Партыя БНФ » У Магілёве пайшоў з жыцьця актывіст БНФ Уладзімер Вусікаў: цяпер людзі шукаюць прытулак для сабак памерлага інваліда-пікетоўца
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


У Магілёве пайшоў з жыцьця актывіст БНФ Уладзімер Вусікаў: цяпер людзі шукаюць прытулак для сабак памерлага інваліда-пікетоўца

Дададзена 21.11.2018 10:32:01 | 261 праглядаў

У Магілёве шукаюць прытулак для двух сабак, гаспадар якіх у 2008 годзе пікетам ля гарвыканкаму дамогся для сябе сацыяльнага жытла. А 1 лістапада 73-гадовы інвалід-вазочнік, шматгадовы сябар БНФ Уладзімер Вусікаў памёр – паведамляе Радыё Свабода.

Пра пакручасты лёс Уладзімера Вусікава Радыё Свабода даведалася 10 гадоў таму: тады, 2 верасьня 2008 года, інваліда пакаралі штрафам у памеры 70 тысяч рублёў за пікетаваньне ля будынка Магілёўскага гарвыканкаму. Інвалід патрабаваў, каб яго аднавілі ў чарзе на атрыманьне сацыяльнага жытла, а таксама кампэнсавалі кошт пуцёўкі на санаторна-курортнае лячэньне.  У судзе Ўладзімер Вусікаў бараніў сябе сам. Вінаватым сябе ён не прызнаў.

Але пратэст прынес пэўны плён – праз тры месяцы яму далі пакой у Доме вэтэранаў. У ім пражыў больш за дзевяць гадоў.

Новых гаспадароў для сабак Уладзімера Аляксеевіча амаль месяц шукаюць праз расклееныя на вуліцах абвесткі ягоныя суседзі па Доме вэтэранаў.

 

Уладзімер Вусікаў

Хто такі Ўладзімер Вусікаў

  • У 1989 годзе далучыўся да Беларускага Народнага Фронту. На ягонай кватэры друкавалі фронтаўскія ўлёткі. Разам з паплечнікамі заснаваў каапэратыў «Прэса», які распаўсюджваў апазыцыйныя выданьні. Быў даўнім слухачом Радыё Свабода. Продажам пэрыёдыкі зарабляў на жыцьцё, пакуль не абвастрыліся хваробы.
  • У 1987 годзе яму імплянтавалі штучны мітральны кляпан сэрца. У 2000-м парушэньне кровазвароту прывяло да ампутацыі спачатку адной нагі, а праз два гады — другой. Хварэў на цукровы дыябэт. Да інваліднасьці дваццаць два гады адрабіў электрамантажнікам.
  • З чаргі на сацыяльнае жытло яго зьнялі, бо меў пэнсію аж 370 тысяч рублёў, якая перавышала тагачасны пражытковы мінімум — 224 тысячы.
  • Раней жыў на восьмым паверсе ў двухпакаёвай кватэры з двума дарослымі сынамі, унукам і жонкай, зь якой быў у разводзе. Пад’езд дома ня быў прыстасаваны для інваліда-вазочніка. Каб выйсьці на двор, сам змайстраваў адкідны драўляны пандус.
  • У 2017-м пагрозай галадоўкі дамогся замены выдзеленага бракаванага інваліднага вазка.
Пікет Уладзімера Вусікава ля Магілёўскага гарвыканкаму
Пікет Уладзімера Вусікава ля Магілёўскага гарвыканкаму

 

Заўзятая любоў да жывёлаў…

У Дом вэтэранаў Уладзімер Вусікаў засяліўся з сабакам. Былая жонка нябожчыка Валянціна Мікалаеўна кажа: той заўзята любіў жывёлаў. За 16 гадоў сумеснага жыцьця ў іхным доме не пераводзіліся каты і сабакі. Фатаздымак ягонай улюбёнкі — рызэншнаўцэра Джэры — захоўваў да сьмерці ў сваім партманэце.

«Нехта носіць пры сабе фатаздымкі дзяцей, унукаў ці каханых жанчын, а ён сваёй Джэры, якая памерла дзевяць гадоў таму, — кажа Валянціна Мікалаеўна. — На вешалцы захоўваў яе павадок і наморднік. Такая да яе была любоў».

Апошнія два сабакі, для якіх шукаюць цяпер прытулку, Уладзімер Аляксеевіч падабраў на вуліцы. Дварняка Кляксу яму аддалі на аўтастаянцы, а карлікавага пінчэра Кліпа выкінулі, і ён забраў яго да сябе. Сабакі маюць рэгістрацыйныя пасьведчаньні.

Сабакі Ўладзімера Вусікава: Кліп (на пярэднім пляне), Клякса (на далёкім пляне)
Сабакі Ўладзімера Вусікава: Кліп (на пярэднім пляне), Клякса (на далёкім пляне)

Кліпа гатовая забраць сабе Валянціна Мікалаеўна, а што рабіць з Кляксай, яна ня ведае. У двухпакаёвай кватэры жанчыны, акрамя двух дарослых сыноў, жывуць яшчэ дзьве кошкі. На двор яны не выходзяць.

 Што будзе з Кляксай…

Суседзі Ўладзімера Аляксеевіча ў абвестках адзначылі: Клякса «разумная, адданая, прывучаная для жыцьця ў кватэры, любіць дзяцей і стане добрым сябрам для адзінокага чалавека».

Уладзімер Аляксеевіч ня быў адзінокім чалавекам, кажа ягоная суседка па Доме вэтэранаў Тацяна. Да яго прыходзілі ўнукі, сыны і былая жонка, аднак, заўважае яна, сабакі мелі для яго асаблівае значэньне. Ён успрымаў іх як сваіх кампаньёнаў ды лічыў стымулам для жыцьця. Яны прымушалі яго варушыцца.

Абвестка суседзяў Уладзімера Вусікава пра пошук прытулку для Кляксы
Абвестка суседзяў Уладзімера Вусікава пра пошук прытулку для Кляксы

«Ён клапаціўся пра іх так, што наўрад ці яны былі пакрыўджаныя на яго»,— адзначае Тацяна.

Яна пасябравала з Уладзімерам Аляксеевічам, бо таксама мела сабаку. Ён падказваў ёй, як лепей абыходзіцца з гадаванцам. Даваў адпаведную літаратуру. Кансультаваў у пытаньні сужыцьця з жывёламі і іншых суседзяў.

Апошнія свае дні ён хварэў. Жывёлаў глядзеў сын, які 1 лістапада і знайшоў бацьку нежывым.

Паводле Радыё Свабода

Снежань 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліс    
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.