Партыя БНФ » Вынікі Кастрычніцкага Сойму Партыі БНФ
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Вынікі Кастрычніцкага Сойму Партыі БНФ

Дададзена 29.10.2018 11:11:39 | 668 праглядаў

27 кастрычніка ў цэнтральнай сядзібе БНФ адбылося чарговае пасяджэньне Сойму Партыі БНФ і Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне”. На пасяджэньні кіруючага органа партыі былі разгледжаныя пытаньні пра палітычную сытуацыю і пра становішча з запазычанасьцямі па аплаце партыйных офісаў у Менску і ў рэгіёнах, прынятыя заява па падзеях вакол народнага мэмарыялу ахвярам бальшавіцкіх рэпрэсіяў у Курапатах і заява аб неабходнасьці аднаўленьня працэсу далучэньня Беларусі да НАТА, вырашана правесьці традыцыйную акцыю да гадавіны Слуцкага Збройнага Чыну 24 лістапада.

Ва ўступным дакладзе старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў даў ацэнку тым мерапрыемствам, якія ладзіць улада ў апошнія месяцы – гэта беларуска-расейкі форум ў Магілёве, беларуска-украінскія сустрэчы на вышэйшым узроўні ў Гомелі, а таксама маштабная кампанія па адзначэньні стагодзьдзя савецкага камсамолу. Апошнюю кампанію старшыня БНФ ацэніў як яскравае сьведчаньне прасавецкага, пракамуністычнага зарактару цяперашняга рэжыму. Нездарма ў праекце бюджэту на наступны год для БРСМ, які прэзэнтуе сабе як спадкаемцы савецкага камсамолу, прадугледжанае вылучэньне больш чым 7 з паловай мільёнаў рублёў (і гэта толькі рэспубліканскі бюджэт – а ёсьць жа яшчэ субсідыі з мясцовых бюджэтаў). Рыгор Кастусёў адзначыў, што калі б гэтыя сродкі размяркоўваліся на конкурснай аснове і да іх мелі б доступ сапраўды незалежныя грамадзкія арганізацыі (тая ж Моладзь БНФ) – то карысьці для грамадзтва было б болей.

Старшыня Партыі выказаў задавальненьне тым, што сёлетняе адзначэньне стагодзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі на фоне афіцыёзных мерапрыемстваў набыло характар сапраўды народнага чыну, сьвята 25 сакавіка было ў параўнаньні з паказушнымі дзяржаўнымі сьвяткаваньнямі насамрэч народным, беларускім сьвятам.

Рыгор Кастусёў падкрэсліў важнасьць таго факту, што адным толькі Днём Незалежнасьці 25 сакавіка адзначэньне стагодзьдзя БНР не абмежавалася, і юбілейныя імпрэзы працягваюцца па ўсёй краіне. Сярод іншага, днямі выстава мастацкай суполкі “Пагоня” адчынілася ў магілёўскім грамадзкім цэнтры “Кола”, а нядаўна лідская суполка БНФ зладзіла да стагодзьдзя беларускай незалежнасьці сплаў па рацэ Нёман.

У гэтым сьвятле асаблівае значэньне мелі імпрэзы Партыі БНФ, пымеркаваныя да юбілейнай даты 19 кастрычніка – трыццацігодзьдзя заснаваньня Аргкамітэту Беларускага Народнага Фронту. Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў адзначыў, што арганізатарам праграмы фронтаўскага юбілея атрымалася правесьці 30-годзьдзе БНФ у рэчышчы працягу праграмы сьвяткаваньня 100-годзьдзя БНР, што адпавядала першапачатковай задуме “БНР учора – БНФ сёньня”.

Лідэр партыі распавёў сябрам Сойму пра выставы і імпрэзы, якія былі арганізаваныя партыяй з нагоды 30-годзьдзя БНФ: выстава мастацкай суполкі “Пагоня”, прэзэнтацыя кнігаў Сяргея Навумчыка, выстава памятных рэчаў і друкаваных матэрыялаў з гісторыі Фронту, якая працуе цяпер на сядзібе партыі.

Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў праінфармаваў сябраў Сойму пра сваю сустрэчу з намесьнікам кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта, якая адбылася 11 кастрычніка. “Галоўная тэма маёй размовы тычылася пытанняў таго, як будзе адзначацца Дзень Волі ў 2019 годзе. У тым ліку гаворка была пра тыя прапановы, якія мы высоўвалі год таму напярэдадні адзначэньня стогадовага юбілею БНР – хоць з боку дзяржавы былі крокі насустрач, але выканаць атрымалася толькі траціну ад нашых прапановаў. Будзем намагацца, каб і астатнія нашыя прапановы былі выкананыя ўжо ў межах адзначэньня 101-й гадавіны БНР”, — распавёў палітык.

