Партыя БНФ » БНФ заклікаў МЗС да падпісаньня канвэнцыяў па абароне жывёлаў
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


БНФ заклікаў МЗС да падпісаньня канвэнцыяў па абароне жывёлаў

Дададзена 03.11.2018 1:14:17 | 212 праглядаў

2 лістапада Грамадзкае аб’яднаньне БНФ “Адраджэньне” накіравала ў Міністэрства замежных справаў Беларусі зварот з прапановамі аб далучэньні Рэспублікі Беларусь да эўрапэйскіх канвенцыяў па абароне жывёлаў, якія распрацаваныя ў межах Савету Эўропы.

coe europeПрапанова БНФ выкліканая тым, што ў гэтым годзе ўрадам быў адкліканы з парлямэнту праект Закона Рэспублікі Беларусь «Пра абыходжанне з жывёламі» (гэта стала вядома з ранейшага адказу Палаты прадстаўнікоў на звароты Моладзі БНФ). Такім чынам на нявызначаны тэрмін спыненая праца па прыняцьці нацыянальнага прававога акта, які б рэгуляваў праваадносіны грамадзянаў і арганізацыяў у галіне абыходжаньня з жывёламі.

Як адзначае БНФ “Адраджэньне”, у сытуацыі, калі законатворцам не атрымліваецца знайсьці паразуменьне паміж усімі зацікаўленымі бакамі падчас распрацоўкі нацыянальнага закона, прыняцьцё падставовых міжнародных стандартаў магло бы даць штуршок да канцэптуальна новага падыходу ў прававым рэгуляваньні ў азначанай галіне.

Грамадзкае аб’яднаньне БНФ “Адраджэньне” прапануе МЗС разгледзіць магчымасьць далучэньня Беларусі да тых канвэнцыяў Савета Эўропы, якія адкрытыя да падпісаньня тымі краінамі, якія не зьяўляюцца сябамі Савета Эўропы:
Эўрапэйская канвэнцыя аб абароне хатніх жывёлаў
• Эўрапэйская канвэнцыя аб абароне жывёлаў, якія размяшчаюцца на фэрмах
• Эўрапэйская канвэнцыя аб абароне пазваночных жывёлаў, якія выкарыстоўваюцца для экспэрымэнтаў альбо ў іншых навуковых мэтах,
• Эўрапэйская канвэнцыя аб абароне жывёлаў, якія прызначаныя на забой
• Эўрапэйская канвэнцыя аб абароне жывёлаў пры міжнароднай перавозцы,

Як адзначаецца ў звароце за подпісам намесьніка старшыні БНФ “Адраджэньне” Зьміцера Салошкіна, асаблівую значнасьць для Рэспублікі Беларусь мае менавіта Канвэнцыя аб абароне хатніх жывёлаў. Мэтай гэтай міжнароднай дамовы з’яўляецца абарона жывёлаў і іх патрэбаў, а некаторыя яе нормы таксама скіраваныя на абарону здароўя і жыцьця чалавека.

У звароце грамадзкага аб’яднаньня даецца аналіз пазытыўнага досьведу імплементацыі Беларусьсю іншых канвэнцыяў Савета Эўропы, якія падпісаныя нашай краінай: на дадзены момант Беларусь з’яўляецца ўдзельніцай 14-ці канвэнцыяў Савета Еўропы (у сфэрах культуры, адукацыі, права, барацьбы з карупцыяй і гандлем людзьмі, спорту). Сярод іншага,  з 1 чэрвеня 2013 года наша краіна з’яўляецца ўдзельніцай Канвенцыі аб захаванні жывёльнага свету і прыроднага асяроддзя пражывання ў Эўропе. Гэты пазітыўны досьвед варта ўлічваць і развіваць шляхам далучэньня нашай краіны і да іншых зоаабарончых нарматыўных інструмэнтаў Савета Эўропы.

“Далучэньне Рэспублікі Беларусь да міжнародных дамоваў Савета Эўропы ў галіне абыходжаньня з жывёламі істотна наблізіць нашую краіну да эўрапэйскіх стандартаў у гуманітарнай сфэры. Імплементацыя гэтых міжнародных дагавораў будзе садзейнічаць паступальнаму развіццю прававога рэгулявання на высокім узроўні ў той вобласці, якую пакуль не ўдалося ўрэгуляваць прыняцьцем нацыянальнага заканадаўчага акту” – адзначаецца ў звароце ГА БНФ “Адраджэньне”.

Далучэньне Беларусі да эўрапэйскіх канвэнцыяў па абароне жывёлаў адпавядае заяўленаму беларускім МЗС курсу на пашырэньне ўдзелу нашай краіны ў нарматыўна-прававых інструмэнтах Савета Эўропы згодна з Планам дзеяньняў Савета Эўропы ў дачыненьні да Беларусі на 2016-2017 гады (са згоды беларускага боку быў падоўжаны на 2018 год) і можа быць адным з напрамкаў супрацоўніцтва на наступны пэрыяд.

Лістапад 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.