Партыя БНФ » Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў сустрэўся з прадстаўніком МЗС Францыі
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў сустрэўся з прадстаўніком МЗС Францыі

Дададзена 27.10.2018 12:02:34 | 210 праглядаў

Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў узяў удзел у сустрэчы прадстаўнікоў беларускай грамадзянскай супольнасьці і палітычнай апазыцыі з дзяржаўным сакратаром МЗС Францыі Жан-Батыстам Лемуанам, пасада якога адпавядае рангу намесьніка міністра.

B35BB044-7019-4716-ACD5-226A16E1ABD4_w1023_r1_s26–27 кастрычніка ў Менску зь візытам знаходзіцца француская дэлегацыя на чале зь дзяржаўным сакратаром пры Міністэрстве Эўропы і замежных спраў Францыі Жан-Батыстам Лемуанам, пасада якога адпавядае рангу намесьніка міністра.

Францускія чыноўнікі такога ўзроўню апошні раз наведвалі Менск у 2011 годзе. Спадар Лемуан 26 кастрычніка адкрые пяты француска-беларускі бізнэс-форум і паўдзельнічае ў трэцім пасяджэньні сумеснай Беларуска-французскай камісіі эканамічнага супрацоўніцтва. Беларускую дэлегацыю на гэтых перамовах узначаліць намесьнік міністра замежных спраў Алег Краўчанка.

У плянах спадара Лемуана сустрэча з намесьніка прэм’ер-міністра Беларусі Ігарам Петрушэнкам, іншымі прадстаўнікамі ўладаў. Дзяржаўнага сакратара суправаджае дэлегацыя прадпрыемстваў, якія актыўна працуюць на беларускім рынку.

Але перш за ўсё францускі дыплямат правёў сустрэчу зь лідэрамі беларускай апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці, на якой прысутнічалі сярод іншых старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, дэпутатка Палаты прадстаўнікоў ад АГП Ганна Канапацкая, старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі і кіраўнік БХК Алег Гулак, лідэр руху «Гавары праўду» Тацяна Караткевіч.

Спадар Лемуан заявіў прадстаўнікам беларускай грамадзкай супольнасьці, што, хоць ягоны візыт прымеркаваны да форуму ў эканамічным супрацоўніцтве Беларусі і Францыі, але ён будзе гаварыць зь беларускімі ўладамі аб праблемах правоў чалавека, свабоды слова, сходаў і асацыяцый, сьмяротнага пакараньня. Францыя дамагаецца, каб беларускія ўлады выконвалі асноўныя свабоды і правы чалавека, каб быў уведзены мараторый на сьмяротнае пакараньне.

Беларускія суразмоўцы расказалі спадару Лемуану пра настроі беларускай моладзі, уплыў на Беларусь расейскай прапаганды і так званай «мяккай сілы», пра чарговых асуджаных у Беларусі на сьмяротнае пакараньне і пакараных, аб пратэстах людзей у Сьветлагорску і Берасьці і палітвязьнях.

Паводле інфармацыі амбасады Францыі ў Менску, таваразварот паміж Францыяй і Беларусьсю вырас на 50% за апошнія гады, аднак яго ўзровень застаецца ніжэйшым за магчымы патэнцыял.

Дзяржаўны сакратар Лемуан зьбіраецца зьвярнуць увагу беларускіх уладаў на заклапочанасьць францускіх прадпрыемстваў што да іх выхаду на рынак і расказаць пра наступствы зьмякчэньня правілаў прадастаўленьня крэдытнага страхаваньня Францускім дзяржаўным інвэстыцыйным банкам BPI France для Беларусі.

Чакаецца падпісаньне пагадненьня паміж урадам Рэспублікі Беларусь і ўрадам Францускай Рэспублікі аб міжнародных аўтамабільных перавозках пасажыраў і грузаў.

Паводле Радыё Свабода

Лістапад 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.