З нагоды распаўсюджаньня ў сродках масавай інфармацыі паведамленьняў пра падрыхтоўку Расейскай Фэдэрацыяй наўпроставага захопу Беларусі Сойм Партыі БНФ на прапанову старшыні партыі прыняў адмысловую заяву “Беларусь павінная аднавіць працэс далучэньня да  Арганізацыі Паўночна-Атлянтычнай Дамовы (АПАД ці NATO)“. У заяве кіруючы орган палітычнай партыі адзначае, што хоць расейскі імпэрыялізм быў і застаецца галоўным ворагам сувэрэнітэту беларускай дзяржавы, цяперашнія паведамленьні і камэнтары “экспэртаў” маюць характар “фэйк ньюз” у межах прапагандысцкай кампаніі па дэзынфармацыі беларускага грамадзтва. Мэтай гэтай кампаніі ёсьць стварэньне атмасфэры паражэнства і паняверкі, фармаваньне ў беларусаў уражаньня непазьбежнасьці страты сувэрэнітэту. У якасьці адказу на гэтую кампанію Партыя БНФ разглядае умацаваньне беларускай культуры і грамадзянскай супольнасьці, беларускай мовы, беларускай царквы, беларускай прамысловасьці (у тым ліку новых высокіх тэхналёгіяў), беларускага бізнэсу, беларускай адукацыі. У вайсковай сфэры Партыя БНФ разглядае неабходным элемэнтам інтэграцыю Беларусі ў рэгіянальную сыстэму міжнароднай бясьпекі ў межах Арганізацыі Паўночна-Атлянтычнай Дамовы (АПАД ці NATO), што прадугледжанае праграмай Партыі БНФ.

Сябры Сойму абмеркавалі сытуацыю, якая склалася вакол Народнага мэмарыялу ахвярам камуністычных рэпрэсіяў у Курапатах. Апошнім часам сытуацыя вакол месца спачыную растраляных бальшавікамі беларусаў абвастрылася: поруч з ужо дзеючым забаўляльным комплексам “Поедім-паядзім” распачаліся дзеяньні ўладаў па пабудове дзяржаўнага мэмарыялу, які можа пагражаць канцэпцыі ўжо існуючага народнага мэмарыялу. Такім чынам пад выглядам мэмарыялізацыі Курапатаў можа адбыцца факытчнае знішчэньне нацыянальнага нэкропалю.

У часе дыскусіі выступілі фронтаўцы, якія працягваюць варту каля брамы “Поедім-паядзім”, пратэстуючы супраць функцыянаваньня забаўляльнай установы на касьцях. Так, сябра БНФ Валер Рабцаў, які працягвае варту вакол Курапатаў, ацэніў як памылковае рашэньне партыі ўлетку ўхіліцца ад далейшага ўдзелу партыі ў грамадзкай варце. Прапанову па аднаўленьні ўдзелу Партыі БНФ падтрымала сябра Сойму Партыі БНФ Натальля Ільініч. Сябра Сойму Партыі БНФ Юрый Чавусаў выказаў меркаваньне, што ў цяперашніх умовах пагроза ад дзяржаўнай мэмарыялізацыі можа быць большая чым ад існуючай рэстарацыі, якая працягвае працу нягледзячы на пратэсты.

На прапанову намесьніка старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча Сойм Партыі БНФ прыняў заяву “Курапаты – нацыянальны боль беларусаў”, у якой заклікаў грамадзян далучыцца да традыцыйнага шэсьця ў Курапаты на Дзяды, якое было прызначанае на 28 кастрычніка. Таксама ў заяве Сойм Партыі БНФ патрабуе ад ўладаў:

1. Забясьпечыць недатыкальнасьць Курапатаў, спыніць маніпуляцыі зь межамі ахоўных зонаў мэмарыялу і прыняць належныя дзеяньні дзеля спыненьня функцыянаваньня рэстаранна-забаўляльнага комплексу “Поедем-поедім” на мяжы Курапатаў;

2. Гарантаваць немагчымасьць любой забудовы побач з Курапатамі, у тым ліку захаваньне ў цяперашнім стане месца Дарогі сьмерці;

3. Ажыцьцяўляць мэмарыялізацыю Курапатаў у поўным супрацоўніцтве і пад кантролем грамадзкай дырэкцыі народнага мэмарыялу ў Курапатах;

4. Адкрыць для грамадзкасьці ўсе дакуманты з архіваў КДБ, якія тычацца масавых рэпрэсіяў у Курапатах.

