Партыя БНФ » Сяржук Гумінскі: “Партыйная плятформа Партыі БНФ — найлепшая для Беларусі ў пляне ідэалёгіі”
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Сяржук Гумінскі: “Партыйная плятформа Партыі БНФ — найлепшая для Беларусі ў пляне ідэалёгіі”

Дададзена 16.11.2018 8:57:06 | 285 праглядаў

Дзьве крымінальныя справы, абвяшчэньне ў вышук, суткі адміністрацыйнага зьняволеньня, зьбіцьцё ў міліцыі і эміграцыя — такі кароткі зьмест багатай на падзеі біяграфіі ўраджэнца Воршы, 30-гадовага сябра Партыі Сержука Гумінскага.

Пра ранейшую актыўнасьць на радзіме і сёньняшняе жыцьцё за мяжой — у праекце Радыё Свабода «Забытыя. Размова з героямі ўчорашніх дзён».

«Говори по-человечески» — патрабавалі міліцыянты ад 18-гадовага Сержука Гумінскага, пачуўшы ягоную беларускую мову. «На мове акупантаў не размаўляю», — адказваў юнак.

Некалькі гадзін закаванага ў кайданкі маладзёна зьбівалі ў пастарунку міліцыі Воршы, патрабуючы прызнаць аўтарства палітычных графіці, якімі быў размаляваны горад. Урэшце адносна юнака распачалі крымінальную справу, якую пазьней спынілі пад цікам грамадзкасьці.

Да «Маладога фронту» аршанец Сяржук Гумінскі далучыўся падчас вучобы ў сьветлагорскім каледжы.

«Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году я мусіў рабіць даклад на тэму палітычных партый. Пачаў шукаць у інтэрнэце і пабачыў абвестку пра сустрэчу зь Мілінкевічам і пра канцэрт беларускіх рок-гуртоў.

Натуральна, што я ня мог такога прапусьціць. Пайшоў і пабачыў іншы бок жыцьця — беларускамоўных людзей пад бел-чырвона-белымі сьцягамі. Гэта цалкам зьмяніла маё жыцьцё», — узгадвае Сяржук.

З Індустрыяльнага каледжу ў Сьветлагорску быў выключаны з трэцяга курсу. Фармальна — за прапушчаныя заняткі, а па сутнасьці — за палітычную актыўнасьць.

«Пазьней дырэктар гэтага каледжу, які вельмі сымпатызаваў Лукашэнку, быў затрыманы за карупцыю — студэнты насілі яму хабар і будавалі лецішча», — кажа Сяржук.

Падчас выбараў 2010 году Гумінскі быў даверанай асобай і кіраўніком рэгіянальнага штабу кандыдата ў прэзыдэнты Алеся Міхалевіча.

«Кадры з маім удзелам прайшлі па тэлеканалах. Але з плошчы мяне вывез сябар, і ўсю наступную ноч і дзень мы з паплечнікамі заставаліся на кансьпіратыўнай кватэры. Акрамя таго, я часта зьмяняў імідж — прычоску, колер валасоў. Так пазьбегнуў арышту», — дзеліцца ўспамінамі хлопец.

Адміністрацыйныя арышты тэрмінам ад трох да дванаццаці сутак у Воршы, затрыманьні ў Менску, крымінальная справа за «ўхіленьне ад службы ў войску», абвяшчэньне ў вышук — такі быў вынік дзейнасьці актывіста ў Беларусі на момант выезду на вучобу ў польскі Гданьск.

З 2011 году жыве ў Варшаве, працуе і мае сям’ю, палітычнай дзейнасьцю не займаецца.

«Перакладчыца проста разрыдалася і крычала суду: „Што ж вы робіце?“»

— Якія ўражаньні ў вас засталіся з тых гадоў палітычнай актыўнасьці? Што запомнілася найбольш?

