы, дзеля таго, што ёсьць карысным для нашай краіны і для беларускага народа.

Жыве Беларускі Народны Фронт! Жыве Беларусь!

Снежань 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліс    
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.