У сваім выступе сябра Сойму Партыі БНФ мастак Аляксей Марачкін агучыў заяву аб падтрымцы дзейнасьці па дэкамунізацыі беларускага грамадзтва. Выступоўца павіншаваў усіх прысутных са 100-годзьдзем БНР і 30-годзьдзем БНФ і заявіў, што будучыня патрабуе ад беларусаў рэальнага асуджэньня камуністычных злачынстваў і забароны распаўсюджваньня камуністычнай ідэалогіі. Спадар Марачкін заявіў пра намер стварыць фонд “За Маскоўскі Нюрнберг” для рэсурсовай падтрымкі дзейнасьці па асуджэньні камуністычных злачынстваў і па скліканьні ўсясьветнага Маскоўскага антыкамуністычнага трыбуналу.

Перад сябрамі Сойму выступіў дэлегат першага (устаноўчага) З’езду БНФ сп. Мячыслаў Бурак, які падзяліўся ўспамінамі пра часы заснаваньня Беларускага Народнага Фронту, а таксама выказаў перакананьне, што маральныя асновы фронтаўскай палітыкі павінныя вызначаць партыйную лінію і ў цяперашні час. Асабліва выступоўца падкрэсліў неабходнасьць беларусізацыі царкоўнага жыцьця, пырчым не толькі ў духоўнай, але і ў эканамічнай сфэры.

Старшыня Парты БНФ паведміў сябрам сойму пра цяжкае фінансавае становічша партыі, яккое прывяло да ўтварэньня значных грашовых запазычанасьцяў па аплаце як цэнтральнйа сядзібы партыі, так і офісаў у Гародні і Магілёве (офіс у Гародні ўжо апячатаны за неаплату арэнды).

Запазычанасьці за цэнтральны офіс складаюць больш за 28 тысяч рублёў, пра што ўжо былі публікацыі газэты “Беларусь Сегодня”. Вынікам запазычанасьцяў стала пагроза высяленьня арганізацыі з памяшканьня на Чарнышэўскага, 3, дзе ад 2011 года месяцца юрыдычныя адрасы шасьці фронтаўскіх структураў (Партыя БНФ, Грамадзкае аб’яднаньне БНФ “Адраджэньне”, Мінскія гарадскія арганізацыі Партыі БНФ і ГА БНФ “Адраджэньне”, Мінскія абласныя арганізацыі Партыі БНФ і ГА БНФ “Адраджэньне”). Кіраўніцтва партыі робіць захады і вядзе перамовы як па пошуку сродкаў, так і па рэструктурызацыі запазычанасьці. Далейшы лёс партыйнай сядзібы ў Менску будзе залежыць ад людзкіх ахвяраваньняў – ці будуць беларусы здольныя ўтрымаць адзіны будынак, які дае пляцоўку для палітычных сходаў і над якім лунае бел-чырвона-белы сьцяг.

У абмеркавньні таго якім чынам БНФ можа сабраць грошы для аплаты запазычанасьцяў за арэнду выступілі сябры Сойму Партыі БНФ Зьміцер Дрыгайла, Юрый Чавусаў, Аляксандр Жучкоў, Андрэй Саротнік.

Кіраўніцтва партыі заклікала актывістаў пералічаць ахвяраваньні на патрэбы арэнды партыйнага офіса праз сыстэму “Разлік” ЕРІП (АРІП).

Кіраўнік Слуцкай суполкі БНФ, сябра Сойму Віталь Амяльковіч выступіў з прапановамі пра даты і час адзначэньня 98-х угодкаў Слуцкага Збройнага Чыну. Сойм вырашыў правесьці радыцыйнае шэсьце і мітынг у Слуцку 24 лістапада, для чаго падаць адпаведную заяўку на правядзеньне акцыі. Вырашана апроч БНФ запрасіць да падпісаньня заяўкі і прадстаўнікоў іншых патрыятычных арганізацыяў. Падрыхтоўка заяўкі, перамовы з патэнцыйнымі суарганізатарамі і тэхнічнае забесьяпчэньне выезду менскай дэлегацыі ў Слуцак вырашана ўскласьці на Управу ў супрацы з Слуцкай суполкай БНФ.

Па заканчэньні пасяджэньня Сойма сябры кіруючага органа партыі адзначылі трыццацігодзьдзе заснаваньне партыі келіхам віна, гучалі тосты “Жыве Беларусь!” ды “Жыве БНФ!”.

 

 

 

Лістапад 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.