— Быў выпадак, калі мяне забралі ў пастарунак літаральна ў хатніх тапках: пасьля Дня Волі 2007 году ў Менску мы зладзілі акцыю памяці на месцы масавых сталінскіх расстрэлаў на Кабыляцкай гары ў Воршы. І вось у той дзень пайшоў я да сябра ў суседні пад’езд, таму нават не абуваўся — так у тапках і затрымалі, а на наступны дзень, на Радаўніцу — асудзілі. А быў выпадак, калі мяне забіралі на Кастрычніцкай плошчы ў Менску. І вось падчас адной з наступных акцыяў да мяне падышоў АМАПавец і папрасіў прабачэньня за тое, што ён мяне затрымліваў. Я нават сам ня ведаў, што менавіта ён мяне саджаў у аўтазак. Але той выбачыўся і сказаў, што, маўляў, у яго такая праца.

Аднойчы на маё патрабаваньне ў суд выклікалі перакладчыцу — настаўніцу беларускай мовы. Яна перакладала ўвесь працэс, а калі мне абвясьцілі суткі зьняволеньня, то яна проста разрыдалася і крычала суду: «Што ж вы робіце?»

«Я не стваральнік, але „прыкольны“ генэратар»

— Вы спынілі палітычную актыўнасьць, бо зьехалі, ці былі іншыя прычыны?

— Фармальна я застаюся сябрам Партыі БНФ. Вядома, што не такі актыўны, бо ў асноўным мая дзейнасьць была зьвязаная з Воршай. І агулам, партыйная плятформа Партыі БНФ — найлепшая, на маю думку, для Беларусі ў пляне ідэалёгіі.

Фармальна я, пэўна, па-ранейшаму застаюся і сябрам Маладога фронту — я маю сантымэнт да гэтай арганізацыі. Але ідэалягічна так складаецца…

Я вельмі паважаю многіх людзей, якія там засталіся, якія распачыналі гэтую справу. Але я захапляюся некаторымі мэдытацыйнымі, псыхааналітычнымі практыкамі з пункту гледжаньня будызму — гэта вельмі цікавае вучэньне. Я, канечне, не будыст-практык, але гэтая філязофія мне блізкая, а яна можа ўплываць на сьветапогляд. І было б крывадушшам, не зьяўляючыся хрысьціянінам, заставацца ў арганізацыі, якая арыентаваная на хрысьціянскія каштоўнасьці. Гэта было б няшчыра і да сябе, і да сваіх калегаў.

Я бачыў такія выпадкі, у тым жа Маладым фронце, калі пэўныя людзі любілі «забаўляцца» алькаголем у вялікай колькасьці. А самі хадзілі і прапаведавалі пра Хрыста і пра Бога. Гэта было, ну — непрыгожа і крывадушна.

— То бок можна казаць пра ідэалягічнае разыходжаньне?

— Так, але гэта адбылося спакойна і бесканфліктна. Крыху інакш я сябе там бачыў. Я б не хацеў, каб былі пытаньні да мяне ці таго ж Зьмітра Дашкевіча. Маўляў, а як вось гэты хлопец будысцкай арыентацыі — сябра хрысьціянскай арганізацыі?

Альбо вось такое жорсткае разыходжаньне, як прыклад. 2008 год. Я тады ўжо вучыўся на праграме Каліноўскага, і вось чытаю артыкул, што недзе за Менскам яны сабраліся на кватэры і да іх ломяцца міліцыянты. І далей паведамляецца: «Маладафронтаўцы памаліліся, але дзьверы ўсё ж былі зламаныя». Вось гэта і ёсьць адзін з пунктаў ідэалягічнага разыходжаньня. Бо я чалавек практычны і рэалістычны — мне незразумела, калі б’юць па твары і трэба гэта па-геройску трываць.

Як, да прыкладу, цяпер адбываецца і ў Курапатах. Там гэтыя наведнікі рэстарацыі гэтак нахабна паводзяцца, што я нават ня ведаю, як бы я рэагаваў. Таму нават рады, што мяне там няма — можа, гэтак неяк лёс мяне аберагае ад наступстваў.

