Партыя БНФ » Заява Сойму БНФ: “Курапаты – нацыянальны боль беларусаў”
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Заява Сойму БНФ: “Курапаты – нацыянальны боль беларусаў”

Дададзена 28.10.2018 12:02:46 | 317 праглядаў

Заява Сойму Партыі БНФ

27 кастрычніка 2018 году

Адкрыцьцё праўды пра Курапаты ў 1988 годзе сталася моцным імпульсам дзеля разбурэньня камуністычнай сыстэмы ў Беларусі, дзеля абуджэньня волі да нацыянальнага вызваленьня нашага народу.

Шэсьце й мітынг у Курапатах на Дзяды 30 гадоў таму былі першым масавым выхадам людзей у абарону нацыянальнай годнасьці ды нацыянальнай памяці, за маральнае ды культурнае адраджэньне беларускай нацыі, у падтрымку створанага аргкамітэту Беларускага Народнага Фронту. Менавіта ў Курапатах 30 гадоў таму быў упершыню пасьля доўгіх гадоў камуністычнага прыгнёту ўзьняты нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг.

30 гадоў Курапаты застаюцца  месцам барацьбы крывавай імпэрскай спадчыны ды таталітарнай камуністычнай ідэалёгіі супраць волі беларусаў да свабоды, нацыянальнага адраджэньня, дзяржаўнай незалежнасьці, маральнага ачышчэньня. 30 гадоў улады хаваюць праўду пра страшныя злачынствы камунізму ў Курапатах ды па ўсёй Беларусі.

У 2018 годзе беларускаму незалежнаму грамадзтву давялося распачаць новы этап змаганьня за Курапаты. Пабудаваны некалькі гадоў таму з грубымі парушэньнямі закону рэстаранна-забаўляльны комплекс “Бульбаш-хол” адкрыўся пад новай назвай і распачаў працу, што ёсьць апаганьваньнем памяці дзясяткаў ды сотняў тысячаў бязьвінных ахвяраў сталінскага тэрору, абразай гонару ды годнасьці іх нашчадкаў, усёй беларускай нацыі, блюзьнерствам ды зьдзекам над маральлю ды гістарычнай памяцьцю. Пачалася таксама дзяржаўная мэмарыялізацыя, якая выклікае вялікія перасьцярогі ды вымагае пільнага кантролю грамадзтва дзеля абароны ды захаваньня Народнага мэмарыялу ў Курапатах.

Курапаты – месца пакутніцкай сьмерці ды пахаваньня дзясяткаў ці нават сотняў тысячаў нашых бязьвінных суайчыньнікаў. Курапаты павінны стацца месцам нацыянальнага пакаяньня, прымірэньня, памяці ды смутку.

З нагоды 30-годзьдзя ўтварэньня Беларускага Народнага Фронту ды першага шэсьця ды мітынгу ў Курапатах, Сойм Партыі БНФ патрабуе ад беларускіх ўладаў:

1. Забясьпечыць недатыкальнасьць Курапатаў, спыніць маніпуляцыі зь межамі ахоўных зонаў мэмарыялу і прыняць належныя дзеяньні дзеля спыненьня функцыянаваньня рэстаранна-забаўляльнага комплексу “Поедем-поедім” на мяжы Курапатаў;

2. Гарантаваць немагчымасьць любой забудовы побач з Курапатамі, у тым ліку захаваньне ў цяперашнім стане месца Дарогі сьмерці;

3. Ажыцьцяўляць мэмарыялізацыю Курапатаў у поўным супрацоўніцтве і пад кантролем грамадзкай дырэкцыі народнага мэмарыялу ў Курапатах;

4. Адкрыць для грамадзкасьці ўсе дакуманты з архіваў КДБ, якія тычацца масавых рэпрэсіяў у Курапатах.

Партыя БНФ заклікае беларусаў узяць удзел у сёлетнім традыцыйным шэсьці ў Курапаты на Дзяды 28 кастрычніка.

Лістапад 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.