Партыя БНФ » Кастусёў: “Альтэрнатывай аўтарытарызму ёсьць нацыянальная дзяржава”
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Кастусёў: “Альтэрнатывай аўтарытарызму ёсьць нацыянальная дзяржава”

Дададзена 24.11.2018 3:32:04 | 259 праглядаў

24 лістапада Аляксандр Лукашэнка пры прызначэньні новым старшынём гарвыканкаму Менску Анатоля Сівака зрабіў шэраг заяваў, у тым ліку датычна маючай адбыцца выбарчай кампаніі.

Сярод іншага, Лукашэнка заявіў: «Мы павінныя падысьці да выбараў так, каб у розумах людзей нават не было альтэрнатывы», — цытуе Лукашэнку БелТА.  Пры гэтым ён дадаў, што «яны (народ Беларусі. — БЕЛТА) пры ўсіх недахопах ўлады павінны разумець і ацаніць ўладу станоўча».

Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў у камэнтары прэс-службе Партыі БНФ наступным чынам пракамэнтаваў гэтыя выказваньні Аляксандра Лукашэнкі:

kastusiou- Гэтая заява канешне скандальная і паказальная. Зразумела, падчас выбарчай кампаніі мы будзем зьвяртаць увагу міжнародных назіральнікаў на тое, што Лукашэнка раздае органам мясцовай улады ўказаньні датычна вядзеньня агітацыі на карысьць яго пераабраньня. Падобныя заявы будуць яскравым сьведчаньнем таго, што сыстэма мясцовых саветаў і выканкамаў насамрэч ня ёсьць рэальным мясцовым самакіраваньнем, якое залежыць ад волі людзей, а ёсьць тым, што назваецца “вертыкальлю”, гэта значыць – інструмэнтам у руках адзінаасобнага кіраўніка, вінцікам у машыне аўтарытарызму. Нам, беларусам, гэтая іх роля натуральна вядомая  – мясцовае самакіраваньне было зьнішчана Лукашэнкам ледзь не ў першую чаргу пасьля прыходу да ўлады. Але падобнымі заявамі кіраўнік дзяржавы нагадвае і зьнешнім назіральнікам, якім чынам і пры дапамозе якіх людзей арганізуюцца выбары ў Беларусі. Натуральна, мы прыгадаем падобнага кшталту заявы ў той час, калі менгарвыканкам будзе фармаваць выбарчыя камісіі, са звыклай амаль нулявой прысутнасьцю апазыцыі.

Але апроч таго, у гэтых заявах ёсьць і выразны ідэалагічны аспэкт. Лукашэнка кажа што кандыдатаў на выбарах можа быць шмат, можа быць альтэрнатыва ў бюлетэнях – але альтэрнатывы не павінна быць у розумах людзей. Гэта прынцыпова важна: для цяперашняй улады (дакладней, для людзей якія звыкліся што “улада – гэта мы”) неістотна, што на выбарах будуць спрачацца кандыдаты на любы густ (мужчыны і жанчыны, бізнэсоўцы і казакі, лысыя і брунэты). Але для іх істотна, каб людзі, абмяркоўваючы зьнешні выгляд і пэрсаналіі кандыдатаў, не задумваліся над тым, што ёсьць сапраўдным палітычным выбарам. І я кажу зараз не пра нейкія праграмныя дэталі, якія звыклыя для выбараў у здаўна дэмакратычных краінах – я кажу пра каштоўнасны выбар.

Партыя БНФ увасабляе тую самую альтэрнатыву, супраць якой Лукашэнка дае інструкцыі новаму старшыні менгарвыканкама. БНФ – за прававую дзяржаву, за дзяржаву дэмакратычную, дзе улада адказная перад людзьмі, дзе ўлада зьмяняецца на аснове адкрытай выбарчай какурэнцыі. У такой сыстэме барацьба з карупцыяй не пераўтвараецца ў цыркавую кампанію, калі праз два гады карупцыянеры прызначаюцца на новыя пасады. У такой сыстэме не народ баіцца ўлады, а ўлада баіцца народа – бо антынародная палітыка будзе немагчымая і будзе пакараная. Гэтая сыстэма ўлады служыць беларускаму народу, а не набліжаным да ўлады групоўкам ці асобам. Гэтая сыстэма ўлады называецца нацыянальнай дзяржавай, дзе ўсё робіцца на карысьць беларусаў. Гэта не проста праграмная, а сыстэмная, каштоўнасная альтэрнатыва аўтарытарызму.

Альтэрнатыва цяперашняму неправавому, аўтарытарнаму рэжыму ў Беларусі – гэта беларуская нацыянальная дзяржава, дэмакратычная, прававая дзяржава, дзе ва ўмовах вольнай канкурэнцыі палітычных ідэалёгіяў вызначаецца палітычны курс.

Менавіта ў нацыянальнай беларускай дзяржаве беларусы могуць рэалізаваць сабе як нацыя згодна са сваімі нацыянальнымі інтарэсамі. Менавіта гэта ёсьць альтэрнатывай цяперашняму аўтарытарызму – і менавіта гэта ўвасабляе Партыя БНФ у сваёй палітычнай праграме.

Менавіта дзеля гэтага Партыя БНФ вылучае кандыдатаў у часе выбарчых кампаніяў – каб людзі задумаліся над тым, што мусіць быць альтэрнатывай цяперашняй аўтарытарная сыстэме.

 

Снежань 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліс    
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31  
© 2011 - 2018 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.