Ну, і акрамя таго, я не эталён для прыкладу. Але калі я бачу людзей зь цёмным колерам скуры, бо яна не атрымлівае патрэбнай колькасьці кіслароду з прычыны добрага «падбуханьня», то, натуральна, гэта не адпавядае абліччу добрага хрысьціяніна.

​Я не стваральнік, але «прыкольны» генэратар. Калі мне спадабаецца нейкая арганізацыя, то я мог бы туды ўліцца і зрабіць шмат розных карысных спраў. Але гэтая арганізацыя павінна быць вельмі блізкая мне.

«Я цяпер годны тата, а на беларускім полі, пэўна, увогуле залаты»

— Вы скончылі Гданьскі ўнівэрсытэт. Які ваш занятак сёньня?

— Я вывучаў мас-мэдыя і камунікацыі на на факультэце сацыяльных навук, але ня скончыў яго. Можна сказаць, што з прычыны асаблівасьцяў свайго характару, альбо — празь няправільна расстаўленыя прыярытэты. Таму пазбыўся стыпэндыі. Пазьней спрабаваў рэанімавацца ў праграме, але стыпэндыі ўжо не было, і таму мусіў працаваць. А вучыцца і працаваць — гэта немагчыма. Ну, і трэба было выбіраць — выбраў працу. Я цяпер «круты чэл» у галіне мэнэджмэнту і дыгітал-маркетынгу.

​Да таго ж я цяпер у стадыі напісаньня дыплёмнай працы менавіта ў гэтай галіне — атрымліваю ўсё ж вышэйшую адукацыю завочна.

Ну, і акрамя таго цяпер я годны тата, а на беларускім полі, пэўна, увогуле залаты. Я не ўжываю алькаголю, бо мне агідны стан інтаксыкацыі. Хоць калі быў маладафронтаўцам, то мог і «прыбухнуць». І, дарэчы, я таксама баяўся, што побыт, безвыходнасьць і беспэрспэктыўнасьць у Беларусі можа сфармаваць сьвядомасьць так, што да 30 гадоў можна стаць сапраўдным алкашом.

Я ніколі ня думаў, што бацькоўства будзе прыносіць мне гэтулькі задавальненьня. Магчыма, таму, што ў нас з жонкай былі партнэрскія роды і я першым бачыў, як прыйшоў у сьвет мой сын. Час, які я праводжу зь ім, дапамагае мне адкрываць і самога сябе.

«Я не хацеў бы стаць батраком у Маскве»

— Ці не сумуеце па радзіме, ці не хацелі б наведаць Беларусь?

— Вось што ў мяне засталося пасьля «змагарскага жыцьця», то гэта — нармальная, здаровая беларуская параноя. Так, я б хацеў пабываць на радзіме, але ведаючы, як у Беларусі зьяўляюцца крымінальныя справы наконт «абразаў», «распальваньня варожасьці», то нават ня ведаю…

Апошні мой прыезд у Беларусь быў у 2011 годзе. Напэўна, мне далі магчымасьць выехаць, бо я нідзе не хаваўся. Але па выезьдзе за мяжу, літаральна праз тыдзень, прыйшлі дакумэнты пра распачатую крымінальную справу. Я не шкадую, што так адбылося. Бо на той момант ня бачыў аніякіх пэрспэктыў для сябе праз адсутнасьць адукацыі. Я не хацеў станавіцца прафэсійным змагаром, і я не хацеў стаць батраком у Маскве, як палова аршанскай моладзі.

Так, я хацеў бы пабачыць сваіх родных, магчыма, і жыць хацеў бы застацца. Але пры цяперашняй уладзе я нават ня ведаю, ці паехаў бы, калі б нават была такая магчымасьць. Хіба быў бы ў мяне «свой» чалавек у МУС, які дакладна сказаў бы, што там на мяне няма аніякай тэчкі, якую можна дастаць з-пад сукна ў патрэбны момант.

