Партыя БНФ » Сойм БНФ: Беларусь павінная аднавіць працэс далучэньня да АПАД/NATO
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Сойм БНФ: Беларусь павінная аднавіць працэс далучэньня да АПАД/NATO

Дададзена 29.10.2018 11:43:34 | 330 праглядаў

Беларусь павінная аднавіць працэс далучэньня да

Арганізацыі Паўночна-Атлянтычнай Дамовы (АПАД ці NATO)

Заява Сойма Партыі БНФ 27 кастрычніка 2018 году

бнф logo

У апошнія месяцы беларускія і замежныя СМІ сыстэматычна публікуюць навіны, заявы палітыкаў, каментары экспэртаў і “паведамленьні з надзейных крыніцаў” пра быццам бы падрыхтоўку Расейскай Фэдэрацыяй наўпроставага захопу Беларусі. Пры гэтым пераважная частка гэтых матэрыялвў не заснаваная на фактах, мае характар гэтак званых фэйк ньюз ці правакацыяў у форме фантазій, якія скіраваныя на раздзьмуваньне панічных настрояў.

Калі верыць асобным “экспэртам” (сярод якіх пераважаюць расейцы), аншлюс плянуецца са дня на дзень. Пры гэтым ставіцца пад сумнеў не толькі абароназдольнасьць беларускага войска, але і ўвогуле наяўнасьць у нашай краіне якой-кольвек сыстэмы самастойных дзяржаўных інстытутаў, здольных абараніць краіну, апроч дыктатарскай улады прэзыдэнта.

Пашыранасьць гэткіх публікацыяў сьведчыць пра сьвядомую антыбеларускую інфармацыйную кампанію, мэтай якой ёсьць стварэньне атмасфэры паражэнства і паняверкі, фармаваньне ў беларусаў уражаньня наканаванасьці страты сувэрэнітэту і непазьбежнасьці падпарадкаваньня Беларусі ўладзе пуцінскай недаімпэрыі.

У галовы людзей спрабуюць убіць думку, што незалежнасьць нашай краіны – не рэалізацыя спрадвечнай мары беларусаў пра сваю дзяржаву, а гістарычная выпадковасьць, якая недарэчна трымаецца адно толькі на няўстойлівым цьвіку аўтарытарнай улады. Неўпрыкмет цьвярозы скепсіс разумных беларусаў у дачыненьні да 25-гадовага панаваньня адзінаасобнага кіраўніка прэзэнтуецца як недавер беларусаў да сваёй незалежнай і сувэрэннай дзяржавы.

Гэткая кампанія выглядае як сьвядомае ўвядзеньне ў беларускае грамадзтва “інфармацыйнага віруса” які павіны будзе спрацаваць не сёньня ці заўтра – а тады, калі будзе выгодна Маскве.

У зьвязку з выкладзеным Партыя БНФ лічыць неабходным заявіць:

  • Увесь час існаваньня незалежнай Рэспублікі Беларусь расейскі імпэрыялізм быў і застаецца галоўным ворагам сувэрэнітэту нашай дзяржавы. Недальнабачнае ўцягваньне нашай краіны ў нераўнапраўныя інтэграцыйныя зьвязы з Расеяй, асабліва ў васйкова-палітычны зьвяз АДКБ, стварыла сыстэмную і даўгатэрміновую пагрозу для незалежнасьці Беларусі.
  • Расейская пагроза цяпер рэальная – гэтаксама як яна была рэальная і раней. Але адэкватнай рэакцыяй на яе будзе не самазабойчы пэсымізм і нявер’е ў здольнасьць беларускага народа ўтрымаць незалежнасьць. Рэакцыяй патрыёта павінная быць умацаваньне таго, на чым насамрэч трымаецца сувэрэнітэт нацыі – умацаваньне беларускай культуры і грамадзянскай супольнасьці, беларускай мовы, беларускай царквы, беларускай прамысловасьці (у тым ліку новых высокіх тэхналёгіяў), беларускага бізнэсу, беларускай адукацыі – усяго беларускага. Калі гэты падмурак будзе моцны – то і нашае войска будзе моцным: яно будзе ведаць, што менавіта яно абараняе.
  • Беларусь – эўрапэйская нацыя, якой самой гісторыяй наканавана вярнуцца ў сям’ю эўрапэйскіх народаў. Аднак было б недаравальнай памылкай разлічваць, што цяпершняя імпэская Расея не будзе чыніць перашкодаў эўрапэйскаму выбару беларускага народу. Далучэньне да Эўразьвязу для Беларусі мірным чынам немагчымае без далучэньня да эўрапэйскай сыстэмы бясьпекі ў межах Арганізацыі Паўночна-Атлянтычнай Дамовы (АПАД ці NATO) – у адваротным выпадку Расея будзе спрабаваць захаваць Беларусь у сваёй сфэры ўплыву вайсковымі сродкамі гэтаксама, як яна цяпер гэта спрабуе зрабіць сродкамі прапаганды.

Сойм Партыі БНФ перакананы, што ў цяперашняй сытуацыі асаблівую значнасьць набылі праграмныя палажэньні партыі, у адпаведнасьці зь якімі Партыя БНФ бачыць будучыню Беларусі ў Эўрапейскім Зьвязе ды ў наймацнейшым у сьвеце і ўгрунтаваным на супольных каштоўнасьцях абарончым паразуменьні – Арганізацыі Паўночнаатлянтычнае дамовы (NАТО).

Партыя БНФ лічыць неабходным нагадаць, што яшчэ ў 1954 годзе урадам Савецкай Беларусі была пададзеная заяўка на ўступленьне нашай краіны ў Арганізацыю Паўночна-Атлянтычнай Дамовы (АПАД ці NATO). Партыя БНФ заклікае урад Беларусі пацьвердзіць гэтую заяўку на новым гістарычным этапе, здзейсьніць выхад з АДКБ, паведаміць Расейскай Фэдэрацыі пра нежаданьне працягу дамовы пра знаходжаньне ў Беларусі расейскіх вайсковых абектаў “Вілейка” і “Ганцавічы”, распачаць інтэграцыю Беларусі ў агульнаэўрапэйскую і трансатлянтычную сыстэму бясьпекі.

Лістапад 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.