Партыя БНФ » У Слуцку прайшла акцыя да 98-й гадавіны Слуцкага паўстаньня
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


У Слуцку прайшла акцыя да 98-й гадавіны Слуцкага паўстаньня

Дададзена 24.11.2018 11:15:52 | 268 праглядаў

24 лістапада ў Слуцку адбылася традыцыйная акцыя, прысьвечаная 98-й гадавіне Слуцкага паўстаньня. Арганізатрамі дэманстрацыі і мітынгу з нагоды гадавіны Слуцкага Збройнага Чыну выступілі Партыя БНФ, а таксама прадстаўнікі рухаў “За Свабоду” і “Разам”.

Удзельнікі дэманстрацыі пад нацыянальнымі бел-чырвона-белымі сьцягамі калёнай прайшлі ў Слуцкі парк культуры і адпачынку, дзе адбыўся дазволены мітынг. Нагадаем, што ўлады забаранілі шэсьце па адной з цэнтральных вулцаў горада, дазволіўшы збор толькі каля гарадзкога стадыёна (а потым праз гэта давялося нават пераносіць у Бабруйск матч слуцкай футбольнай каманды, які мусіў адыбцца сёньня на стадыёне ў Слуцку).

На акцыі прысутнічалі лідэры Партыі БНФ Рыгор Кастусёў і Аляксей Янукевіч, старшыня Мінскай гарадзкой арганізацыі БНФ Зьміцер Касьпяровіч, лідэр слуцкай суполкі БНФ Віталь Амяльковіч, старшыня грамадзкага аб’яднньня «Рух «За свабоду» Юрась Губарэвіч, сустаршыня руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык, вядомая актывістка Ніна Багінская, прадстаўнікі Моладзі БНФ, патрыёты са Слуцку, Менску, Ліды ды іншых гарадоў. Напярэдадні дэлегацыя з Менску зладзіла вандроўку па мясьцінах Случчыны, зьвяаных з баявымі дзеяньнямі паўстанцаў у 1920 годзе.

У парку адбыўся мітынг. Ідэя абароны незалежнасьці сёньняшняй Беларусі стала галоўным матывам ў прамовах на мітынгу ў Слуцку – паведамляе Радыё Свабода.

Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў заклікаў ушаноўваць памяць герояў Случчыны, якія аддалі жыцьці за вольную Беларусь, бо ад гэтай памяць залежыць, ці захавае краіна незалежнасьць .

«Можа цяпер Беларусь яшчэ ня тая вольная краіна, пра якую марылі слуцкія героі, але яна такой будзе», — перакананы Рыгор Кастусёў.

Паводле старшыні Руху «За свабоду» Юрася Губарэвіча, незалежнасьці краіны як, і ў часы Слуцкага збройнага чыну, пагражае «імпэрыя на ўсходзе» і бараніць Беларусь ў цяжкі момант давядзецца простым людзям, а на цяперашніх чыноўнікаў, вайскоўцаў і міліцыянтаў асаблівай надзеі няма.

«Прыклад Украіны паказвае, што яны могуць здрадзіць ў любы момант»,— сказаў Губарэвіч.

Прадстаўнік руху салідарнасьці «Разам» Вячаслаў Сіўчык таксама не спадзяецца на тое, што за Беларусь будуць змагацца тыя, хто сёньня кіруе краінай:«Бо яны ня любыць Беларусь і беларусаў». Паводле выступоўцы, самаахвярнасьць удзельнікаў Слуцкага збройнага чыну выявілася ня толькі ў барацьбе з бальшавіцкім Чырвоным войскам, але і ў польскіх лягерах для інтэрнаваных, куды патрапілі пасьля баёў на Случчыне адступіўшыя змагары за беларускую незалежнасьць.

«Без гераічных дзеяньняў ня можы быць будучыні. Слава героям Случчыны!», — зьвярнуўся да мітынгоўцаў Вячаслаў Сіўчык.

У памяць пра загінулых слуцкіх ваяроў прачыталі малітву сьвятары Аўтакефальнай беларускай праваслаўнай царквы.

Па ацэнцы намесьніка старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча, у акцыі ўзялі ўдзела каля 80 чалавек.