Ну, і акрамя таго, як кажуць, радзіму лепш любіць на адлегласьці. Адна справа — пабыць у гасьцях, а іншая — жыць штодня. Жыцьцё на радзіме не салодкае. Але сказаць, што я зусім не хацеў бы вярнуцца — то гэта азначала б не любіць сваю радзіму. Вельмі перажываў і перажываю за падзеі, якія адбываюцца ў Беларусі. Але нешта сёлета зламалася ўва мне…

Цяпер, чытаючы навіны, я ўсё больш і больш пераконваюся, што ў свой час зрабіў слушны выбар. Я не давяраю гэтай уладзе, а гульні ў лібэралізацыю мне нагадваюць прыклады гісторыі: камуністы, НЭП, а пазьней сталінскія і савецкія рэпрэсіі.

«У Польшчы нават „гопнікі“ інакшыя, чым у Беларусі»

— Чым тады жыцьцё ў Польшчы розьніцца ад жыцьця ў Беларусі?

— Ну, да прыкладу, калі я прыехаў аднойчы ў Воршу і ішоў праз горад у паліто, якое было простае, без аніякіх «наваротаў» і «закаручак», то ў мяне чалавек сем перапыталі — а ці не набіць мне па… А ў Польшчы — тут нават «гопнікі» інакшыя. Яны будуць гаварыць, гаварыць, але калі справа даходзіць да агрэсіі, то згортваюць свае пагрозы і намеры і сыходзяць.

У Беларусі людзі нават апранаюцца шэра і нецікава. А твары — з характэрным шэра-сінім колерам, які бывае ад бухла.

Памятаю, калі яшчэ студэнтамі былі ў Гданьску, то зьбіраліся разам і радаваліся, што хтосьці едзе дадому: «Радзіма, родненькая, як крута». А пад’яжджаеш да мяжы, а там — бабці з клункамі, штурхаюцца, абзываюцца. І вось ты едзеш з замілаваньнем, а спатыкаесься зь нізкімі чалавечымі настроямі, якасьцямі і памкненьнямі, што вельмі псуе ўражаньне.

— Чым яшчэ вы жывяце ў Польшчы, акрамя працы?

— У мяне шмат знаёмых і сяброў — гэта і беларусы, і палякі, іншыя людзі. Яны і палітычныя, і апалітычныя — розныя. Ёсьць і грамадзка-палітычныя справы, сустрэчы. І я пачуваюся шчасьлівым — эміграцыя мяне аніяк не прыгнятае.

Я маю сям’ю: жонка Надзея — таксама колішняя маладафронтаўка, і пяцігадовы сын Платон — павінен ім удзяляць багата часу. Мая жонка расейскамоўная, таму яна дачыняецца з сынам па-расейску, а я — па-беларуску. А нядаўна ён пайшоў у садок і пачаў мяне пераконваць, што я таксама гавару па-польску, толькі крыху няправільна. Я спрабую тлумачыць, але цяжка пакуль. А агулам дома размаўляем і па-польску, і па-ангельску крыху.

Польшча ня рай — ёсьць шмат іншых добрых месцаў. Магчыма, што і гэта не апошняя краіна майго жыцьця, але цяпер я пачуваюся цалкам камфортна і шчасьліва. Беларускамоўныя людзі ў Беларусі часьцей сустракаюцца з дыскрымінацыяй, чым я ў Польшчы.

5 пытаньняў Свабоды

— Беларуская нацыянальная ідэя — гэта…

— Гэта самапачуваньне быцьця беларусам — мець нацыянальную самаідэнтыфікацыю. Калі будзе беларускае справаводзтва і іншыя праявы беларускасьці — вось гэта будзе для мяне сапраўдная нацыянальная ідэя.

— Назавіце трох нацыянальных герояў Беларусі.

— Зянон Пазьняк — гістарычная постаць, чалавек, які зрабіў свой унёсак у станаўленьне незалежнай Беларусі. Тадэвуш Касьцюшка — нельга яго недаацэньваць. Уладзімер Караткевіч — ёсьць такі сантымэнт, бо мы з аднаго гораду паходзім. І ён увайшоў у гісторыю сваім беларускім мастацкім словам.

— Якая кніга паўплывала на вас як на асобу?

— Я зыходзіў бы з традыцыйнай клясычнай літаратуры, але ня стаў бы канкрэтызаваць. Я ўдзячны той адукацыйнай базе, якую я атрымаў тут, у Польшчы. Гэтая літаратура навучыла мяне думаць, і думаць інакш.

— Колькі грошай вам патрэбна для поўнага шчасьця?

— Грошай трэба гэтулькі, каб хапіла пачувацца камфортна. Бо тады можна вызваліць сваю сьвядомасьць ад прымітыўных запатрабаваньняў ды запоўніць гэтае месца самаразьвіцьцём: музыка, хобі, і самае важнае для сямейных — быцьцё зь сям’ёй, бачыць, як растуць твае дзеці.

— Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?

— Цяжка сказаць, маючы такога непрадказальнага суседа па мапе, як Расея. Гэта можа быць зусім хутка, 3–4 гады, тут дапамогуць расейцы, спрабуючы зжэрці Беларусь цалкам ці кавалкамі. Крыві будзе шмат.

Розных рэвалюцый таксама ня варта чакаць у бліжэйшыя 7 год, а эвалюцыйны шлях зьмены ўлады — гэта яшчэ гадоў 15.

Вельмі моцная ў нас дыктатура, падобная нечым на былыя савецкія краіны Азіі.

Збольшага цяпер, вядома, стаіць пытаньне, што Лукашэнку трэба мяняць, але яшчэ больш важнае пытаньне — як зьмяніць Лукашэнку і не згубіць Беларусь!

У праекце «Забытыя. Размовы з героямі ўчорашніх дзён» таксама чытайце

Былы лідэр прадпрымальнікаў Сяргей Парсюкевіч: «Натоўп у нас не падымеш, бо беларусы баязьлівыя»

Палітэмігрантка і былая актывістка Тацяна Цішкевіч: «У Польшчы пачуваюся бяздомнай»

Сяржук Бахун: «Беларускі рэжым можа абрынуцца раптоўна ў кожную ноч»

Наймалодшы вязень Плошчы Мікіта Ліхавід: «Зьбіраюся заняцца бізнэсам — хочацца „дзьвіжухі“»

Былы «палітпрызыўнік» Андрусь Цянюта: «Апазыцыйны досьвед мяне ўмацаваў, і цяпер мяне мала чым можна напалохаць»

Актывіст Алесь Кіркевіч: «Апазыцыйныя структуры і білборды „Люблю Беларусь“ нічога ня зьменяць»

Зьміцер Хведарук: «Тады я зразумеў, што зьмяніць жыцьцё ў Беларусі на раз-два не атрымаецца»

Павал Юхневіч: «Больш не дзялю Беларусь на бел-чырвона-белую і чырвона-зялёную»

Маўлюда Атакулава: «Сьпявалі „Мы выйдзем шчыльнымі радамі“ на ўсё Акрэсьціна»

Андрэй Клімаў: «Мару памерці раней, чым перастане існаваць Беларусь»

Як смаргонскі хлопец стаў сьвядомым беларусам, паслухаўшы Радыё Свабода

Аляксандар Зьдзьвіжкоў: «Я лішні чалавек і мару скончыць жыцьцё годна»

Яўген Скочка: «Тут турма, але яна свая, а там свабода — і яна чужая»

Былы моладзевы актывіст: «Многія сябры зьехалі, але мне камфортна ў Беларусі. Нават калі цяжка»

Снежань 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліс    
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.