Традыцыйна перад удзельнікамі мерапрыемства урачыста пад бел-чырвона-белым сьцягам прынялі прысягу новыя сябры Маладога Фронту. Пасьля мітынгу ўсе ськіраваліся да мясцовага Дома культуры, дзе мусіў адбыцца канцэрт, у якім сярод іншых бярэ удзел вядомы рок-сьпявак Лявон Вольскі – паведамляе Радыё Рацыя.

2slucsk42-1

3slucsk42-2

 

2slucsk42-3

3slucsk42-6

2slucsk42-7

2slucsk42-9

2slucsk42-10

2slucsk42-11

2slucsk42-12

slucsk42-14

Фатаздымкі інтэрнэт-газэты “Салідарнасьць“, відэа Тацьцяны Гусевай

Што такое Слуцкі збройны чын?

Увосень 1920 года, калі Расея і Польшча падпісалі замірэнне, вызначаная дэмаркацыйная лінія Кіевічы-Лань і нейтральная зона паўз яе прайшлі праз Случчыну. Варта адзначыць, што Случчына была адной з найбагацейшых і найбольш нацыянальна сведамай беларускай правінцыяй. Тут традыцыйна існаваў моцны асяродак нацыянальна-вызвольнага руху.

Гэты час міжуладдзя, калі палякі адступілі, а расейцы яшчэ не прыйшлі, беларускія дзеячы ў Слуцку выкарысталі для арганізацыі змагання за самастойную Беларусь, за ўсталяванне ўлады Беларускае Народнае Рэспублікі, абвешчанай у сакавіку 1918 года.

14 лістапада 1920 года быў скліканы з’езд Случчыны, які праходзіў у доме Э.Вайніловіча. З’езд выбраў часовы ўрад – Раду Случчыны на чале з Уладзімірам Пракулевічам і пастанавіў распачаць збройнае змаганне супраць чужынцаў. Рада пачала стварэнне вайсковых фармаванняў, была аб’яўленая мабілізацыя, якая прайшла вельмі актыўна сярод насельніцтва Слуцкага павета – Цімкавічаў, Капыля, Семежава, Грозава і іх ваколіцаў. У кароткім часе сабралася блізу 10 000 чалавек. Беларускія жанчыны з Горадні прыслалі для случакоў сцяг з прыгожа вышытаю «Пагоняю» і надпісам: «Тым, што пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына».

Былі сфармаваныя два палкі: 1-шы Слуцкі полк на чале з падпалкоўнікам Ахрэмам Гаўрыловічам і 2-гі Грозаўскі полк пад камандаю капітана Семянюка, аб’яднаныя ў Слуцкую брыгаду, якую ўзначальваў Антон Сокал-Кутылоўскі. У сувязі з наступам Чырвонай арміі штаб паўстання быў перанесены са Слуцка ў Семежава.

27 лістапада пачаліся баі. Асабліва адчувальныя для бальшавікоў былі ўдары па лініі Капыль-Цімкавічы-Вызна (цяпер Красная Слабада). Супраць случакоў была кінутая Омская дывізія. Яны мужна змагаліся, іх шырока падтрымлівала мясцовае насельніцтва, але сілы былі няроўныя. Пасля больш як месяца ўпартых баёў нашы ваяры змушаныя былі адысці за раку Лань, дзе былі раззброеныя палякамі і змешчаныя ў спецыяльны лагер для інтэрнаваных асобаў.

Сярод найбольш актыўных удзельнікаў змагання былі Павел Жаўрыд, Юрка Лістапад, Макар Краўцоў (аўтар ваяцкага марша «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», які стаў гімнам БНР) Васіль Русак, Аляксей Кабычкін, Юльян Сасноўскі, Янка Біруковіч. Многія са змагароў вярнуліся пазней на радзіму, паверыўшы ў магчымасць адбудовы Беларускага гаспадарства пад бальшавікамі, але былі знішчаныя ў часе рэпрэсій.

Падзеі 1920 года ўвайшлі ў гісторыю пад назовам Слуцкі збройны чын, або Слуцкі збройны ўздым (часам гэта называюць паўстаннем, але такі назоў не зусім адпавядае сутнасці падзеяў). Яны з’яўляюцца яскравым сведчаннем нязгаснага імкнення беларускага народа да незалежнасці, яго рашучасці ў змаганні за волю.

Крыніца:
Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. Менск, 1999. 1-е выданьне: 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. Менск, Звязда, 1993

Снежань 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліс    
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.